— A нічога. Такой бяды! — заступіўся за юнака шыракатвары.— У ягоныя гады i мы з табою былі невялікія майстры.
Затым уважліва агледзелі вугалі вогнішча i траву навокал i вывел!, што Ждан харчаваўся малюскавымі бяззубкамі i смаўжамі, налоўленай нейкім чынам рыбай, пёк карані белай лілеі. У лейкаватай пасудзіне з бяросты яшчэ крыху заставалася натоўчанай з сушаных трысняговых каранёў мукі. Але больш за ўсё здзівіліся мужчыны, калі знайшлі абгрызеныя косткі зайца.
— Няўжо каменем? Ці ў якое сіло загнаў?
Па ўсяму было бачна, што Ждан вытрымаў выпрабаванне выдатна. Заставалася толькі паглядзець, як ён умее затойвацца ў гушчары i што выбраў на схованку.
Шукачы расцягнуліся паскам у лясным зарасніку i пачалі паволі прачэсваць выспу, зазіраючы пад кожную вывараць, аглядаючы кусты арэшніку i ядлоўцу. Выспа была нешырокая i асабліва патаемных куткоў тут было няшмат, да таго ж мужчыны ix усе добра ведалі. Але дзе яны ні шукалі, усюды было пуста — ніякіх адзнак, што там схаваўся юнак. Трапляліся, праўда, ягоныя сляды, але даўнія, не сённяшнія.
— I куды ён зашыўся, не пад зямлю ж? — бурчалі мужчыны, зноў беручыся перашукваць выспу.
I тут яны заўважылі дзядка, якога пакінулі сторажам каля даўбёнкі. Дзядок спяшаўся да ix з надзвычай разгубленым выглядам. За колькі крокаў ад загону ён задыхана выгукнуў:
— Чоўна няма!
— Як, няма? — страпянуліся мужчыны.
— Няма! Як пад ваду пайшоў!
— I як гэта здарылася? — пачалі яны распытваць у дзядка, калі прыбеглі на апусцелы бераг.
— Сяджу каля чоўна, чакаю. А вас усё няма i няма, ажно нудзіцца пачаў. А тут адно чую, у арэшніку нешта зашастала. Ждан, думаю, затаіўся. Вось тут яго i злаўлю. Я — туды. Палазіў па кустах — нікога. I тут мяне быццам кальнула што — каб якой бяды не здарылася. Выбег з арэшніку, зірнуў на бераг i абамлеў — даўбёнкі як i не было...
Угледзеліся мужчыны ў пясок — каля шырокай умяціны ад чоўна вільгатнелі ўжо знаёмыя да драбніц адбіткі босых Жданавых ступакоў. Гэта ён, паршывец, мабыць, каменьчыкі кідаў у кусты, каб звабіць туды старога, а сам сапхнуў даўбёнку ў ваду i знік з ёю ў трыснягу.
Вось будзе сораму на ўсё наваколле, калі хлопец надумаецца паплысці ў паселішча, пакінуўшы ix на выспе. Смеху i кпін не абярэшся.
— Ждан, не дурніся! Аддай човен! — гукалі мужчыны ў трыснёг.
Той толькі шапацеў сваім вузкім лісцем.
— Так i быць,— пачалі здавацца «экзаменатары»,— ты перамог — мы цябе не здолелі знайсці!
— I праўда, сынку, выплывай. Хопіць жартаў! — гукнуў i бацька.
I тады мацней зашапацеў трыснёг, i з яго высунуўся човен, у якім сядзеў Ждан. На ягоных сцёгнах была плеценая лубяная апаяска, за ёю тырчэў крамянёвы нож. З пляча юнака звісала заечая шкурка. I хоць гэта i не было мядзведжае футра, але Ждан усё адно зараз выглядаў сапраўдным паляўнічым.
— Хітры ты, Ждан,— дабрадушна бурчаў шыракатвары, заграбаючы вяслом, калі вярталіся з Выспы Выпрабаванняў.— Але i лупцоўкі табе не шкодзіла б. За непавагу да старэйшых.
А бацька не выцерпеў i запытаўся:
— А на той Выспе Мерцвякоў... як там?
— А я да яе не даплыў. Пад самым берагам страх узяў...
— I правільна зрабіў,— пагадзіліся мужчыны.— Хай з чужымі духамі разбіраюцца светары, а наша з табою справа — на тура ды мядзведзя хадзіць, зямлю ад чужынца бараніць, ячмень сеяць. Ды i ці мала ў нас мужчынскіх заняткаў.
* * *
— Калі не памыляюся, усе гэта этнографы на лацінскай мове называюць ініцыяцыяй — пасвячэннем.
— Не, не памыляешся, Іван Пятровіч. I зараз у жыцці юнака ці дзяўчыны ёсць такія рубяжы, калі яны «юрыдычна» становяцца паўнапраўнымі дарослымі — атрымоўваюць пашпарт, могуць жаніцца або выйсці замуж, адказваюць за свае ўчынкі перад законам, пачынаюць працаваць i гэтак далей. Нешта падобнае адбывалася i ў старажытнасці. I гэты пераход у даросласць быў важным этапам i суправаджаўся адпаведнымі дзеяннямі і абрадамі пасвячэння. Пры гэтым пасвячаемага падвяргалі розным выпрабаванням.
— Усё забаўляешся драўляшкамі, а твае аднагодкі ўжо даўно на паляванне ходзяць, мяса дадому прыносяць,— упікнула аднойчы маці свайго сына.
Суседзі таксама пакеплівалі, а некаторыя i бурчалі:
— Займее сям'ю i трэба будзе стаць яе кармільцам ды i бацькам, калі састарэюць, дапамога спатрэбіцца, а ён, як кабета, баіцца парсюка закалоць ці авечку зарэзаць. I ў лесе з лукам яго не ўбачыш.
Крыўдна робіцца Вячорку за такія словы, бо ён не быў баязліўцам. Калі леташняй зімою мядзведзьбадзяга ўламаўся праз загароду ў быдла, хіба не ён, Вячорка, першым з дзідай кінуўся на яго? Але ён не мог падысці з касцяным кінжалам да кабанчыка, якога сам выгадаваў з пацешнай малечы, або з нажом да барана, якога калісьці зімою адаграваў у хаце каля агнішча i цішком ад маці ласаваў кавалачкамі праснака.
Читать дальше