Неўзабаве будан ператварыўся ў «штаб». І старэйщы Міхал, і маладзейшыя Чэсь са Змітраком — усе былі адначасова і «радавымі байцамі» і «начальнікамі штаба». Справа ў тым, што восьвось надыдуць летнія канікулы. Трэба абмеркаваць і зацвердзіць «план дзеяння». План просты: не хадзіць жа цэлае лета, задраўшы галовы, пасвістваць, купацца, загараць і лавіць рыбку. Адно, што надакучыць, а другое — адзінаццацьдванаццаць гадоў самы ўзрост, каб зразумець, што ў жыцці далёка не апошняе месца займаюць грошы. І багатым быць зусім няблага. Асабліва, калі гэта не бацькоўскія, а твае ўласныя трошы. І ты можаш траціць іх на ўсё, што захочаш, не пытаючы ні ў кога дазволу.
Тройка сяброў сабралася ў будане«штабе». Міхал нават прыхапіў сшытак і агрызак алоўка, каб запісваць самыя цікавыя і, галоўнае, найбольш рэальныя прапановы. Кожны павінен быў выступіць на тэму: «Як ім за лета зарабіць грошай і разбагацець?»
Першы выступіў Змітрок. Міхал запісаў:
1) Змітрок. Мыць машыны, пажадана іншамаркі, на аўтазапраўцы пад Бярозаю. Змітрок ужо спрабаваў. Станоўчае — калі пашэнціць, можна за раз атрымаць да дзесяці даляраў. Недахопы — мыць патрэбна хутка і акуратна, да таго ж прыніжацца, усім дагаджаць. Канкурэнты — мясцовыя і з Бярозы — чужакоў не падпускаюць і блізка. У Змітрака адабралі вядро, навешалі аплявух і паабяцалі, што, калі ўбачаць яго яшчэ раз, адзенуць вядро з мыльнай вадой на галаву.
— І ты так нічога і не зарабіў? — спытаў Міхал.
— Не паспеў... Аднаму так вымыў яго «Вольву», аж блішчэла — не даў нічога. Другі піхнуў у руку нейкую драбязу, кавалак мыла больш каштуе. Толькі дзве машыны і паспеў памыць.
— Адкуль у нас тыя іншамаркі ці багатыя людзі! — азваўся Чэсь.— Горад маленькі, гэта каб у Мінску, вось там можна было б зарабіць!
Міхал пазначыў унізе: машыны — на крайні выпадак.
Чэсь прапанаваў свой, самы надзейны варыянт:
— Будзем збіраць грыбы, ягады, арэхі, лавіць рыбу, вазіць у горад на базар і прадаваць. Грощы трымаць у адным месцы, а ў канцы лета падзяліць пароўну.
— Ягады з'явяцца ў лепшым выпадку праз месяц,— сказаў Міхал,— грыбы пры такой спёцы ці будуць увогуле, арэхі ў канцы лета, і з рыбаю не кожны раз удача. Дый рыбы заўсёды поўна ў горадзе на базары.
— Тады не ведаю.
Міхал запісаў: 2) Варыянт Чэся. Станоўчае — надзейнасць. Недахопы — цяжка, доўга, нудна, мала грошай.
— Я прапаную вось што,— сказаў Міхал.— Вы заўважылі: да дзеда Макара ўвесь апошні месяц пачалі прыязджаць нейкія людзі з Мінска — геолагі, як ён кажа. Двое мужчын. Яны ставяць у яго двары машыну, сталуюцца, калінікалі начуюць. Няўжо ім не патрэбны памочнікі?
— А што яны робяць? — спытаў Змітрок.
— Ходзяць каля рэчкі, ля помніка, па лузе, штосьці вымяраюць, запісваюць... Апошнім часам пачалі хадзіць нават па агародах, і да нас прыходзілі. Тлумачаць гаспадарам, што ім патрэбна браць на пробу зямлю і ваду з розных участкаў нашай ваколіцы...
— Усё зразумела — нафту шукаюць,— умяшаўся Чэсь.
— Можа, нафту, можа, іншыя карысныя выкапні... У іх такая штука, падобная на мінашукальнік — палка з дугою на канцы. Я прапаную падысці да іх і папрасіцца на работу: штосьці падносіць ім, падаваць рулетку, трымаць спіцыфіксатары... Калі хоць аднаго з нас возьмуць, і то добра. Калі не возьмуць, таксама не бяда, мы нічога не трацім, а вось паспрабаваць варта.
— Быць «на падхваце», на пабягушках?— скрывіўся Чэсь.
— Тады ідзі машыны мыць.
— Машыны мыць — ты сам сабе гаспадар, хочаш мыеш, а хочаш — не, а тут будзеш бегаць, як сабачка, ніякай волі... Але хай: я згодзен. Толькі разлік — далярамі, і ў канцы кожнага дня,— сказаў Чэсь.
— Гэта само сабою. А людзі яны не бедныя, па машыне відаць. Акрамя таго, яны часта з'язджаюць у Мінск і работа іхняя стаіць. А яны маглі б на гэты час даваць нам заданне — напрыклад, памераць участак, набраць той жа зямлі на пробу.
— Вырашана — запісвай.
— І так, трэці пункт,— запісваў і ўголас чытаў Міхал.— Станоўчае — наяўныя грошы ў канцы дня. Недахоп — ці трэба ім памочнікі?
— І ці не апярэдзілі нас,— прамовіў Змітрок, які заўсёды гаварыў мала, але трапна.— Пра Курта забылі?
Пры слове «Курт» паморшчыліся ўсе ўтрох. Гэта быў дзеда Макара ўнук, які жыў і вучыўся ў школе ў Бярозе, а на выхадныя, як і Змітрок, прыязджаў да дзеда ў Паплавы. Тром сябрам ён прыносіў шмат непрыемнасцей, асабліва калі ўцягнуў іх у адну гісторыю, пра якую і цяпер ім сорамна было ўспамінаць.
Міхал пачухаў кончыкам алоўка патыліцу:
Читать дальше