Яны йшлі брукам, пасяродку вуліцы, балазе ня было ў гэты час аніякага руху, і ім ня прыходзілася збочваць на ходнікі. Усе трое маўчалі, як-бы заварожаныя водгульлем іхных гулкіх крокаў.
Кастусь мінаў родныя, знаёмыя й дарагія з раньняга дзяцінства мясьціны. Яны будзілі прыемныя ўспаміны пра незваротныя гады, калі ён хлапчуком абегаў тут кажнае мейсца, і ці мала вытаптаў тут травіцы каля платоў. Мінулі колішнюю сэмінарыю, пазьнейшую Беларускую вайсковую школу, а цяпер проста вайсковы гатэль, дзе калісьці на вялікім даступным двары ён гайсаў з раньня да вечару зь ягонымі аднагодкамі, і дзе ачуў першыя інтарэсы да тэатральных пастановак, да кінапаказаў, шахматаў ды спартовых забаваў.
Мінулі татарскі мост праз Сьвіслач, пад якім калісьці прастойваў гадзіны ў вадзе, ловячы рыбу, або выпорваючы дубцамі чарных мянтузоў з-пад карчоў.
Гэта недалёка адгэтуль некалі ўзімку малым, калі яшчэ ня плаваў, зазнаў патрэбу вучыцца плаваць, калі адпіхваючы ад краёў крыгу, пасьлізнуўся ды ўваліўся ў досыць глыбокую плынь. Вада ў момант аднесла яго далей ад лёду, на якім маці паласкала бялізну. Пакуль тая заўважыла, ужо значная адлегласьць адлучала ейнага сынка ад яе. Спалоханая, яна пачала крычаць, каб плыў сюды, да берагу. І малыш інстынктам пачаў як мага мацней біць рукамі паверх вады, гроб пад сябе яе, і неяк рухамі ўтрымаўся на вадзе. Нават пачаў набліжацца да маці.
Селянін, што ехаў з рынку й павярнуў да ракі, каб напаіць каня, здалёку заўважыў боўтаньне ў вадзе й падбег на дапамогу. Косьцік ужо быў блізка ад берагу, і маці нагнулася над вадой падаць яму руку, адылі сама пасьлізнулася й ледзь-ледзь не ўвалілася ў ваду. Аднак затрымалася на самім ускраю лёду і ўсё-ж такі выцягнула мокрага й абцяжэлага хлопца.
Косьцік вобміргам пабег дамоў, зьдзеў мокрую адзежыну, і да матчынага звароту ўжо сядзеў пераапрануты й адагрэты на печы ды з спалохам пазіраў уніз, чакаючы новых матчыных настаўленьняў. Але ўсё абыйшлося ціха.
Тут-жа калісьці, яшчэ за пару гадоў да гэтага выпадку, будучы зусім малым, гадоў чатырох ці болей, усеўся ён у човен, пакінуты нейкім рыбаком пад мостам каля берагу. Човен неяк адплыў ад берагу й паплыў па волі плыні. Неўзабаве човен плыў пасярод ракі, а хлапчанё ў ім чуць не заходзілася ад страху ды крычала: Ратуйце! За якіх сотню мэтраў човен урэшце прыгнала бліжэй да берагу, і большыя хлапчукі, закасаўшы нагавіцы, падыйшлі да яго й падцягнулі човен да берагу...
І ці мала яшчэ ўспамінаў мог узбудзіць у Кастуся гэты мост і рака, каб ня чорныя думы пра лёс ягоных родных, што цяжкім насланьнем адганялі ўспаміны даўняга.
Прыемныя ўспаміны пра ясныя сонечныя дні дзяцінства мяшаліся з гораччу жыцьцёвай явы. Гэтая апошняя выціскала ўсе сны дзяцінства й панавала над душой Кастуся, як ноч, што разляглася скрозь і безаглядна.
Калі яны дайшлі да ўспамінанай вуліцы Ўрыцкага, адкуль льга было зьвярнуць да будынку НКВД, або далей проста да вязьніцы, малодшы канваер азваўся.
- Куды павядзём яго, у наркамат (ён меў на ўвазе НКВД) ці ізалятар? - спытаў ён скрозь зубы старэйшага.
- Вядзем проста ў ізалятар, - адказаў старэйшы, мусіць зусім прыпадкам, тут-жа, нахаду, рашаючы, куды адвесьці Кастуся.
Ніхто, ні яны, ні зьняволены, у гэты момант ня мог ведаць, што гэтае, прыпадковае, тут на вуліцы рашэньне канваераў было найзначнейшай у жыцьці Кастуся пастановай, якая нібы штось напісанае яшчэ на раду чалавека, вызначыла ўвесь далейшы ягоны лёс. Ад гэтага прыпадковага рашэньня залежыла існаваць ці не існаваць Кастусю, застацца жывым на гэтым белым сьвеце, ці за якіх усяго толькі некалькі дзён разлучыцца з жыцьцём на векі вечныя.
Выбіраючы гэтую пастанову, магчыма ў канваераў і былі нейкія меркаваньні, што для драбнейшае рыбы - мяльчэйшыя мясьціны перабываньня. Можа скляпеньні самога НКВД прызначаліся для больш значных палітычных нявольнікаў. Іншай-жа драбязе і ў турме месца знойдзецца, каб адразу хутчэй адтуль на высылку прызначыць. Але абярнулася гэтая пастанова, як ня трэба спрыяльна для Кастуся. Ён сам дойдзе да зразуменьня гэтага пазьней ужо ў разбураным Менску, пасьля памятных здарэньняў, што зьіначылі зусім ягонае жыцьцё.
5. ДЗЕ ЦЯЖКА ВЫБРАЦЬ ПРАЎДУ
Яны спыніліся перад шырокай і высокай жалезнай турэмнай брамай. Канваер паціху пастукаў у выраз вакенца ў правай палове. Чалавечае вока паказалася ў сачку, круглай дзірачцы ў жалезе, затым дзьверы ў браме адчыніліся. Той штосьці сказаў, і яны ўсе трое прайшлі за браму. За гэтай першай жалезнай брамай відаць было другую браму на іншым баку будынку, за якою быў ужо турэмны двор і галоўная вязьніца ў колішнім Літоўскім замку, параўнаўча ня так даўно, толькі ў мінулым стагодзьдзі, прыстасаваным для гэтых мэтаў.
Читать дальше