Другi, што з'явiўся тут разам з iм, быў немалады. Гэты нават быў не так сярэднiх, як пад старасць блiзкiх год. Выглядам сваiм ён быў такi ж як i ўсе тыя, што былi тут. I гэты быў нечым уражаны i кiнуты ў нязвыклы стан. Але калi ўсе тыя мелi на сабе, у каго слабей, а ў каго мацней, пячаць iмкнення i прагi, то ў гэтага толькi адна рыса панавала над усiм. Гэта - абыякавасць. Холадам павявала ад яго вачэй i нерухомых губ i сабранага ў нерухомыя маршчыны лба. Але холад не пераходзiў у абсалютны спакой i нават не межаваўся з iм. Абыякавасць, нерухомасць, зморанасць, расчараванне. Аднак жа i ў яго тлела нейкае адчуванне, нейкая пакута. Можа гэта голад, можа холад, можа боль якi цi прыдушаны смутак. I паняверка. Без усялякай веры быў чалавек. I гэтае бязвер'е i было яго тым жарам, што дзесьцi яшчэ тлеў у яго душы. Пакута ад таго, што няма веры. Можа яму яшчэ i суджана было стаць на шлях да пошукаў веры. Калi так, то холад яго твару мог быць толькi з'явай гэтай гадзiны цi гэтых дзён i нiяк не вызначаў яго натуры. Ён раптам глянуў на таго таўсматага i невысокага ростам, што быў у кажуху да кален, i момантны бляск, не тое што радасцi, а як бы ажыўлення, перасмыкнуў яго твар. Але толькi на момант. Так ужо ўкаранiлася ў iм безнадзейнасць, што адразу зноў абыякавая ўнуранасць заўладала iм. А хто ведае, цi не быў гэты ў кажуху якi-небудзь яго блiзкi друг, калi iскра ўзбуджанасцi на момант прабiла холад яго твару, як толькi ён яго ўбачыў.
Панавала цiшыня i напружанасць. Усе чакалi. Той малады ў лёгкiм пiнжаку тросся з холаду, сцiскаючы ў кулаку тронак вялiкага фiнскага нажа. Тоўсты ў кажуху да кален кiдаў вачыма па ўсiх, як бы стараючыся дасачыць, хто першы памкнецца зрабiць яму зло. Самы маладзейшы, зусiм малады хлопец у сатлелым чырвонаармейскiм адзеннi таксама абводзiў вачыма ўсiх, як бы шукаючы таго, каму ён мог бы паверыць. Што ж да самага старэйшага, з холадам на твары, то гэты, здавалася, яшчэ больш апанаваўся пакорай да нейкага свайго лёсу. Стаяў сабе i трымаў позiрк на абкарэлым крывёй бычыным хвасце, скручаным у абаранак вакол шыпшынавай папруцiны i безнадзейна ўблытаным разбэрсаным пукам валос у гушчырню калючых зараснiкаў.
- Дык што ж, - сказаў раптам шпаркiм тэмпам таўсматы, i вочы яго як бы мiргнулi, - нашто так доўга стаяць, трэба рэзаць быка.
Хто яго ведае, чаго больш было ў тоне яго слоў - гаспадарлiвай практычнасцi цi нейкай затоенай за гэтымi словамi думкi.
Ацвярдзелым позiркам ён шпарка кiнуў на ўсе бакi. Усе маўчалi i чакалi. Трэба думаць, што ён рабiў на ўсiх нейкае адно ўражанне, i ён сам мусiць разумеў гэта. Гаварыў ён па-расейску. Спрактыкаванае вуха магло б злавiць у яго ледзь заўважны нямецкi акцэнт. Такi слабы, што яго можна было i на ўвагу не браць. I мова яго пайшла б за чыстую расейскую, не жывую, а лiтаратурную. Бадай што адразу за першай фразай ён кiнуў i другую:
- Мяса будзем пячы на агнi... Я ўмiраю з голаду.
- I я ўмiраю з голаду, - з нотамi радаснай надзеi абазваўся малады ў летнiм пiнжаку. Ён калацiўся з холаду.
- Памру, - прастагнаў самы старэйшы, у якога на твары была пячаць абыякавасцi. - Я дзiўлюся сам, як я яшчэ жыву.
I цi то гэта ён меў на ўвазе толькi свой голад, цi яшчэ i iншыя прычыны, хто яго ведае. У яго такi жудасны быў нямецкi акцэнт i вымова, што ён як быццам бы хвалiўся: "Я немец". Проста-такi ён i зусiм не ўмеў гаварыць па-расейску i толькi трапляў абы-як, цераз дзесятае ў пятае. Хоць паасобныя словы ён выгаварваў добра.
- Я чацвёртыя суткi не ем, - цiха, як бы сам сабе, прагаварыў самы маладзейшы ў зношаным чырвонаармейскiм адзеннi.
I ён зрабiў нейкi раптоўны рух. Было падобна, што ён хацеў штосьцi дастаць з-пад свае гiмнасцёркi. I ён калацiўся з холаду. Рух яго застыў на месцы, ён быццам адумаўся, што схаванае ў адзежы няхай там i будзе. Шпарка спусцiў ён руку ўнiз i правёў вачыма па ўсiх.
Як быццам бы ўсе яны разумелi адзiн аднаго як не трэба лепш. Згода была памiж iмi i яднанне. На iх насядаў голад. Ратунак! Вось гэта было iх сяброўствам. Тоўсты ў кажуху па-гаспадарску агледзеў быка i падышоў да яго. Малады ў летнiм пiнжаку нарыхтаваў свой фiнскi нож. Самы маладзейшы дастаў з-пад гiмнасцёркi кiнжальчык з медным тронкам i ў раменным чахле. Ён стаяў блiжэй за ўсiх да быка. Тоўсты працягнуў руку, каб узяць гэты кiнжальчык. Вельмi можа быць, а напэўна так i было, што ён сам хацеў гэтым кiнжальчыкам закалоць быка. Малады чалавек з недавер'ем адмахнуў руку назад i адступiў на крок. I гэта было як бы сiгналам да таго, каб усiм iм нават i перад тварам адзiнага свайго ратунку зачынiць наглуха адзiн перад адным свае душы. Усе стаялi ў маўклiвай нерухомасцi. Раптам малады ў летнiм пiнжаку не вытрымаў.
Читать дальше