Маці тым часам паднесла сыну сухар з вадою. Гэта тое, чым яны жывуць пасьля пажару. Агонь так хутка ахапіў іх хату, што не прышлося шмат зь яе вынесьці. Ды ня было ў старых сілы выносіць рэчы ці кнігі. Маці колькі кніжак са стала захапіла, якія Кастусь перад арыштам чытаў вечарамі, ды вынесла іх у гарод. Ды яшчэ вынесла мяшэчак сухароў, што трымала на ўсялякі выпадак яшчэ перад вайною, бо людзі ўсё казалі, што вайна не за гарамі. А цяпер тыя сухары, як знаходка, жыцьцё ад голаду ратуюць. Маці пачала апавядаць пра здарэньні апошніх дзён. Кастусь уважліва слухаў і аглядаў навакольле. Бацькі гэтак і засталіся пасьля пажару сядзець на пажарышчы. Куды было дзявацца, калі ўсё скрозь гарэла...
Трымала старых пры сваёй, хоць і спаленай хаце, яшчэ й тое, што можа сын вернецца нейкім цудам і знойдзе іх на гэтым наседжаным месцы. Дзеля таго, што дзень пачаў хіліцца бліжэй вечару, Кастусь наважыўся таксама праседзець тут ноч. Ён выйшаў глянуць на вуліцу. Каля плоту былой сэмінарыі стаяў пакінуты грузавічок. Прайшоўшы каля яго, Кастусь заўважыў, што на ягонай плятформе ляжала адарваная нага ў жаночай панчосе. Пад нагамі валяліся скруткі тэлефоннага дроту, а між імі абарваныя з слупоў электрычныя правады. Хадзіць было небясьпечна, каб не наступіць на нешта небясьпечнае. Пасьля кароткай праходкі, Кастусь вярнуўся да бацькоў.
Тым часам сонца пачынала садзіцца. Трэба было думаць пра начлег. Маці расклала на зямлі сухую траву ды заслала яе прасьціною. На такім прымітыўным пасланьні ўсе разам леглі адпачываць. Маці яшчэ доўга расказвала Кастусю пра падзеі апошніх дзён. Яна расказала пра тое, як нямецкія матацыклісты спыніліся на рагу вуліцы й абстрэльвалі адступаючых чырвонаармейцаў па вуліцы Горкага. У колькіх мэтрах ад іх стракаталі кулямёты, праносіліся стрымгалоў машыны з узброенымі ваякамі, ішоў бой, але іх не чапалі. Гэтак і праседзелі, бадай што пад агнём, той дзень і ноч. Пасьля бой заціх, чуліся толькі далёкія адгалоскі гарматных узрываў...
- Трэба шчыра дзякаваць Богу, што ўратаваў вас ад няшчасьця, - сказаў Кастусь. Яго перамагаў сон. Усе заціхла...
11. НА ПРЫСЬВІСЛАЦКАЙ ЛУГАВІНЕ
На золаку Кастусь прачнуўся. Птушынае рознагалосьсе поўніла навакольле. Ён ляжаў і думаў пра свой лёс, пра сьвет, пра жыцьцё. Думаў і пра свае кнігі. Ён іх марудна зьбіраў, ратаваў ад зьнішчэньня, а цяпер усё загінула ў вагні. А былі-ж гэта й «Гісторыя беларускага мастацтва» Шчакаціхіна й акадэмічныя выданьні М.Багдановіча, А.Гаруна, выданьні Інстытуту Беларускай Культуры. Былі творы беларускіх дзеячоў часоў адноснага лібэралізму, калі яшчэ можна было выдаць сёе-тое навуковае без аглядкі на ідэялёгію. Там былі, бадай што ўсе творы ранейшых маладнякоўцаў ды ўзвышэнцаў. Былі рэдкія рукапісы неапублікаваных ды забароненых твораў... Агонь зьнішчыў усё... Але зь лёсам трэба пагадзіцца. Трэба неяк пачынаць жыцьцё спачатку...
З гэтымі думкамі Кастусь падняўся, за ім усталі бацькі. Гэтак ажыла разбураная пажарам мясьціна й пачаліся звычайныя дзённыя турботы. Маці расклала агонь і між двума каменьнямі на жэрдцы павесіла імбрычак з вадой, каб заварыць гарбаты. Бацька тупаў больш для фатыгі каля сухароў. Неўзабаве сямейка пачала сьнедаць. Гаркавая гарбата ды сухары выдаваліся вялікім прысмакам. Наступіла летняя раніца. Паказаліся людзі. Адны шукалі сваіх родных, іншыя ішлі на пошукі чагось пажыўнага. Ля Кастуся спыніўся чалавек з партфэлям. Ён выглядаў разгубленым і галодным. Яго запрасілі на гарбату. Незнаёмы з радасьцю прыняў прапанову. Ён жадліва паглынаў запіваны гарбатай сухар і апавядаў, што ён уцёк з свайго навукова-дасьледчага Інстытуту ў часе бамбардыроўкі места й з тога часу блукаў за местам. Пасьпеў захапіць толькі сваю працу ў партфэлі, і ад тога часу ня быў дома. Ня ведае, ці стаіць той дом, дзе ён жыў на прывакзальнай вуліцы. Людзі казалі, што ўвесь той раён згарэў. Расказаў ён Кастусю, што немцы ўсіх дарослых мужчын зьбіраюць на полі каля Драздоў. У месьце расклеяны абвесткі, што мужчыны ад шаснаццаці гадоў і да 60-летняга веку мусяць ісьці да тога месца. Хто ўхіліцца, таму пагражае сьмерць. Такі загад ваеннае камэндантуры.
- Выглядае, што й мне прыйдзецца ісьці, калі такі загад выдалі, - сказаў Кастусь. - Баюся толькі аднаго, каб не пагналі тых людзей у Нямеччыну, як палонных.
- Як-бы там ня было, але калі загад такі выдалі, значыць трэба ісьці, пакуль ліха перамелецца, - сказала маці, шкадуючы сына.
Счакаўшы, Кастусь схадзіў на рог вуліцы Максіма Горкага й сам прачытаў той загад. Загад выдаваўся вельмі суровым: за непадначаленьне адна толькі кара - сьмерць. «Трэба йсьці, іншага выхаду няма. Нельга адразу быць непаслухмяным, бо з вайсковаю ўладаю жартаваць цяжка», - наважыўся Кастусь ды вярнуўся да бацькоў. Яму было шкода іх, бо ня мелі кватэры, а дапамагчы ім ня было калі. Ён ня ведаў калі вернецца назад, можа гэта й зацягнуцца. Прыдзецца ім самым даваць сабе рады ды шукаць лепшы прытулак. Кастусь абняў маці й пацалаваў яе ў мокры твар.
Читать дальше