Такой жорсткасці дзяўчынка нават ад яго не чакала. Яна ўсхліпнула. Выціраючыся, краем вока ўбачыла, што Чэсь як бы разгубіўся.
— Ды што ты румзаеш? Аксана! З чаго ты ўзяла, што я павінен аддаць табе сваю манету?
— Не, гэта мая! — праз слёзы выклікнула дзяўчынка.— Табе яна проста так трэба, гуляцца, а мне... Ты не ведаеш нават!..
— Ды нічога падобнага — гэта мая! Я знайшоў яе ўчора на агародзе... Ты мяне штурхнула, я ўпаў, манета выкацілася праз дзірку, ты яе схапіла — і на плот... Ды, як бачыш, не ўдалося, манета сама ведае гаспадара,— задаволена сказаў Чэсь.
— Як табе не сорамна?!
— Гэта табе павінна быць сорамна. Нарасказвала мне казак пра Бразілію, адтаптала нагу, хацела ўкрасці маю манету, а цяпер плачаш, што не ўдалося...
Аксана, не адказваючы, узіралася ў канец вуліцы. Там ехаў веласіпедам хтосьці вельмі знаёмы... Так і ёсць, гэта Міхал, і едзе да іх! Ну, цяпер можна абысціся і без дапамогі бацькі... Міхал яе ў крыўду ніколі не дасць. І бацька яго ведае, і бабуля любіць і заўсёды наказвае, каб ён глядзеў за ёю, Аксанаю, і абараняў яе. Бацькі Міхала — з той жа вёскі на Гомельшчыне, адкуль і бабуля, а пасля радыяцыі перасяліліся таксама ў Паплавы. Таму і трымаюцца разам, бы радня.
— Міхал! — Аксана замахала рукою, каб хутчэй пад'язджаў.
Міхал паклаў веласіпед узбоч шашы, пакіраваўся да іх. Гэта быў высакаваты для свайго ўзросту (а ён быў на год старэйшы за Аксану з Чэсем), чарнавокі, сур'ёзны хлопчык. Абуты ў кеды; спартыўныя штаны, закасаныя да каленяў, чорная майка з надпісам на левай грудзіне — «Рассвет».
Раздзел 12. ДРУГІ ТАЛЕР
— Чэсь, прывітанне! Аксана, калі ты прыехала?
— Ён адабраў у мяне манету! — замест адказу плаксівым голасам паскардзілася Аксана.— І не хоча аддаваць!
— Хлусня,— сказаў Чэсь, не кранаючыся з месца.
— Манету?
Міхал павярнуўся, моўчкі падступіў да яго. Ён быў вышэйшы за Чэся на цэлую галаву. Але Чэсь не спалохаўся, адно аж пабялеў ад несправядлівасці, і стаяў як стаяў.
— Міша, калі хочаш біцца — давай,— прамовіў ён.— Але я не адбіраў у яе нічога. У мяне ў кішэні ляжала манета, выпала праз дзірку, Аксана схапіла, а потым сама выпусціла з рукі... А цяпер канючыць: аддай!
Міхал, са сціснутымі кулакамі, спыніўся ў нерашучасці. Ён ведаў Чэся — той проста так казаць не будзе. Аксана між тым злезла з плота, смелая, стала за Міхалавай спіною:
— Не вер яму, Міхал,— я прывезла талер з сабою, з Мінску!
— Лухта, я знайшоў яго ўчора на сваім агародзе!
— Ану, пакажы, Чэсь,— загадаў Міхал.
Чэсь неахвотна выцягнуў талер. Раптам твар у яго змяніўся. Чэсь хутка панюхаў манету:
— Што такое?.. Алеем чамусьці пахне... І мая цямнейшая... І, нібыта, рубец іншы — шчарбіна большая, і з другога боку...
— Аксана! — пачуўся з двара бацькаў голас.
Скарыстаўшы Чэсеву разгубленасць, дзяўчынка імгненна схапіла талер проста з яго далоні, схавала ў кішэню:
— Міша, дзякуй вялікі! Мне трэба бегчы... Ты мне так памог! Ты нават не ўяўляеш, што гэта за манета... Хочаш, прыходзь сёння ўвечары, тата раскажа...— і, прыгнуўшы Міхалаву галаву, зашаптала яму штосьці, тады нырнула ў веснічкі.
— Дзе ж тады мая?..— разгублена паўтараў Чэсь, лапаючы па кішэнях.— Не прыснілася ж яна мне!..
— Пачакай, давай адыдземся. Вунь бабуля Аксаніна пазірае, топчамся тут каля хаты.
Міхал падняў веласіпед, хлопчыкі завярнулі ў завулак, што спускаўся ў «нізіну», да Бярэзіны, дзе была Чэсева хата.
— Так,— сказаў Міхал,— а цяпер распавядзі толкам, усё па парадку.
— Ды ўчора... — Чэсь усё мацаў кішэні, азіраўся вакол, быццам шукаў манету,— учора бацька абганяў бульбу. Ведаеш, на тых сотках, што каля самай ракі, дзе помнік? Я вадзіў каня, ты ж ведаеш, спёка была, авады, машкарэча, конь хадзіць не хацеў, брыкаўся...
— Ды што мне твой конь? Пра манету расказвай.
— Ну, і бліснула штосьці на свежай зямлі, там, дзе ўжо прайшла сошка. Я падняў на хаду і паклаў у кішэню, нават не разгледзеўшы як след,— не было калі.
— А ўвечары?
— Што?
— Увечары разгледзеў манету?
— Ды я забыў на яе, Міша! Я так натаміўся з тым канём, што ледзь ногі цягаў. Потым яшчэ гэтыя восы праклятыя,— Чэсь дакрануўся да шчакі.— Так балела — пра што хочаш забудзеш...
— Карацей, ты яе згубіў.
— Выходзіць, так,— вінавата патупіўся Чэсь.
— Успомні, дзе ты ўчора ці сёння сядзеў або ляжаў?
— Ды нідзе! Толькі на гарышча злазіў, да восаў, і адразу — спаць. Толькі... — Чэсь прыгадаў, як сёння Аксана ганебна зваліла яго.— Не, нідзе.
— Дзіркі зашываць трэба, лапух,— упікнуў Міхал.— Як у цябе хапіла розуму пакласці манету ў дзіравую кішэню? І як манета не выпала адтуль адразу ж? Ты ж босы быў?
Читать дальше