У самое мястэчка ён часта ездзіў з маткаю і раней, але толькі цяпер убачыў, якое яно прыгожае і, галоўнае, сваё. Локцевічы былі невялікія і ўтульныя, яшчэ не скалечаныя мікрараённымі забудовамі, з зялёнымі дварамі і акуратнымі брукаванымі вулічкамі. У Холада з'явіўся свой пакой, нармальная, людская ежа (хоць бы тая ж бульба з гуркамі і салам, затое ўволю), з'явілася вольнасць — вольны час не прыблуды, які нудзіцца, бо нікому не патрэбен, а — хатняга чалавека.
Чытаць ён палюбіў яшчэ ў інтэрнаце, а тут, дзе не было раскірдаша і адбою ў 22.З0, глытаў кнігі запоямі, часта да раніцы. Чытаў бессістэмна, з аднолькавай цікавасцю Стэндаля, Дзікенса і паэмы Якуба Коласа, рызыкуючы нажыць г. зв. «кніжнае атупенне» — эпіізод у Шукшына, калі хлопчык звар'яцеў, чытаючы, ніякая не мастацкая выдумка.
Да абеду можна было спаць, а там — рабіць што хочаш. Холаду падабалася хадзіць локцевіцкімі вуліцамі, белымі каля платоў і ў выбоінах ад абляцелых пялёсткаў, выходзіць за горад, за недабудаваны аўтавакзал, потым — дубовым сухім лесам, пакуль вачам нечакана не адкрывалася драўляная альтанка-прыпынак і чорна-сіняя стужка асфальту. Можна было пад'ехаць аўтобусам у Мазыр, але ён не любіў гэтага гарбатага горада з бязладнай архітэктураю; лепш было, не даязджаючы прыпынку, сысці каля Прыпяці і пакупацца, пазагараць ці пакідаць донку. Вечарамі ён стаяў на локцевіцкім чыгуначным вакзале, блізка каля якога жыла цётка, і глядзеў на пасажырскія цягнікі. Адныя шыльды на вагонах прымушалі няроўна біцца сэрца: Сімферопаль — мора, Рыга — Еўропа, Кішынёў — віно, памідоры, Ленінград — культура, Мінск — невядома што, радзіма... Ні ў адным з гэтых гарадоў ён ні разу не быў, нават праездам.
Цудоўнае было тое лета, а восень — яшчэ лепшая. Цётцы праз знаёмых удалося ўладкаваць Холада на паўстаўкі на працу — бетоншчыкам. ЁН з радасцю цягаў славутым «стаханаўскім пялёсткам» пахкі бетон, запаўняючы лабірынт апалубкі, ведаючы, што гэта — часова. Добра было на перакурах выціраць з лоба пот, дрыготкімі пальцамі размінаць цыгарэціну і ў душы, пасля працы, халаднаватымі струменямі змываць з цела бруд і стомленасць. З'явіўся ў брыгадзе і сябар — старэйшы за Холада ледзь не ўдвая, але яшчэ нежанаты, Лёня Навумаў. Калі-нікалі, вечарамі, яны пачалі хадзіць на дыскатэку.
Холада цягнула ў гэтае новае жыццё, як сасмяглага, спацелага чалавека душным днём цягне купацца, але рака была незнаёмая, і ён уваходзіў у яе пакрысе, спрабуючы нагамі дно. Сапраўды, хутка ён натыкнуўся на падонны корч. ЁН, у параўнанні з мясцовай дыскатэчнай публікай, быў проста жахліва — інакш не скажаш — апрануты. Нават калі танец быў агульны, у крузе (на пачатку васьмідзесятых была такая мода), дзяўчаты стараліся не стаць з ім побач. Яшчэ маглі сысці за нешта купленыя кустанайскім сваяком украінскія джынсы за трыццаць рублёў, з бляшкай, на якой так і было напісана — «Джынсы», але пінжак, сіні інтэрнатаўскі пінжак з металічнымі выпуклымі гузікамі, пра які назіральны Навумаў сказаў: «Ты нагадваеш у ім Аркашку, што бычкі на вакзале збірае».
Да зімы Холад сабраў грошай і купіў світэр і сапраўдныя джынсы, але на дыскатэкі больш не хадзіў. Асталіся ад тых паходаў толькі невядомая трывога ды дзявочыя нафарбаваныя тварыкі ў разнаколерны святле люстранога шара.
ЁН вярнуўся да кніг, запісаўся ў чытальную залу. Нейкія спакойныя, утульныя трапляліся кнігі, падабалася глухаватая цішыня, падабалася новая загадчыца чытальні, кірпатая, з белым невялікім «хвастом». Ад яе веяла студэнцкім жыццём, вялікім горадам і жаночым вопытам. Ёй было дваццаць чатыры, а Холаду — семнаццаць.
I гэтай зімою, разам з пакупкаю новых — з рук, вядома, джынсаў, здарылася дзіва. Загадчыца, Тома яе звалі, жыла на кватэры ў адзіным пакуль у Локцевічах мікрараёне. Яна баялася адна хадзіць у цемры дадому. I неяк папрасіла Холада яе правесці. Патрыярхалыныя законы мястэчка былі непарушныя — параў не чапаць. I яны хадзілі смела, напрасткі, самымі цёмнымі завулкамі, сустракаючы самыя розныя камланп, але іх не чапалі нават словам.
Розніца паміж імі была толькі ў гадах, а ўсё іншае было як і заўсёды ў такіх выпадках.
Пад ліхтаром на сінтэтычным кучаравым каўняры яе балгарскага кажушка зіхацела шэрань; потым пачаліся пацалункі і розныя пяшчотныя словы.
Увесну, першым прызыва, ён пайшоў служыць, і Тома цалавала яго пры ўсіх перад тым, як яму сядаць у аўтобус.
Яшчэ праз год яна перастала адказваць на яго лісты.
III.
Перад самым «дзембелем» Холада зваў да сябе ў Мінск лепшы сябра, абяцаючы і прытулак на першы час, і паступленне па блаце ў інстытут, і знаёмства са сваёй сястрою... Холад ужо быў і намерыўся — не назаўсёды, вядома (Локцевічы цягнулі), а так, на пару дзянькоў, Мінск паглядзець, аж выйшла адна замінка. Ні з таго ні з сяго яму пачаў сніцца нябожчык дзед, якога Холад ведаў толькі па фотакартцы, што вісела некалі ў хаце над ягоным ложкам — калі яшчэ матка была жывая; снілаая, што дзед, у хромавых ботах, у галіфэ, у капелюшы і з белай барадою сядзіць пасярод хаты на перакулянай бочцы, а Холад у форме стаіць перад ім «смірна». Дзед лагодна глядзеў на яго і казаў: «Табе выпала нялёгкае жыццё, але цябе гэта, я гляджу, анічому не вучыць... Як ты, сірата без бацькі, без маткі, можаш. раўняцца на ўсіх? Шчаслівы той, каго круціла і ламала, а ён — выжыў... Ты да гэтага яшчэ не дарос, але так і быць, памагу табе — прыходзь на нашыя з маткаю магілы і забірай гасцінец. Сінія кветкі...» Холад ківаў згодна і адказваў: «Так точна!» Лухта «нейкая, несур'ёзнасць, але сон быў такі выпуклы, а галоўнае, сніўся запар тры ночы, што напалохаў і бёз таго прымхлівага Холада. ён пачаў баяцца засынаць. Сябар, той самы, мінскі, ад якога ў Холада не было сакрэтаў, падумаў і выказаў меркаванне, што гэта — напамінак праведаць родныя магілы. I рабіць гэта трэба без адкладак.
Читать дальше