Нібы хтосьці ўпаткаў потым, як Антон — з катом, бы каблук, на галаве й з сабакам ззаду, — дагопаў да Воўчага Вока ў Ласіным лузе, дзе надоечы злавілі ўімшэлага шчупака-качкаеда... I ўсякі почут прапаў пра ix, а нейкая нячыстая сіла спаліла хутар. Там i цяпер нешта гудзевіць поначы.
Настуся-пані
Настуся Карабельнікаў выходзіла замуж, калі добра настала Польшчы. Шаснастоўкаю выперла яе мачаха. Каб сваім дзецям болей хлеба мець. Пасватаўся да Настусі ўдавец, які пахаваў чатыры жонкі. Пра пасаг ён і не гаварыў; набраўся.
— Трымацьму цябе, як паню якую! — бляяў, расчырванелы ў запіваньне. — У мяне поўная хата ўжо вялікіх дзяўчат, і яны ўсё паробяць. Сын у нас будзе — таксама выгадуюць.
— Дай Бог, — мармытаў бацька. За пасьлярэвалюцыйную галадуху першы раз наліў горла, ажно блага яму зрабілася.
— Чаму гэта Бог меў бы пашкадаваць такому мужчыне?! — рагатала мачаха, адганяючы ад стала смургеляў.
Настуся — памятае — мала не папрасіла ў так багатага дзядзькі цукерку... Ёй захацелася, каб ён не пакідаў яе тут да вясельля. Маўчала, апусьціўшы галаву, баючыся прыліпнуць вачыма да яечні са скваркамі й нарэзаных ад буханкі скібаў.
Усе вясельнікі плакалі, калі Настуся Карабельнікаў ехала шлюб браць.
— Пашчасьціла сіраце, — гаварыла мачаха, абціраючыся ад сьлёзаў. І як бы ў вапраўданьне, што нічым вартым ня здарыла, а яшчэ й паназабірала з куфра. Гулялі толькі адзін дзень, да вечара; начамі хадзілі тады банды.
Настусін чалавек доўга не пажыў; раптам памёр (у сенаваньне). Падчарыцы паднялі рогі. Большая гразілася.
— Дурная ты, дзіця прывядзі ім, і нікуды яны не турнуць цябе з гаспадаркі! — крычала напалоханая мачаха. — Трэба, каб жывот табе хто прыстроіў, пакуль нябожчык стыне, — даўмелася. І выправіла Настусю кудзелю прасьці ў гэтак-жа бойкай цёткі. У той далёкай вёсцы падваліўся да яе ніштаваты набабнік.
Потым, перамогшыся мяшкамі ў капаньне бульбы, нарадзіла яна на паўтары месяцы раней. Як і ня трэба лепей. За сакрэт дала акушэрцы парася; у торг гэта працялі Настусю болі, і спэкулянт паганяў яе каня пад местачковы шпіталік.
Хлопец хварэў, дзякаваць Богу, як і ў людзей. І зямлі прыйшлося ёй даволі, і хата. Другі муж быў непатрэбны. Сама моцная, бывала, за плугам хадзіла й касу цягала ды і ў лес за дровамі давала рады. «Ад'елася да нерасту», — зайздросьцілі ёй заморанікі.
Дапякалі Настусі нават у вайну, заўдаўшы, што яе Юрачка хаваецца ад вывазаў на работы ў Нямеччыну. Зьявіліся жандары, але адступіліся: што набярэш пасьля на кантынгэнт ад самюткае бабы? І наківалі солтысу, чаму слаба думае!
Кожную наступную ўладу яна ўспрыймала як нецярплівейшы гнеў нябёсаў на народ за грахі. Паны секлі бізунамі; свае заеліся вывалакаць у Сібір адзін аднаго; немец прыбіўся — кулю ў лоб ды ў пясок! Прычакалі й пекла: сусед суседа лупіў, са сьвету зводзіў брат брата (яе качалі й бралі пад сябе заполянскія кавалеры, што рабавалі хутары).
Усякага зазнала, перацярпела. А Сталінка лішне мацюгаюць; з анёламі, пэўна, у раі сьпявае. Хто ж гэта, каб ня ён, мужыка адагнаў-бы ад поля й хлява ў горад?! І Настусін ня скончыўся-б, як дэраш у ваглоблях, калі-б датрываў... Юрачка стаў тэхнікам на фабрыцы, дык і яго, падлу старога, забраў-бы ў сваю блёкавую кватэру.
Быццам у пажар кінулі-рынулі ўсё тое, пра што цяперака й падумаць ім ня здумаецца.
— Во калі я пані! — папракала Настуся Карабельнікаў, паўзабытага за столькі гадоў і гора, свайго нябожчыка, дрыпаючы па дыванох. — І ты панам паваляўся-б, бы жыд у пярынах, але што-ж: цераз работу ад раньня да зьмярканьня на той сьвет без пары пайшоў...
Спатканьне
На музыках у Сяржанаўскай фабрыцы Колька танцаваў зь дзяўчынаю, у якое былі каштанаватыя валасы, гарачыя ды рухавыя. Яны казыталі яму ў шчаку. Калі закончваўся танец, ён не адыходзіўся зь ёю ўбок, пад сьцяну, але стаяў пасярэдзіне залі, ля калянады. Усё ўглядаўся ў яе, такую задаволеную ды вёрткую.
Упачатку каторагасьці танца падыйшоў быў да яе пры Кольку нейкі франт з вусікамі, сьмешны. Той хацеў згуляць зь ёю, адбіць! Колька не пусьціў дзяўчыны, нагрубіяніў яму; запацелаю рукою прыціскаў яе да сябе. Яна не баранілася, мяккая ды лягавітая, адчуваў гэта...
Завёў дзяўчыну ў буфэт, дзе пілі вэрмут, потым пярцоўку й зноў вэрмут. Кольку стала нядобра (ад нэрваў, ці што?). Ён адлучыўся ад яе на так званую хвілінку. У калідоры-ж — наткнуўся на таго франта й яшчэ двух зь ім. Пакуль пасьпеў уявіць сабе, што гэта значыць, дастаў кулаком паміж вачэй, ажно галава здранцьвела, але ня ўпаў. Гэта выратавала яго. Пры чым, на шчасьце, калідор аказаўся вузкім, і Колька, упёршыся плячыма ў сьцяну, адбіваўся ім рукамі й нагамі, біўся й біўся, і яго лупілі. Не працягнулася гэта доўга; на сэнсацыю зьбегся натоўп, і Колька ня столькі ўбачыў, як раптам адчуў, што тых, якія былі накінуліся на яго, ужо няма, зьніклі. Адарваны каўнер кашулі ён прыкрыў сабе летнікам, забраў з буфэту дзяўчыну, вывеў яе на вуліцу, падхапіў таксі й, падпітую, завёз у сваю кавалерскую кватэрку.
Читать дальше