Але ж ты, сеньёр Бальдзiнi, не дасiся ў змусту, а такi не дасiся. Цябе толькi ў першую хвiлю збiла з тропу манлiвае ўражанне. Але ж цi падумаў ты, што станецца з тым пахам прах гадзiну, калi лятучыя субстанцыi вычыхаюцца, выперхаюцца i праступiць сэрца з абалонi? Або сёння ўвечары, калi будуць чуцца толькi тыя цяжкiя, цёмныя кампраненты, якiя цяпер як бы хаваюцца ў мораку пад прыемным кветкавым вэлюмам? Пачакай, не бi ў хамут, Бальдзiнi, не мiтусiся!
Другое правiла запавядае: парфума жыве ў часе; у парфумы ёсць свая маладосць, свая сталасць i свая старасць. I толькi калi яна ва ўсiх трох узростах крынiчыць аднолькава прыемна, яе можна лiчыць удалай. Бо ўжо ж колькi разоў так бывала, што прыгатаваная сумесь з першага понюху пахла цудоўнай свежасцю, а ў нядоўгiм часе -- гнiлою капустай i нарэшце, зусiм ужо агiдна -- чыстым цыбетынам, бо перабольшана яго доза. Наогул з цыбетынам трэба быць сабе на ўме! Адна лiшняя кропелька можа прывесцi да катастрофы. Вечная памылка. Хто ведае,--можа, Пелiсье перабраў цыбетыну? Можа, да вечара ад яго амбiцыйных Псiхеяў i Амураў застанецца толькi помазь кашэчай мачы? Пажывём -- пабачым.
А на пачатак панюхаем. Як вострая сякера коле цурбак на дробныя асклабкi i дразкi, так наш нос расколе ягоныя духi на складнiкi. I тады выйдзе на святло, што гэтая нiбыта чарадзейная духмянасць атрымана звычайным, добра вядомым спосабам. Мы, Бальдзiнi, патомныя парфумнiкi, мы заспеем на месцы злачынства гэтага воцатнiка Пелiсье. Мы сарвем маску з яго азызелай храпы i дакажам гэтаму наватару, на што здатнае старое сапраўднае рамсятво. Мы змарголiм яго модныя духi нанава, скапiруем iх нашымi рукамi з такой дасканалай дакладнасцю, што гэты працмыга i сам не пазнае, дзе сваё, дзе чужое. Не! Нам гэтага мала! Мы зробiм iх яшчэ лепш! Мы выявiм ягоныя хiбы i заганы, падправiм iх i такiм чынам дастанем хвiгай да носа i дамо ганьбы! Ты-- тандэтнiк, Пелiсье! Смярдзючы тхор! У парфумстве ты прышч на белым целе, i больш нiчога!
Цяпер закачай рукавы, Бальдзiнi! Прасморкайся i нюхай, нюхай без нiякiх сантыментаў! Трэба расшчапiць гэты пах па ўсiх правiлах мастацтва! Сёння падвечар ты павiнен мець формулу!
I ён кiнуўся назад да стала, дастаў паперу, чарнiла i свежую хустачку, расклаў усё гэта ў сябе пад рукамi i прыступiў да аналiтычнай працы. Яна была ў тым, што ён борздзкнька падносiў да носа змочаную духамi хустачку i спрабаваў з лятучага духмянага воблака выхапiць нюхам той цi iншы скдаднiк, стараючыся пры гэтым па магчымасцi ўхiлiцца ад цэласнага ўспрымання, каб потым, трымаючы хустачку далей ад сябе ў выцягнутай руцэ, хуценька запiсаць назву выяўленага iнгрэдыента, пасля чаго зноў правесцi хустачкай пад носам, падчапiць наступны фрагмент паху i так далей...
13
Ён працаваў без перапынку дзве гадзiны. I яго рухi рабiлiся ўсё больш лiхаманкавымi, рыпенне яго пяра па паперы ўсё больш энергiчнымi, дозы духоў, якiя ён вытрасаў з флакона на сваю хусцiнку i падносiў да носа,-- усё большыя.
Цяпер ён амаль не пазнаваў пахаў, ён даўно быў адурманены эфiрнымi субстанцыямi, якiя ўдыхаў, але ўжо не мог адрознiваць,-- а на пачтку сваiх спробаў ён лiчыў, што беспамылкова iх прааналiзаваў. Ён ведаў, што ўнюхвацца далей не мела сэнсу. Ён нiколi не даведаецца, з чаго складаюцца навамодныя духi, сёння ўжо напэўна нiхто нiчога не ўведае, ды i заўтра нiчога, нават калi яго нос з Божай дапамогай зноў будзе ў норме. Ён так i не навучыўся гэтаму вынюхванню. Яму заўсёды быў агiдны гэты занятак -- раскладанне паху. Расчляняць цэлае, больш-менш удала скампанаванае цэлае на яго простыя кампаненты? Гэта нецiкава. Годзе!
Але рука яго механiчна працягвала тысячакротна адрэпетыраваным далiкатным рухам змочваць духамi карункавую хустачку, страсаць яе i хуценька праносiць мiма твару, i кожнага разу ён механiчна уцягваў у сябе порцыю пранiзанага водарам паветра, каб, затрымаўшы дыханне па ўсiх правiлах мастацтва, зрабiць доўгi выдых. Нарэшце нос сам выбавiў яго ад гэтай пакуты: алергiчна распухлы ўсярэдзiне, ён як бы зкаркаваўся васковым коркам. Цяпер ён наогул нiчога болей не чуў i ледзь дыхаў. Нос быў закладзены як пры цяжкiм насмарку, а ў куточкi вачэй набеглi слёзы. Дзякуй Богу! Цяпер з чыстым сумленнем можна было спынiцца. Цяпер ён выканаў свой абавязак, зрабiў усё, што было яму па сiле, згодна з усiмi правiламi мастацтва i, як бывала ўжо няраз, пацярпеў паразу. Ultra posse nemo obligatur*. Заўтра ранiцай ён пашле да Пелiсье па вялiкi флакон "Амура i Псiхеi", надушыць яго змесцiвам бювар графа Верамона i выканае заказ. А потым возьме свой чамаданчык са старамоднымi памадамi, прыцiркамi, сашэ i навалачкамi мыла i пойдзе ў абход па салонах сваiх старавечных герцагiнь. I аднаго разу апошняя старая герцагiня памрэ, i такiм чынам ён застанецца без апошняй клiенткi. I сам ён тады стане старавечным дзедам, i яму давядзецца прадаць свой дом -- Пелiсье
Читать дальше