Пры такiх акалiчнасцях увогуле не дзiва, што званочак на дзвярах лаўкi Джузэпэ Бальдзiнi ўсё радзей вызвоньваў персiдскую мелодыю, а срэбныя чаплi ўсё радзей фантанавалi фiялкавай вадой.
10
-- Шанье! -- гукнуў Бальдзiнi з-за канторкi, дзе ён некалькi гадзiн прастаяў слупам, утапырыўшыся на зачыненыя дзверы.-- Надзявайце ваш парык! -- I памiж барылкай з алiўкавым алеем i павешанымi на гачкi баёнскiмi кумпякамi паявiўся Шанье, чаляднiк Бальдзiнi, таксама ўжо стары чалавек, хай i маладзейшы за гаспадара, i прайшоў наперад, у больш далiкатна абсталяванае памяшканне лаўкi. Ён дастаў з каптана свой парык i ўспёр яго на галаву.
-- Вы сыходзiце, мсье Бальдзiнi?
-- Не,-- сказаў Бальдзiнi,-- я адскочу на гадзiну-другую ў кабiнет i хачу, каб мяне абсалютна нiхто не турбаваў.
-- А, разумею! Вы творыце новую парфуму.
-- Бальдзiнi. Менавiта. На заказ графа Верамона. Ён хоча араматызаваць кавалак гiшпанскай скуры i патрабуе чагосьцi цалкам новага. Патрабуе чагосьцi накшталт... накшталт... здаецца, гэта называецца "Амур i Псiхея" -- тое, чаго ён патрабуе, а выраблена яно гэтым бяздарным ёлупам з вулiцы Сэнт-Андрэ-дэз-Ар... як гэта яго там..
Шанье. Пелiсье.
Бальдзiнi. Во. Пелiсье. Так яго завуць, гэтага ёлупа. "Амур i Псiхея" ад Пелiсье. Ведаеце гэтыя духi?
Шанье. Дзiва што. Цяпер iх чуеш ад кожнага. Iмi душыцца ўвесь свет. Але калi вас цiкавiць мая думка -- нiчога асаблiвага! Яны, вядома, не цягнуць на параўнанне з вашымi, мсье Бальдзiнi.
Бальдзiнi. Вядома, не цягнуць.
Шанье. У вышэйшай ступенi банальны пах у гэтага "Амура".
Бальдзiнi. Вульгарны?
Шанье. Вельмi вульгарны, як ва ўсiх духоў Пелiсье. Я думаю, яны на лiметыне.
Бальдзiнi. Ты так думаеш? А што там яшчэ?
Шанье. Памеранцавая эсэнцыя, здаецца. I, магчыма, настойка размарыну.
Бальдзiнi. Мне гэта ўсё адно.
Шанье. Вядома.
Бальдзiнi. Мне напляваць, што там накалацiў у свае духi гэты боўдзiла Пелiсье. Мне ён не ўказ!
Шанье. Ваша чыстая праўда, мсье.
Бальдзiнi. Як вам вядома, мне нiхо не ўказ! Як вам вядома, я сам распрацоўваю свае парфумы.
Шанье. Я ведаю, мсье.
Бальдзiнi. Я сам спараджаю свае iдэi!
Шанье. Ведаю.
Бальдзiнi. I думаю стварыць графу Верамону нешта такое, што наробiць фурору.
Шанье. Iнакш i быць не можа, мсье Бальдзiнi.
Бальдзiнi. Пакiдаю лаўку на вас, Шанье. Мне трэба папрацаваць. Не дазваляйце нiкому турбаваць мяне, Шанье.
I з гэтымi словамi стары, ужо зусiм не велiчны, а згорблены, як яно i павiнна быць у ягоным веку, i нават як бы прыгнечаны, пашкандыбаў i павольна падняўся па лесвiцы на другi паверх, дзе быў яго кабiнет.
Шанье заняў месца за канторкай, прыняў такую самую, гаспадаровую паставу, i застылым позiркам прыляпiўся да дзвярэй. Ён ведаў, што будзе ў блiжэйшыя гадзiны, а менавiта: у лаўцы -- роўна нiчога, а наверсе, у кабiнеце Бальдзiнi, як заўсёды поўная катастрофа. Бальдзiнi здыме свой блакiтны каптан, прапахлы вадой Франжыпанi, сядзе за пiсьмовы стол i будзе чакаць азарэння згары. Азарэння не будзе, натхненне не прыйдзе. Потым ён кiнецца да шафы з флаконамi пробаў i пачне змешваць наўгад. Сумесь не атрымаецца. Ён выбухне праклёнамi, адчынiць акно i шпурне пробу ў раку. Потым паспрабуе змяшаць нешта iншае, i ў яго зноў нiчога не атрымаецца, тады ён пачне крычаць i бушаваць i, адурэўшы ад пахаў, якiя запоўняць кабiнет, кiнецца ў слёзы. Гадзiны каля сёмай вечара ён спусцiцца ўнiз, гаротны, нiкчэмны, зарумзаны, i скажа: "Шанье, я страцiў нюх, я не магу стварыць гэтых пахошчаў, не магу нарадзiць гэтых духоў, не магу зрабiць бювар графу, я загiнуў, усярэдзiне ў мяне ўсё памерла, я хачу памерцi, калi ласка, Шанье, дапамажыце мне памерцi!" I Шанье параiць паслаць да Пелiсье па флакон "Амура i Псiхеi", i Бальдзiнi згодзiцца на ўмове, што анiводная душа не дазнаецца пра гэтую ганьбу, Шанье пабожыцца, што анiводная, i ўначы яны таемна насыцяць бювар графа Верамона чужой парфумай. Усё будзе аурат гэтак, а не iнакш, i Шанье хацеў толькi аднаго -- каб камедыя хутчэй закончылася. Бальдзiнi больш не быў вялiкi парфумнiк. Так, раней, у маладосцi, трыццаць, сорак гадоў назад ён склаў "Паўднёвую ружу" i "Галантны букет Бальдзiнi"-- два сапраўды вялiкiя водары, якiмі ён заўдзячвае сваёй маладосці. Але цяпер ён стары, i паношаны, i адстаў ад моды i ад новых густаў людзей, i нават калi яму наогул яшчэ ўдавалася скялемзаць якi-небудзь пах, дык атрымлiвалася дапатопная нехадавая дрэнь, якую яны праз год у дзесяць разоў разрэджвалi i сплаўлялi ў рознiцу як дамешку ў ваду фантанаў. Шкада яго, падумаў Шанье i зiрнуў у люстэрка спраўдзiцца, цi не з'ехаў набакiр яго парык, шкада старога Бальдзiнi; шкада яго цудоўнай лаўкi, бо ён збанкрутуе; i сябе шкада, бо пакуль той збанкрутуе, я паспею пастарэць i не змагу яе выкупiць...
Читать дальше