Зрэдку, калі не хварэе, у хату заглядвае Марцін Палазок. Сядзіць, суцішаны, каля грубкі і безупынку смаліць пякучы самасад. Пакуль што яму нічога не ўдалося высветліць наконт свайго сватаўства, і, мусіць, таму цэлы вечар Марцін сядзіць задумёны і заклапочаны. Агрыпіна слініць паміж пальцаў касмыль пражы, адводзіць убок руку з верацяном і раз-пораз кідае позірк на свайго сівенькага жаніха. Яна ўсё ж шкадуе Палазка, думае аб ім, а што сказаць на яго прапанову - яшчэ і сама не ведае. Той жа сядзіць каля грубкі, белы як лунь, нешта думае сваё, не зводзячы з агню пільнага позірку. Нарэшце падымаецца з табурэткі, атрасае з каленяў шматкі газеты, тытунь і попел. У хаце аж сіне ад пякучага, едкага дыму.
- То я пайшоў, - бярэцца Палазок за клямку, спыняецца, аднак, у шэрым сутонні хаты некага шукае вачыма. - Гэта ж я хацеў спытаць, Агрыпіна, ці пойдзеш ты за мяне? Рашылася ўжо? Калі і страшышся, то марна: я добрую маю шкадобу да баб.
- Ой, не ведаю, што і казаць, - чырванее, як сямнастка, Агрыпіна. - Праўда, не ведаю.
- Ты падумай яшчэ. Не маладзён жа я, каб шыбка за табою бегаць.
- Падумаю. Як надумаюся, то і скажу.
Гулка бразгаюць дзверы, за сцяной чуецца шоргат зляжалага, наздраватага снегу. Жанкі кладуцца спаць. Луцэя спіць на гарачай печы. Засынае адразу, бо, ведама, натупалася, набегалася за дзень. Агрыпіна ўзімку спіць за грубкай, на мулкім палку з сасновых аполкаў. Яе, наадварот, мучыць бяссонніца: варочаецца з боку на бок, уздыхае, нешта шэпча ўпоцемках. Далібог, тут і маладуха не зразумела б: гульня гэта ці сапраўды Палазок мае сур'ёзны намер? Сватаўство яго цягнецца ўжо не першы год. Агрыпіна і сама забыла, калі Палазок пачаў заляцацца да яе - летась ці ў пазамінулую восень? Тады яна ўзрадавалася, што на старасці гадоў, калі захварэе, хоць будзе каму падаць кубачак вады. Цяпер жа баіцца Анюты, Палазковай нявесткі. Тая на ўсю ваколіцу абвясціла: бежанку-галетніцу і на парог свёкравай хаты не пусціць. І Агрыпіна збаялася, астыла, разуверылася ў сваім запозненым жаночым шчасці. Языкатая Анюта не дасць жыцця, загрызе, поедам будзе есці.
Вось таму і не спіцца Агрыпіне - у начной цішыні сама рашае свой лёс, пад шум завеі думу думае горкую. Але нарэшце прыйшоў ранак - шэры, змрочны, марозны, і яна не змагла падняцца з мулкай ляжанкі: ператамілася, відаць, ці скразняк прахапіў у халоднай сушні. Затупала, замітусілася растрывожаная Луцэя Падгайская: вось я табе, мілка, яечню са скваркамі на ўсю скавародку, вось я табе чайку ліповага! Яна бразгалася чапялою ў качарэжніку, захапілася і не пачула, як у сенцах зашоргалі боты, зарыпелі дзверы.
- Ого, як рыпяць! - здзівіўся, спыняючыся ў парозе, сутулаваты, даўно няголены Марцін Палазок, як быццам раней ён не ведаў, што ў гэтай бядовай хаце заўсёды нешта ці рыпіць, ці ламаецца. - Трэба завесы гусіным шмальцам змазаць.
- Ліха іх бяры! - махнула рукой Луцэя. - А ты чаму далей не ідзеш?
Напэўна, гэта і праўда не самая лепшая звычка: перш чым прайсці ў святліцу і сесці на скрыпучую лаўку каля стала, спачатку патаптацца ў парозе, сціпла пакашляць у кулак. Па-рознаму да Луцэі заходзіць Фядора Чыркун - то ціха, то з лямантам, па-рознаму заходзіць Тадорка Дрозд - іншы раз з плачам, іншы раз з дурным рогатам, а Марцін Палазок, чорт кудлаты, не мяняе сваёй звычкі. Па натуры не дужа гаваркі, сёння ён, угледзеўшы на палку за грубкай хворую Агрыпіну, наогул замаўчаў надоўга. Расшпіліў паношаны кажушок, бо ў хаце горача, і смаліць суслу за суслай, не зважаючы, што бабы даўно папярхаюцца ад едкага тытунёвага дыму. Луцэя не была б клапатлівай, шчодрай сяброўкай і гаспадыняй: перад зіркатым, скептычным суседам занямоглую Агрыпіну яна знарок накарміла б мядамі-саладамі, не пашкадавала б і птушынага малака, каб ведала, дзе яго ўзяць. На прыпечку, на жаль, сквірчыць толькі марная яечня, дыміцца гарачай параю бульба і астывае ў конаўках чай, завараны на духмяным ліповым цвеце. Якія ўжо тут прысмакі, калі з каморы нават мышы паўцякалі.
- Можа, і ты, суседзе, паснедаў бы з намі?
- Дзякуй, дома ад пуза наеўся. Сюды я па іншай справе прыйшоў.
- Чаго ж ты прыйшоў, Марцін?
- Хачу сказаць Агрыпіне, што ўвесну думаю сваю хатку перасыпаць. Мне, як франтавіку, Глеб дакляраваў помач.
- Перасыпай, Марцін, - азвалася з-за грубкі слабым голасам Агрыпіна. - Рашылася я - будзем разам старасць дажываць.
- От і добра! Бывайце, бабы, я пайшоў, - весела падхапіўся на ногі Палазок. - Папраўляйся, Грыпка. І ты, Луцэя, будзь здарова.
- Заглядвай часцей.
Читать дальше