-- Думаеш, я я дазволю табе гаспадарыць у маёй майстэрнi? Хапацца за эсэнцыi, цана якiм -- цэлае багацце?
-- Але, -- сказаў Грануй.
-- Бач ты яго! -- Бальдзiнi ледзь не задыхнуўся ад нечаканасцi. Потым набраў у грудзi паветра, перавёў дух i доўга-доўга задуменна глядзеў на гэтага кепа. Зрэшты, цi не ўсё адно, думаў ён, бо ж заўтра i так будзе пастаўлена кропка. Я, вядома, знаю, што ён не зробiць таго, на што замахнуўся, i нават не можа гэтага магчы, гэтага не змог бы сам вялiкi Франжыпанi. Але чаму ж бо мне на свае вочы не пераканацца ў тым, у чым я i так перакананы? А раптам аднаго разу ў Месiне мне заверне ў галаву (у старых часам бываюць заскокi i самыя вар"яцкiя iдэi), што я не распазнаў генiя, вундэркiнда, iстоты, шчодра адоранай ласкай Божай... Гэта выключана. Паводле ўсяго, што мне падказвае розум, гэта выключана... Але ж бываюць цуды? Бываюць. I вось, калi я буду памiраць у Месiне, на смяротным ложку мяне наведае думка: таго вечара ў Парыжы табе быў яўлены цуд, а ты сам затулiў сабе вочы!.. Гэта было б не вельмi прыемна, Бальдзiнi! Хай ужо гэты прыдурак вылье на стол некалькi кропляў ружавага алею i мускуснай настойкi, ты б iх таксама разлiў, калi б цябе яшчэ сапраўды цiкавiлi духi ад Пелiсье. I што там тых некалькiх кропляў -- так, дарагiх, вельмi, вельмi дарагiх --у параўнаннi з надзейнасцю ведаў i спакойнай старасцю?
-- Паслухай! -- сказаў ён сумысля строга.-- Паслухай! Я... дарэчы, як цябе завуць?
-- Грануй, -- сказаў Грануй.-- Жан-Батыст Грануй.
-- Ага,-- сказаў Бальдзiнi.-- Дык вось паслухай, Жан-Батыст Грануй! Я перадумаў. Ты мецьмеш магчымасць цяпер жа вось тут, даказаць тое, што сказаў. I разам з гэтым табе даецца нагода сваiм скандальным правалам прыхапiць крыху сцiпласцi, якая, дабрадзея твая ў тваiм маладым узросце -- i гэта можна дараваць-- яшчэ наўрад цi развiлася, i яна ёсць абавязковая перадумова твайго далейшага поступу як члена цэху, як чалавека i як добрага хрысцiянiна. Я гатовы за свой кошт даць табе гэты ўрок, бо з пэўнай прычыны схiляюся сёння да шчодрасцi, i, хто ведае, можа, калi-небудзь успамiн пра гэтую сцэну распацешыць мяне да слёз. Але не думай сабе, што табе ўдасца мяне ашукаць! У Джузэпэ Бальдзiнi нос стары, затое нюх востры, дастаткова востры, каб адразу ўлавiць самую малую рознiцу памiж тваёй мiкстурай i вось гэтым прадуктам! --I ён дастаў з кiшэнi прамочаную "Амурам i Псiхеяй" хустачку i памахаў ёю перад носам у Грануя.-- Падыдзi ж сюды, ты, самы лепшы нос Парыжа! Падыдзi да стала, пакажы, на што ты здатны! Утры мне носа! Але глядзi мне, нiчога тут не разбi i не абярнi. I нiчога не руш! Спачатку я запалю болей святла. Мы зладзiм iлюмiнацыю ў гонар гэтага маленькага эксперыменту, добра?
I з гэтымi словамi ён узяў дзве свяцiльнi з краю вялiкага дубовага стала i запалiў iх. Ён паставiў усе тры свечкi побач адну з адной на заднiм доўгiм баку, адсунуў скуры i вызвалiў сярэдзiну стала. Потым спакойнымi, але ўвiшнымi рухамi зняў з маленькай этажэркi i прынёс патрэбнае на дослед начынне: вялiкую пузатую бутлю з-пад малака, шкляную лейку, пiпетку, маленькую i вялiкую мензуркi -- i па ўзорным парадку расставiў усё гэта на дубовай стальнiцы.
Грануй тым часам адарваўся ад дзвярэй. За час напышлiвай прамовы Бальдзiнi з яго сышла ўся здранцвеласць, насцярожанасць, прыгнечанасць. Ён чуў толькi згоду, толькi "так" з унутраным трыумфам дзiцяцi, якое настырнай упартасцю дабiлася нейкай саступкi i якому пляваць на ўсякiя абмяжоўкi, умовы i маральныя засцярогi. Яго поза пасвабаднелася, упершыню ён быў падобны на чалавека больш, чым на жывёлу. Ён прапусцiў мiма вушэй канец казанi Бальдзiнi, ведаючы, што перасiлiў яго, што той ужо не не дасць з iм сабе рады.
Пакуль Бальдзiнi корпаўся каля стала са свечкамi, Грануй шмыгнуў у бакавую цемру майстэрнi, дзе стаялi стэлажы з каштоўнымi эсэнцыямi, алеямi i тынктурамi, i, следуючы за ўпэўненым чуццём свайго носа, борздзенька падхапiў з палiц патрэбныя яму флаконы. Лiкам iх было дзевяць: эсэнцыя апельсiнавага цвету, але i лiмонны, гваздзiковы i ружавы, экстракт язмену, бергамоту i размарыну i бальзам стыраксу, якi ён момантам хапнуў з верхняй палiцы i паставiў на край стала. Напаследак ён прытарабанiў балон высокапрацэнтовага вiннага спiрту. Потам стаў за плячыма ў Бальдзiнi (той усё яшчэ педантычна расстаўляў свой посуд --крыху ссоўваў адну шклянку, крыху падсоўваў другую, каб усё мела свой добры, здавён заведзены парадак i эфектна ззяла ў святле свечак) i пачаў чакаць, нецярплiва дрыжучы, пакуль стары адыдзе i дасць яму месца.
-- Так! -- сказаў нарэшце Бальдзiнi, адступаючыся ўбок.-- Тут расстаўлена ўсё, што трэба на твой... назавём яго з ласкi "эксперыментам". Нiчога мне тут не пабi, нiчога не разлi! Памятай: гэтыя вадкасцi, якiмi табе зараз будзе дазволена карыстацца аж пяць хвiлiн, маюць такую каштоўнасць i яны такiя рэдкасныя, што ты больш нiколi ў жыццi не атрымаеш iх у такой канцэнтраванай форме.
Читать дальше