- А каня няма?
- Каня палякі пазаўчора ў абоз пагналі, разам з хлопцам.
- З якім хлопцам?
- З сынам.
- Вялікі?
- Малы... Каб вялікі - я не тужыла б гэтак... А тут малога ніяк не ўзбудзіць карову выгнаць папасвіць. І няма чаго даць яму паснедаць. Накапала ўчора зранку картопель трохі, малыя яшчэ, дык пад вечар салдат накарміла - ідуць босыя, галодныя, абарваныя, абшарпаныя... Можа, думаю, і мой там дзе-небудзь небарак...
Яна падышла да ложка.
- Устань, сынок, я табе новыя анучы ад свае старое сарочкі адарвала, каб табе было чым нагу мяккім абкруціць. Абуеш Міколкавы лапцікі, яны табе велікаваценькія, і вольна назе будзе... Устань, сынок.
Яна нагнулася над ложкам.
- Зараз прарваць павінна.
- Што?
- Нарыў. На тым тыдні яшчэ нагу прабіў на корч, дык нарывае.
І я нагнуўся над ложкам. Хлапчанё спала. На левай назе, каля пальцаў, збоку, была белаватая пухліна, запэцканая ў гразь.
Я пайшоў у сенцы. У сваіх мяшках я нічога не знайшоў, апроч двух тараноў. Я дастаў іх і палажыў у хаце на лаве - уся мая салдацкая ежа.
І тады мы з таварышам Скабаковым назаўсёды пакінулі гэтую хату.
Праз хвілін пятнаццаць мы пакінулі гэтую вёску Сінегі.
Чакаючы загад рушыць, я ўбачыў яго: накульгваючы, ступаючы на пяту, ён гнаў карову. Каля хаты стаяла маці яго - вялікая горадзенская жанчына.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
І от мы ідзем.
Будзем ісці доўга - вялікі паход скупы на адпачынак.
1927
I
Каля студні з дзеравянага вядра, пазелянелага і слізкага, капала вада на запыленую буйную крапіву і пясок. За парканам спелі яблыкі і арабіны, пад парканам раскашэльвалася мята і бабіна лета. Каля варот сакаталі куры, пераграбаючы канюшынную пацяруху, і адна - надзьмутая і сярдзітая - упарта квактала, расплывалася па пяску гарачым воллем. Абмочаны недзе шчанюк аціраўся каля сяней і нудна вылізваў шэрсць каля хваста. Гусак падняў галаву і глыбакадумна закрычаў. Шчанюк крыху страціў свой нудны выгляд і забурчаў, вільнуўшы шчуплым хвастом.
Паставіўшы каля заскарузлага карыта ражку з свіным цестам, чухаючы вуха аб голую руку вышэй локця, Агата злосна крыкнула:
- Віляй, віляй, падла аблезлая! Зноў недзе ўскочыў у памыі, каб ты ўжо нечага ў вір галавою ўскочыў. Зноў усё пазагаджваеш у сенцах. Вон, каб ты выдах!
Шчанюк выцягнуўся на пяску доўгім целам сваім і ціхавата завыў. Квактуха заквактала мацней. З панурым папрокам Агата кінула на яе дзеркачом.
- Квокчаш? А дзе ж ты вясною была, пошкудзь кашлатая!
Два падсвінакі, трасучы вушамі, весела хваталі з карыта цеста. Верабей зляцеў з вішні на плот, пасля каменем упаў на зямлю каля самага карыта, мяркуючы, каб уварваць крыху сабе. Яго ніхто не заўважыў.
Агата выцерла рукі брудным фартухом, зняла яго з сябе і ўскінула на плот. Рукі ў яе былі прыгожыя і прывабныя, голыя да плеч, белыя і гладкія. Толькі пальцы на іх кароткія і тоўстыя, непрыемныя на выгляд. Сама яна - высокая і мажная, белабрысыя бровы і шэрыя вочы, зацягненыя сытаю каламутнасцю. Як ішла яна ў сені, стан яе цяжка гойдаўся, і вочы прасілі сну.
У халодных сенцах стаялі ночвы з памытымі гуркамі, і былі рассыпаны крупы.
- Зноў дзеці лазілі! - сярдзіта абазвалася Агата, падмятаючы да парога буйную абдзёртую грэчку.
У адчыненых хатніх дзвярах з'явіўся Стасюк, братні сынок, белагаловы свавольнік і сірата; маці ён ледзьве памятаў.
- Цёця Агата, я адзін гурок вазьму.
- Ты ўжо крупы рассыпаў! Як ад цябе нідзе не ўхаваешся. Усюды ты дападзеш.
- Гэта не я... Я вазьму гурок.
- А хто ж гэта?
- Гэта Антосеў Юрка прыходзіў. Рассыпаў крупы і два гуркі ўхваціў і ўцёк. Я яму дам, як злаўлю дзе.
Агата сунула ў рукі яму гурок і выправадзіла з хаты. Злосная раздражненасць не пакідала яе. Яна мучыла яе з учарашняга, калі перад вечарам брат Фэлька, скінуўшы з воза плуг і адкасваючы порткі, запэцканыя вільготнаю раллёю, запытаў:
- Ці праўда гэта, што Асташонак, калі браў на тым тыдні самагонку, дык управіў табе мікалаеўскую трохрублёўку?
- Хто табе казаў?
- На полі хлопцы смяяліся. Казалі, што сам Асташонак хваліцца ўсім. Няхай, кажа, цяпер падае на суд. Няхай падасць, паспрабуе. І праўда, як тут падасі, каб прыйшлося, на суд, калі невядома, каго тут суд за ныркі возьме... Як бо ты глядзела! Няўжо ты не бачыш, што мікалаеўскія, а што савецкія грошы...
- Вечарам. У каморцы газоўка гарэла, а я не прыглядалася. Чорт яго поўначы пазнае.
Читать дальше