Забава пралез праз плот у сад сямейства Солічаў, бо брамка на падворак была зачыненая (не хацеў неспадзявана ўваходзіць праз парадныя дзверы). На падвор- ку спыніўся насупраць асветленых вокнаў кухні; рэшта хаты патанала ў цемры.
«Можа, хто выйдзе?» — падумаў Забава. Было яму вельмі сумна. Колькі ж гэта разоў калісьці ў гэтай хаце, пры жыцці Кастуська ладзілі вясёлыя забавы, на якіх збіралася гэтулькі моладзі. Цяпер не мог адгадаць, што робіцца за сценамі. Толькі прадчуванне казала яму, што анічога добрага.
Хтосьці ўвайшоў у кухню і стаў ля акна.
«Гэта Мікалай», — падумаў Забава, пазнаючы старэйшага брата Кастуся. Падбег да акна, ускараскаўся на дыбачкі і ціха пастукаў у шыбу. Мікалай спалохана зірнуў у акно. Прыгледзеўся.
— Хто там? — пачуў Забава ягоны голас.
— Выйдзі на якую хвілю, — адказаў голасна.
Мікалай азірнуўся ўнутр пакоя і адшчапіў акно.
— Хто там? — паўтарыў устрывожаны.
— Я. я. Раман.
— Ра-а-ман?
Сполах адбіўся на твары Мікалая, які збялеў на палатно.
— Зараз выйду. зараз. — прашаптаў.
Неўзабаве быў на падворку. Забава адчуў, што Мікалай дрыжыць усім целам — не ад холаду, але ад хвалявання.
— Скуль вы? Навошта сюды прыйшлі? Што вы рабілі?
— Я прыйшоў з Польшчы. Прынёс вам два фотаздымкі Кастуська. Думаў, што гэтым усцешыцеся.
— Ідзіце адгэтуль. Нічога не трэба. Ніякіх фотаздымкаў. Маці як вар’ятка. Пятрусь на эпілепсію захварэў. Страшэннае няшчасце. Не трэба чапаць ранаў.
— Няўжо нельга было яго выратаваць?
— Мы рабілі ўсё, што можна. Маці ў дошку разбівалася, каб выцягнуць яго з іх лапаў, але іх так там спялюшылі, што ... што мы анічога зрабіць не маглі.
— А што ў вас дома?. Навогул, што чуваць?
— Дол. магіла. Ідзіце адгэтуль. Не. Пачакайце. Дайце, калі ласка, здымкі. для сябе захаваю.
Забава сціснуў халодную далонь Мікалая.
— Да пабачэння.
— Бываце.
Прайшоў да канца прысадаў і спыніўся насупраць доўгага моста. Выняў гадзіннік.
Без пяці дзевятая.
Паволі пакрочыў назад. Пасярэдзіне алеі сеў на лаўку і стаў глядзець перад сабою. Жаласна плёскалі аб бераг халодныя хвалі ракі.
Дзевятая.
Раптам прыкмеціў углыбіні прысадаў тры мужчынскія постаці. Сэрца ягонае ўстрапянулася.
«А раптам?»
Мужчыны наблізіліся да яго. Адзначыў аднаго вайсковага ў шынялі і будзёнаўцы з вялікай чырвонай зоркай; на поясе вісеў у кабуры наган; на рукаве былі нашытыя тры чырвоныя ромбы.
«Буйная рыбка», — падумаў Забава.
З вайскоўцам крочылі два цывільныя. Адзін з іх трымаў пад пахай тоўста набіты партфель. Гучна размаўлялі.
Забава змрочна ўзіраўся ў іх. Правую руку трымаў у кішэні, моцна сціскаючы шурпатую ручку парабелума. Зняў рэвальвер з засцерагальніка, з асалодаю чуючы лёгкую, сухую, характэрную пстрычку. Тры мужчыны наблізіліся да яго.
Перасталі размаўляць, пазіраючы на самотнага чалавека ў вайсковай форме, з пазнакай на шапцы, што выдавала ў ім тэхніка, які сядзеў з дзіўным выглядам.
«Няхай толькі зачэпяць», — думаў Забава, адчуваючы як нарастае ў ім цяжкая хваля злосці. — «Я ім зачаплю».
Правакацыйна прымружыўся і закапыліўшы ніжнюю губу глядзеў ім у вочы. Мінулі. Азірнуліся. Вайсковец спыніўся, відаць, хацеў штосьці сказаць.
— Хадзем, Вася, што табе? — прамовіў нецярпліва адзін з цывільных.
Пайшлі далей. Зніклі ў цэнтральнай прысадзе. Ішло на дзесятую гадзіну. Забава падняўся. Прымружыў вочы. Уявіў велізарную, дужую постаць Часлава, яго добрыя вочы і дзіцячую ўсмешку; флегматычны твар Алеся і іранічны бляск ягоных вачэй; задуменнае аблічча Кастуся. ягоныя самыя дарагія яму вочы, сумныя, глыбокія, мілую ўсмешку сябра. Да ягоных вушэй даляцелі апошнія словы развітання на вакзале ў Вільні: «Не засмучайся, Раманку. Вучыся, працуй. Усюды жыць можна».
«Усюды?! Толькі не тут», — падумаў Забава і ўзгадаліся яму зноў словы беларуса з Вільні: «Гэтым кроў беларуса што вадзіца».
Павольна пакрочыў у кірунку моста. Спыніўся над берагам ракі і доўга пазіраў углыб прысады.
«Трое не прыйшлі... Трое...» — прашаптаў, і праз хвілю дадаў у думках: «Нез’яўленне апраўдана». Жудасны смутак ахапіў ягонае сэрца.
Енчыў і плакаў вецер у галінах ліпаў; трывожна дрыжэла і шаптала лісце. Вакол віравалі мёртвыя пасмы святла ліхтароў.
Змрочна і глуха плюскацелі чорныя хвалі Свіслачы.
* * *
Дарога была жахлівая. Ногі грузлі ў ліпкім глеі, які прагавіта засмоктваў і скоўваў ступакі. Здзяйсненне кожнага кроку патрабавала высілкаў. Забава больш крочыў па размоклай раллі, чым па дарозе. Вочы, хоць і прызвычаеныя да цемры, не маглі заўважыць анічога нават за крок перад сабою.
Читать дальше