У Гомелі апынуўся на невялікай гулянцы, зразумела з самагонкай, за якую плаціў я. Было там некалькі вайскоўцаў, двое цывільных — савецкіх чыноўнікаў — і тры жанчыны, супрацоўніцы нейкай савецкай установы. Пілі і жартавалі, не саступаючы мужчынам, і паводзілі сябе больш пахабна, чым вулічныя дзеўкі. Заўважу, што гэта быў дзень нараджэння майго асведамляльніка. Вось там, «у сваім коле», пачуў новыя куплеты, якія даволі добра спяваў адзін з вайскоўцаў. Прывяду тут строфы, якія засталіся мне ў памяці:
Лёва Троцкі — генерал,
Літаратар і палітык.
У яго нястрымны шал:
Ён паэт, філосаф, крытык.
То спявае пра траву —
То касой па той траве.
Кожны мае галаву,
Лёва Троцкі мае дзве.
Надта выхвалялася спевам (больш не мела чым) адна з сябровак; брыдкая, па-мужчынску астрыжаная і якая на 90 працэнтаў нагадвала мужчыну. Спявала пад акампанемент гітары «Жаночае раўнапраўе».
Маня будзе камісарам, камісарам, камісарам,
Таня будзе сакратарам, сакратарам, сакратарам.
Пакуль што мая праца нудная і нецікавая. Незвычайных прыгодаў няма — ні самалётаў, ні падводных лодак, ні каркаломных пагоняў, ні кіламетровых падкопаў, ані ўскрыцця незгаральных сейфаў. Цяпер я інакш на ўсё гэта гляджу. Цікава, як будзе далей. Людзі любяць, каб іх падманвалі. Услаўляюць хлусню. Жыццё гэта не кіно, не фільм і не сенсацыйны раман. Там мужчына, пераапрануты пакаёўкай, падслухоўвае вялікія дзяржаўныя таямніцы, а ў жыцці: у цягніках, установах, на вакзалах — усюды плакаты: «Болтун — находка для шпиона». Мая праца — праца чорнарабочага выведкі. І я часам так напакутуюся за мяжой, што вырашаю кінуць гэты занятак, як нецікавы і нявыгадны — колькі той платы; калі ж па вяртанні і кароткім адпачынку падумаю пра яе, дык адчуваю дрыжыкі і зноў хочацца мне як хутчэй ісці туды, дзе рызыка. Магчыма, мяне пакуль што забаўляе навізна, а магчыма, засмоктвае звычка.
На сёння даволі.
Баранавічы, 20 верасня 1922 г.
Цікавая справа. Сёння мяне пратакольна дапытвалі наконт наступных пытанняў: калі папярэднім разам я вярнуўся з-за мяжы (назаві дакладную дату і гадзіну), на якім адрэзку зваротна перасягнуў мяжу (назаві нумары слупоў), ці ведаю агента Пятрова і ці сустракаўся з ім за мяжой. Падрабязна адказаў на ўсе пытанні. Пра Пятрова адказаў, што чуў пра існаванне такога агента і трохі ведаю пра ягоную дзейнасць, але ніколі з ім не сустракаўся.
Дзіўная рэч. Што гэта значыць? Я не хвалююся, бо я ў парадку і заўсёды такім застануся (я не патраплю ў такую сітуацыю, калі стану адначасова служыць двум багам), толькі вельмі цікава, чаму мяне гэтак распытвалі. Што, не давяраюць? Гэта для мяне загадка і трэба абавязкова яе разгадаць. Тут заўважу, што Пятроў адзін з самых легендарных агентаў нашай выведкі. Пра ягоныя прыгоды за кардонам проста цуды распавядаюць. Паходжаннем Пятроў расеец. Быў заслужаным афіцэрам Чырвонай арміі, а пасля вайны атрымаў пасаду камандзіра памежнай паласы. Гэта быў чалавек энергічны, шчыры, праўдзівы — кожнаму рэзаў «матку-праўду» ў вочы. Менавіта з гэтай прычыны меў даволі шмат ворагаў і непрыяцеляў, якія імкнуліся яго ачарніць перад вышэйшым начальствам. Да ўсяго Пятроў быў какаіністам, але за гэтым зеллем надта не ўлягаў. Не пагарджаў і гарэлачкай, але таксама з толкам. Меў сваю прыказку: «Пі, а справу рабі». Вось ворагі Пятрова так пакіравалі нейкай справай, што яго арыштавалі. Абвінавацілі ў вялікіх парушэннях і злоўжыванні службовым становішчам. Ведаючы, з кім мае дачыненне, ён не чакаў справядлівасці ад савецкай юрыспрудэнцыі, а ўцёк з кутузкі пагранатрада і перайшоў мяжу. У Польшчы атрымаў права на палітычны прытулак. Неўзабаве пачаў працаваць у закардоннай выведцы. Працаваў надзвычай умела, нават зухавата. Калі я толькі пачынаў сваю дзейнасць, ён быў ужо славутым агентам. Роўны яму быў толькі Ян Пялінскі, але які ўвесну 1922 г. трапіў у кіпцюры ЧК у выніку здрады аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў. Вось што гэтулькі і ведаю пра таго Пятрова.
Кола маіх знаёмых на радзіме таксама пашырылася, і ў мяне ёсць, насуперак маёй канспіратыўнай натуры, некалькі знаёмых сярод агентаў закардоннай выведкі. Не буду пра гэта пісаць, бо гэта не мае да мяне асаблівага дачынення.
Калі прыехаў у Баранавічы, дык зноўку спыніўся ва Уладзіка Каліса. Не паспеў прывесці сябе ў парадак, як прыйшоў Палкоўнік.
— «Мы на горе всем буржуям мировой пожар раздуем», — раўнуў ад парога цытатай. — Ну, як там ідзе паглыбленне рэвалюцыі? Бібліятэкі ўсе спалілі? Раялі, люстры ўсе пабілі?
Читать дальше