Яна плакала, сморкалася, выцірала рукавом нос. Усе Холадавыя здагадкі пацверджваліся, і здагадкі самыя прыкрыя і нядобрыя...
Наплакаўшыся, цётка трохі супакоілася і, сказаўшы, каб прыходзіў вячэраць, пайшла. Холад вынес следам, у камору, каляску з анучамі, зашчапіў у сенцах дзверы і вярнуўся ў меншую хату. Было гадзін каля дзевяці вечара, а ў закрытай садам хатцы зусім ужо стаялі прыцемкі. ЁН зашморгнуў фіранкі, запаліў святло і прынёс табурэтку. «Ну, з Богам? Ці з д'яблам?» — падумаў ён, дастаючы з дыпламата і раскладваючы на стале падвялыя кветкі.
У пакоі слаба запахла сенам і трохі могілкамі.
Холад і сам не ведаў, чаго яму хацелася зараз ад гэтых кветак — проста сядзеў, падпёршы кулакамі сківіцы, і гладзеў на іх, чакаючы ўсяго: калі б яны заварушыліся, загаварылі, набылі плоць нейкага чалавека, Холад, здаецца, не здзівіўся і не спалохаўся б... Але прабеглі і дзесяць хвілін, і дваццаць — нічога!..
Зусім нечакана ён лёгка пагадзіўся з раптоўнай падазронасцю, што і не будзе нічога, што гэта — звычайныя кветкі, нейкая магільная разнавіднасць, а такая незвычайная знаходка іх — нейкае супадзенне, дзівосны, адзін на мільярд выпадкаў, збег сну з рэальнасцю. ЁН закурыў, патупаў паміж сталом і печчу, колькі дазваляла плошча, і паспраба ваў прыкінуць бліжэйшы план — як цяпер жыць і што рабіць? Але ад пэўнага расчаравання, цішыні, святла жоўтай, слабай лямпачкі яму зрабілася да нудоты сумна. У такія хвіліны добра сядзець дзе-небудзь «на хаце» з дзяўчынаю, якая нічога з сябе не ламае, з разумным сябрам, слухаць ціхую музыку і піць гарэлку.
«А што, узяць ды махнуць да Навумава? Ці да Томкі?» — пасміхнуўоя Холад. Навумаў яшчэ перад Холадавым прызывам збіраўся з'язджаць у Ізраіль, і невядома, на якой зямлі цяпер быў, а Тома... Пра Тому ён забараніў сабе нават згадваць, ды вось як у той казцы пра белага мядзведзя — згадвалася ўвесьчасна. Не без дапамогі мінскага сябра ўяўленне намалявала яму адзіна прымальны ў яго становішчы малюнак: Тома выйшла замуж, паехала на мора, цяпер жыве ў Адэсе (спрацавалі шыльды на цягніках — помніце любімы занятак Холада?), у яе цудоўны муж і ўсяго хапае, але з кожным днём усё больш і больш ёю апаноўвае раскаянне і настальгія па локцевіцкай зіме...
— Салдат! — пачуўся прымакоў голас, і Холад ад нечаканасці падскочыў. — Салдат! — Прымак пашморгаў дзверы, пастукаў у акно. — Ключы дасі, не?
Холаду зрабілася нават страшна, што ён за такі кароткі час так узненавідзеў гэтага чалавека. ЁН замітусіўся, пераклаў кветкі на сервант, выскачыў на двор і вінавата сунуў прымаку ключ, нават не пытаючыся навошта, забыўшы, што і цётка штосьці такое пра ключы казала. Прымак пакруціў ключ на пальцы і сказаў:
— Сходы ў кыно якэ, ці шо...
— Іду.
Холад, не заходзячы ў хатку, накіраваўся на вуліцу.
Каля вялікай хаты кватарантка вешала на працягнутую паміж абрыкосавымі дрэвамі вяроўку бялізну. Яна падымала рукі; белая, кароткая сарочка задзіралася і адкрывала палавіну шырокай загарэлай спіны, а закасаныя да каленяў спартыўныя штаны давалі нагам такую абцяжку, што Холад, праходзячы побач, адвярнуўся куды больш паспешліва, чым гэта трэба было б з простай ветлівасці мужчыны перад чужой жанчынаю. «Божа, што ў гэтым селішчы робіцца!»
Кватарантка ўбачыла яго, азірнулася на прымака, які ўжо зайшоў у хатку, і гулліва напаўголаса сказала:
— Цётка прасіла пазваць вас вячэраць, а вы зачыніліся...
— Я хацеў пабыць адзін, — буркнуў Холад.
— Сёння кіно смешнае па тэлевізары. Амерыканскае, — сказала ўслед кватарантка.
Але ён нават не азірнуўся.
V.
Пачуўшы ў трубцы знаёмы голас, Навумаў адказаў не адразу. ЁН проста ўспамінаў, што за Холад і што з ім звязана. Знаёмыя «з простых» падзяляліся для яго на «гояў спакойных» і «гояў агрэсіўных»; падумаўшы трохі, успомніўшы, ён аднёс Холада да «гояў спакойных» і весела сказаў: «А, ну заходзь!»
Яны пазнаёміліся два гады назад, нават пасябравалі, але потым Холад памяняў яго на прыезжую бібліятэкарку, якую Навумаў ахарактарызаваў для сябе як «прымітыўную, схільную да паўнаты авечку, што прадасца за пачак цыгарэт». Холад яму падабаўся. Вясковы начытаны вахлачок, зга ладалы па нармальным добрым слове, слухаў ягоныя разважанні з разяўленым ротам, убіраючы ў сябе і іхнюю катэгарычнасць, і прастату, і практычны цынізм. Навумаў вучыў: усе вакол мудакі, хамы, быдла, і разумны толькі той, хто гэта разумее і думае пра гэта; сярод быдла выжывае не мацнейшы, а хітрэйшы — трэба ўмець прыкідвацца дурнем; «цёлку» трэба ў першы ж вечар вясці ў ложак і там разбірацца, кахаеш яе ці не, не забываючы пры гэтым, што ў прынцыпе яны ўсе — тупыя і жорсткія і розняцца толькі тым, што бываюць тлустыя і бываюць худыя; з хамамі трэба быць хамам, але ўвогуле — піць культурна, чытаць класіку, слухаць добрую музыку і, што асабліва важна, сачыць за сабою, сваім здароўем, хадой, постаццю, вельмі ахайна апранацца, не шкадуючы на гэта ні часу, ні грошай і г.д.
Читать дальше