-- У цябе, здаецца, тонкi нюх, хлопча, -- сказаў ён пасля таго, як Грануй перастаў крактаць. Ён вярнуўся назад у майстэрню, каб асцярожна паставiць свечнiк на стол.
-- У мяне найлепшы нюх у Парыжы, мэтр Бальдзiнi,-- зашапялявiў Грануй.-- Я ведаю ўсе пахi на свеце, усе, якiя ёсць у Парыжы, толькi не ведаю некаторых назваў, але я магу iх вывучыць, усе назвы, iх няшмат, усяго некалькi тысяч, я iх усе вывучыў, я нiколi не забуду назвы гэтага бальзаму, стыракс, бальзам называецца стыракс, стыракс...
-- Сцiхнi! -- зкрычаў Бальдзiнi.-- Не перабiвай, калi я гавару! Ты дзёрзкi i самаўпэўнены. Нiводзiн чалавек не ведае тысячы назваў, а ўсяго некалькi сотняў, бо ў нашым рамястве iх не болей, чым некалькi сотняў, усё астатняе не пах, а смурод!
Грануй, якi ў хвiлiны выбуху свайго красамоўства амаль выпрастаўся фiзiчна i нават у нейкi момант узбуджана замахаў рукамi, выпiсваючы ў паветiры колы, каб паказаць, як ён ведае "ўсё, усё", пачуўшы адказ Бальдзiнi, адразу панiк, зноў абярнуўся ў маленькую чорную жабку i нерухома застыў на парозе, хаваючы нецярплiвасць.
-- Я, -- сказаў Бальдзiнi,-- зразумела, даўно сцямiў, што "Амур i Псiхея" складаюцца са стыракса, ружавага алею i гваздзiкоў, атаксама бергамоту i размарынавага экстракту et cetera. Каб устанавiць гэта, трэба, як той казаў, мець тонкi нюх, i вельмi можа нават быць, што Бог даў табе такi нюх, як i многiм, многiм iншым людзям -- асаблiва ў тваiм узросце. Але ж парфумнiку,-- i тут ён падняў угору палец i набычыў грудзi,-- але ж парфумнiку мала мець тонкi нюх. Яму патрэбен вывераны за многiя дзесяткi гадоў, непадкупна дзейсны орган нюху, якi разгадвае нават самыя заблытаныя пахi -- iх складнiкi i прапорцыi, а таксама ўмее кампанаваць новыя, модныя сумесi пахаў. Такi нос -- i ён пастукаў пальцам па сваiм -- за так нiкому не даецца, малады чалавек! Такi нос -- узнагарода за руплiвасць i настойлiвасць. Няўжо ты мог бы проста так, з лёту, назваць дакладную формулу "Амура i Псiхеi"? Ну, мог бы?
Грануй не адказваў.
-- Можа, ты скажаш мне яе хоць прыблiзна эскiзна, у агульных рысах?-- сказаў Бальдзiнi i крыху нахiлiўся наперад, каб лепей разгледзець затоенае ў дзвярах жабяня.-- Хоць бы прыкладна, збольшага? Ну? А яшчэ найлепшы нос у Парыжы!
Але Грануй маўчаў.
-- Вось бачыш,-- сказаў Бальдзiнi задаволена i расчаравана.-- Ты не ведаеш. Ясна, не ведаеш. Адкуль табе ведаць. Ты з тых, хто за мiскай вызначае, што ў супе-- пятрушка цi маркоўнiк. Ну што ж -- гэта ўжо сёе-тое. Але да кухара табе яшчэ далёка. У кожным мастацтве, а таксама ў кожным рамястве -- укруцi гэта сабе ў мазгi, перш чым пойдзеш дахаты, -- талент амаль нiчога не значыць, галоўнае -- вопыт, набыты сцiпласцю i рупнасцю.
Ён ужо працягнуў руку, каб узяць са стала свечнiк, калi ад дзвярэй засыкаў глухi глас Грануя:
--Я не ведаю, што такое формула, мэтр, гэтага я не ведаю, а так -- ведаю ўсё.
-- Формула -- гэта альфа i амега ўсякай парфумы,-- строга адказаў Бальдзiнi, бо ўжо збiраўся закончыць размову.-- Яна ёсць карпатлiва зробленае прадпiсанне, у якiх суадносiнах трэба змешваць асобныя iнгрэдыенты, каб узнiк пажаданы адзiны i непаўторны водар; вось што такое формула. Яна ёсць рэцэпт -- калi ты лепей разумееш гэтае слова.
-- Формула, формула,-- хрыпла прамовiў Грануй, i яго постаць у раме дзвярэй азначылася больш выразна.-- Не трэба мне нiякай формулы. Рэцэпт у мяне ў носе. Змяшаць iх вам, мэтр, змяшаць? Змяшаць?
-- Як гэта?-- ускрыкнуў Бальдзiнi гучней, чым яму след было, i паднёс свечку да твару гнома.-- Як гэта -- змяшаць?
Грануй упершыню не адхiнуўся.
-- Дык жа яны ўсе тут, гэтыя пахi, якiя патрэбны, яны ўсе тут у гэтым пакоi,-- сказаў ён i зноў тыцнуў пальцам у цемру.-- Ружавы алей вунь там! А там апельсiнавы цвет! А там гваздзiкi! А там размарын!...
-- Ясна, яны там,-- ускiпеў Бальдзiнi.-- Усе яны там! Але ж кажу табе, дурная твая конаўка, ад iх нiякага толку, калi не ведаеш формулы!
-- Вунь там язмен! Вунь там вiнны спiрт! Вунь там стыракс!-- хрыпла пералiчваў Грануй, паказваючы тое цi iншае месца ў памяшканнi, дзе было так цёмна, што ледзь можна было разгледзець палiцы з бутлямi.
-- Ты, здаецца, можаш бачыць поначы, га?-- сказаў Бальдзiнi.-- У цябе не толькi тонкi нюх, але i самы востры зрок у Парыжы, праўда? Калi ў цябе такi ж самы i слых, дык растапыр шырэй свае вушы, i я табе скажу: ты маленькi хлус. Напэўна тое-сёе свiснуў у Пелiсье, падгледзеў штосьцi, га? I думаеш, можаш укручваць мне глузды?
Грануй стаяў цяпер у дзвярах ужо выпрастаны, так сказаць, на поўны рост, крыху расставiўшы ногi i растапырыўшы рукi, так што нагадваў чорнага павука, якi чапляецца за парог i раму.
Дайце мне дзесяць хвiлiн,-- даволi сур"ёзна сказаў ён,-- i я вам зраблю "Амура i Псiхею". Проста тут i зараз, у гэтым пакоi.
Читать дальше