...У перашкодах дух расьце...
Як дарэмнымі былі калісьці ўсе натугі сьледчых выцягнуць ад яго якія-небудзь прызнаньні ці вымусіць подпіс пад загадзя складзенымі імі матэрыяламі, гэтак дарма й цяпер стараўся сьледчы дамагчыся патрэбнага яму для хуткага афармленьня матэрыялу прызнаньня ці подпісу пад абвінаваўчым актам.
- Не! Не! - наадрэз адмаўляўся Кастусь.
- Падумайце, вы-ж малады яшчэ, нашто вам псаваць вашую будучыню, - лісьліва падсядаў сьледчы, прапануючы сыгарэтку.
- Дзякуй, не куру... - адмовіўся Кастусь і гэтае «не» прагучэла разам з тым катэгарычным запярэчаньнем усіх намераў сьледчага.
Нарэшце сьледчы страціў надзею вырваць адразу патрэбныя прызнаньні й распачаў запаўняць чарговы фармуляр, голасна чытаючы пытаньні й запісваючы адказы Кастуся.
Калі дайшло да пытаньня, ці быў ужо суджаны ці арыштованы ў мінулым, Кастусь не палічыў патрэбным хавацца, бо ўсё адно дазнаюцца пазьней, калі пачнуць зьлічаць весткі аб ім. Ды ён думаў, што яно ўжо й цяпер вядома, хоць сьледчы нічым гэтага не выяўляў дагэтуль.
- Так, быў асуджаны «асобай нарадай» пры Калегіі ГПУ СССР у Маскве ў 1933 годзе на тры гады працоўна-выхаваўчых лягероў і адбыў пакараньне ў гадох 1933-1935 у сібірскім лягеры, а пазьней у Байкалаамурскім.
- А за што? - як-бы зьдзіўлена й неспадзявана запытаў сьледчы. - Паводле якіх артыкулаў крымінальнага Кодэксу?
- 58, пункты 10 і 11, гэта значыць 72 і 76 паводле крымінальнага Кодэксу БССР, - спакойна адказаў Кастусь, шкадуючы за прызнаньне, бо вычуў, што наразе сьледчаму гэта яшчэ ня было вядома.
А яшчэ больш шкадаваў-бы Кастусь, каб ведаў, што за пару дзён пасьля гэтага допыту, ужо й самога будынку НКВД у Менску ня будзе, што ў агні пажару пагараць усе аграмадныя архівы НКВД, а сама армія апрычнікаў разбяжыцца на ўсе бакі. Ім ужо й цяпер не да зьбіраньня даведак пра кожную асобу. Ім толькі залежыла хутчэй апрацаваць заведзеную даўно форму допытаў і далей даць справе ход, каго растраляць, а каго дэпартаваць, калі дазволіць час, у глыб Савецкага Саюзу, дзе прымусовае працы хопіць кожнаму.
Аднак гэта стане вядомым Кастусю колькімі днямі пазьней. Цяпер-жа, ня вызвалены яшчэ ад страху й сьведамасьці, што НКВД усё ведае й усё бачыць, ён палічыў небясьпечным таіцца. Ён выклаў перад разгубленымі ад нечаканасьці сьледчымі ўсё сваё мінулае, якое ўжо колькі год гэтак удала ўтайваў ад службоўцаў і ўстановаў ды стандартных апытальнікаў.
Вось чаму сьледчы асабліва старанна стараўся не прамінуць найменшае дэталі й вельмі рупліва запісваў гэтую споведзь. Цяпер ужо ён меў усе падставы разглядаць яго, як асабліва шкоднага злачынца з контррэвалюцыйным мінулым.
- Вось яно што, дык вы ўжо контрык са стажам, - з асаблівым націскам прагаварыў урэшце сьледчы, кончыўшы пісаць, і адчуўшы сябе пераможцам. - Цяпер нам зразумела вашае нежаданьне разброіцца й дапамагчы савецкай уладзе выкрыць чарговую антысавецкую акцыю. Вы заадно зь імі, але мы ўсё ведаем і сваечасова папярэдзілі вашую агідную дывэрсыйную работу. Майце на ўвазе, што ўсе вашы аднадумцы й супрацоўнікі ўжо абясшкоджаныя нашымі органамі й разам з вамі будуць справядліва пакараныя. Ні вам, ні ім цяпер не ўхіліцца ад адказнасьці перад органамі справядлівасьці... Яшчэ раз прапаную вам раскрыцца перад намі й зьмякчыць свой лёс. А іначай... вас чакае... Думаю вы самі ведаеце што... Час не такі, каб з вамі цацкацца. Ад вашага раскаяньня залежыць... Выбірайце... - закончыў сваю завучаную тыраду сьледчы, і ў ягоных вачох бліснуў нядобры аганёк.
- Я выбіраю праўду, - сказаў даволі рэзка, ледзь памятаючы сябе, Кастусь, - і толькі дзеля праўды я не магу, чуеце, не магу напісаць вам няпраўды. Гэтым я нанёс-бы сабе большую рану, чым вы можаце прычыніць мне зьняволеньнем. Ні тады, у 1933 годзе, ні цяпер я ня быў удзельнікам ніякае арганізацыі, і як і тады я ня ўзяў на сябе непраўдзівых паказаньняў, так і цяпер я не магу іх узяць на сябе. Зразумейце, маё сумленьне не дазваляе гэтага.
- Падумаеш, сумленьне! Гнілая інтэлігенцыя! Нічога, пасядзіш, сыйдзе зь цябе гэтая буржуазная гнілота, - загаварыў сьледчы, упяршыню ўжыўшы «ты» да Кастуся. - Вядзі, - загадаў ён малодшаму, што сядзеў наводдалі, не сказаўшы ні слова, і пачаў згортваць разложаныя на стале паперы, відаць, зьбіраўся йсьці за новай ахвярай.
Канваер вывеў Кастуся ў другі пакой. Там яго забралі два іншыя чалавекі, якія адразу прапанавалі Кастусю рашпіліць усе гузікі й скінуць зь сябе вопратку. Голы, ён стаяў спакойна, гледзячы, як яны вельмі спрактыкаванымі рухамі адным махам паадразалі з нагавіцаў і марынаркі, паліто й кашулі, нават сподніх усе гузікі й кручкі. Адзін зь іх загадаў перагнуцца, каб зазірнуць ва ўсе магчымыя ў целе чалавека сховішчы. Пасьля гэтае нядоўгае працэдуры зьняволены атрымаў сваю вопратку. Нагавіцы трэба было ўвесь час трымаць рукою, каб не зваліліся.
Читать дальше