Ен, з маленства ненавідзячы лічбінаў, стаў лепшым матэматыкам у класе. Але высцерагаўся прагаварыцца наконт Тані.
* * *
У нашых адносінах да кахання натыкаемся на супярэчнасць: несумненная веліч перажыванняў і нешанаванне іх. Падобнае на тое, што кожны з нас не прызнае адсутнасці высокіх пачуццяў у самога сябе, прагнем іх, як хлеба, як жняя вады ў спякоту!..
Гэтак у нас ад зморанасці паслейшым жыццём?
IX
На Вялікдзень паехаў Юрка на вяселле дваюраднага брата. Маці дала яму тады аж пятнаццаць злоты на цукеркі дружцы. За сталом дзяўчына касілася на той пакет прысмакаў у ягоных руках; хлопец крадком паглядваў на дружбантаў і рабіў так, як яны.
Пакет ён паклаў ёй у прыпол.
— Што гэта? — запытала яна. — Дзякую! Я люблю цукеркі.
— Гэ-эй! — крычаў сват. — Гэ-э-эй! Дакуль будзем сядзець?! Хадзем танцаваць вальс. Чапляйся!
Бухнуў кароткі рогат, і ўрэзалі музыкі. У Юркі мурашкі бегалі па спіне, саромеўся проста глядзець на сваю дружку. Але асмеліўся, сказаў ён:
— Станцуем?
— Ага, — згадзілася яна. Ды тут жа недзе прапала.
— Дай, Юрка, цукерак! — з'явіўся, бы з-пад зямлі, Грышка. — Дай, дай, не шкадуй, — смяяўся ён не на жарт. — Прыгожая яна? Пакажы, ну, якая, — і разглядаўся з ганка на вясельнікаў, што ішлі вытанцавацца ў нанятай дзеля таго хаце.
— Малы ты, ці што?
— Бач ты яго: вырас!
Юрка недалюбліваў Грышку. Балючай стрэмкаю засела ў ягонай памяці Грышкава зняважлівасць да ўласнае маці. Аб чым жа гаварыць з такім чалавекам, як ён?
Пыліла гулянка. Маладая танцавала са сватам, малады — са старшаю дружкай. Уражвалі вочы — гарачыя не ад уцехі, але ад паспешлівасці, ад таго, каб як мага больш павесяліцца, а не нудзіцца пад сцяною ды глядзець на нечыю радасць, быць усяго сведкай чужой удачы. Круціў польку і Грышка: з віхрастым чубам, з прыглядкаю да дарослых.
Юрка неяк не адразу даглядзеў тое, што ён вытанцоўваў сваё менавіта з Таняю. Так у яго сталася ад непраўдападобнасці здарэння, ад вялікае неспадзяванасці пабачыць яе на музыках. Таню, пакуль не дзяўчыну, не расцвілую кветку, не акрыленую яшчэ, усяго з першымі ледзь прыкметнымі побліскамі ў паглядзе, усё роўна што выпадковы такт музычнае фразы ў гарманіста, які акурат рассядаецца граць, пачырванелую, напэўна, ад гарачыні, ад духоцця, рассмяяную фактычна па-дзіцячаму...
У перапынках між танцамі яна стаяла з Грышкам, і таму Юрка не тое што збаяўся паказвацца перад імі. Яму было звычайна вельмі непрыемна ад таго, ад тае здагадкі, што Грышун, гэты Грышуніска, мог бы западозрыць яго ў пачуццях да яе і потым не сціхаць з насмешкамі.
* * *
Крыўда застаецца. Няма, бадай, болей трывалых пачуццяў за тыя, якія спараджаюць у душы горкае суцішша. У кожнага яно іншае, бы воблік, бы пальцы, бы ўсмешка і позірк, смех, праява ласкі, чуласці, дотык...
Крыўда стварае нам бязвыйсці. Яна настолькі ўладная над намі, што толькі нешматлікія сярод нас гэта заўважаюць ды разумеюць.
Ці каханне ёсць формаю крыўды?..
Юрка, будучы ўжо ў глыбокай сталасці, усё здзіўляўся тымі хвалямі жалю, што ахоплівалі яго на, ўспамін паўзабытае, нават паўлегендарнае яму тады Тані, так і не пабачанай ім пасля таго, калі яна выехала вучыцца ў сярэдняй, затым, пэўна, і ў вышэйшай школе (даходзіў да яго почут пра яе замужжа).
Х
Самым надакучлівым Юрку прадметам стаўся тэхнічны рысунак. Гарбаты выкладчык выклікаў агульны перапалох.
Уваходзячы ў клас, ён не гаварыў вучням «добры дзень», сядаў у сваё крэсла заўсёды з нейкаю злосцю.
— Сёння мы будзем займацца простымі элемэнтамі. — сказаў аднойчы, устаўшы і пагойдваючыся на пальчыках.
Вучні зашасталі прыладамі для рысавання, пільна ўглядаючыся ў тое, што выкладчык пісаў на чорнай дошцы. Ён штораз адыходзіўся назад, спраўджаў, ці не зрабіў якое памылкі, і зноўку выводзіў крэйдаю лічбіны. Над ягонай сярдзітай і гэтак жа віхрастай галавою ўпарта лётала муха.
Часам быў ён у даволі неблагім настроі і тады любіў пажартаваць, як заўсёды, досыць груба. I гэты раз не абышлося без такога вось жарціку. Вучніскі ажно бляялі ад рогату, але ўсё-такі чуйна, каб у выпадку чаго ўмомант сцяць свае сківіцы.
Юрка ўявіў сабе ганарлівую грымасу Тані і — з надзвычайнай дакладнасцю — ейную хату, якую тут жа, са сканцэнтраванасцю вулічнага маляра пад беластоцкім касцёлам святога Роха, намаляваў. I яшчэ засяродзіўся над партрэтам самое Тані, увесь, у дрыготкім натхненні, калі аглушыў яго крык гэтага настаўніка:
— Зараз жа пакажы мне, што ты чаўпеш там! — ён забаўляўся тым, што захапіў Юрку знянацку. — Што гэта, пытаюся ў цябе?! — тыцнуў валасатым пальцам у намаляванае. — Хочаш быць тэхнікам ці цесляром? А мо жаніцца здумаў ды ўжо хату сабе плануеш? Ты, мабыць, ахвотнік смачна пажыць без навукі... Чаго плачаш? Лепш за задачу бярыся.
Читать дальше