Рэба маўчаў. Ён нават не глядзеў на Сцёпку. Ён успомніў вайну. З усяе вайны, праўда, запомніў адно – як ударыў яго немец. Для яго вайна пачалася і скончылася гэтым эпізодам. А ўжо пазней, калі трэба было хадзіць у школу, то навука ў яго не пайшла, затое прымалі, як свайго, у бальніцах.
– Дык ты ідзеш ці не? – насупіўся Сцёпка.
Рэба з крэктам устаў, атрос пыл з портак, заківаў галавой:
– Не,не,не! Я баюся немца...
– Дык гэта ж добры, сам гаварыў, немец.
– Усё роўна – баюся.
– Эх ты! – уздыхнуў Сцёпка , махнуў рукой і сеў на тое месца, якое вызваліў Рэба. – А я думаў, ты смелы... Думаў, што можаш у яго, фрыца, кампенсацыю папытаць. А ты?!. Думай тады, дзе разбагацець на бутэльку.
– Мне ніхто не дасць, – зморшчыўся Рэба. – Матка папярэдзіла людзей, каб не давалі. Злы я, кажа, калі нап’юся. А ці ж злы я, Сцёпка?
– Злы не злы, а нікому кепскага ніколі не зрабіў,– сказаў Сцёпка і ікнуў. – Во, нехта ўспамінае. Зінка, хто ж яшчэ. Зараз высуне галаву з акна і так гыркне, што...
Сцёпка не дагаварыў – з-за вугла крамы вытыркнуўся Пахомчык, стары халасцяк, чалавек неакрэсленых гадоў. Ён разявіў рот, быццам здзівіўся, убачыўшы на ганку Рэбу і Сцёпку.
– А загрызці ёсць чым? – нарэшце знайшоўся Пахомчык і паказаў бутэльку. – Як знаў, што вы тут. Сёння я вас частую, заўтра – вы мяне.
– Пра што можа быць гаворка? – засвяціўся твар у Сцёпкі.
Рэба ж стаяў усё яшчэ пахмурны, бы дзень позняй восені.
– Гайда за вугал! – загадаў Пахомчык.
За ім ахвотна патупалі. Там, паміж цаглін, была прыхавана чарка, у цэлафанавым пакеціку ляжаў акрайчык хлеба. Выпілі. Хлеб высах, не ламаўся, таму Сцёпка пабег да дзічкі, знайшоў некалькі паданкаў. Яны яшчэ лепш, чым той чэрствы хлеб. Калі самагон запаліў усяродку лямпачкі, Сцёпка пажаліўся Пахомчыку на Рэбу, які не жадае сарваць з немцаў, што прыехалі ў вёску, кампенсацыю за таго фрыца, што ў вайну выбіў з галавы ў яго частку розуму.
– І правільна робіць, – не падтрымаў Сцёпку Пахомчык. – Як гэта – пайсці да чужых людзей і прасіць? Гэта ў суседа можна. Хай і дулю іншы раз пакажа. Дык то наша дуля, мясцовая. А калі немец варсане, то яна, тая імпартная дуля, будзе доўга смярдзець. Не ідзі, Рэба. Не слухай.
– Не пайду,– павесялеў Рэба. – Не пайду. Матка сварыцца будзе, калі пачуе... Ну яго, немца!..
Сцёпка нервова плюнуў, а Пахомчык адышоў на хвілінку, апусціў руку ў бур’ян і выцягнуў другую бутэльку.
... Рэба ляжаў на ўзбочыне, паклаўшы далонь пад галаву. Смаліла сонца. Шапка ляжала паблізу – за метр ад яго. Нешта не відаць Рэбавай маткі: наказаў старой сам старшыня калгаса, каб завалакла п’янтоса дадому, каб не сарамаціў калгас і вяскоўцаў перад нямецкімі гасцямі. А яны, немцы, ходзяць па вёсцы, знаёмяцца з жыццём людзей. Неўпрыкмет і на Рэбу натрапілі. Адзін з гасцей рагатнуў, паказаў пальцам:
– П’ян, так?
Старшыня разгубіўся, пачырванеў. Выручыла яго Сымоніха, старая,але жвавая бабулька, якая прымазалася да гасцей і хадзіла з імі па вуліцы, дзе ёй было ўсё знаёма-перазнаёма, але дома не было чаго рабіць, таму і шлындала. Яна, смела зірнуўшы на немца, што паказаў на Рэбу пальцам, сказала гучна і з нейкім непрыхаваным папрокам:
– Ён жа на сваёй зямельцы ляжыць, панок!
Вестка аб тым, што Кругліца папоўнілася яшчэ на аднаго жыхара, ды не на абы-якога – тры кілаграмы семсот грамаў!– разнеслася па вёсцы з такой хуткасцю, што і ўявіць цяжка: толькі ж уехаў у Кругліцу дзед Макар, толькі шапнуў адной Ягорысе: «Сын у Дуні...», а на пытанне «У якой Дуні?» нават не паспеў адказаць – не спыняць жа каня, калі той ходка, галаву задраўшы, імчыць... Ягорыха, мусіць, адразу прыгадала, колькі Дуняў у вёсцы. Па яе меркаваннях, толькі адна Дуня, Хусціна, магла нарадзіць. Няўжо ж Шарыпава? Не, што вы! У яе ўжо ўнукі – жаніхі. Не, не... Ды і ад каго ж ёй нарадзіць дзіця тое, калі мужык, Хвядос, даўным-даўно загавеў – кволы быў чалавек, хваравіты... І гадкоў Шарыпавай слава Богу... Застаецца адна Дуная – Хусціна. Але ж ад каго і яна магла нарадзіць? Розуму не даць. Ягорыха ўсіх мужыкоў перабрала, хто б мог да перастаркі падкрасціся, прыладзіць ёй, калі верыць Макару, дзіця. І здагадка старой ні на каго не трапляла. І як трапіць, калі Дуня сама ў штанах ходзіць і з мужыкамі нароўні трымаецца – то шчаўчка ўлепіць каму з іх, то за вуха шкуматне, а то і рубель у складчыну свой кіне. Не пашэнціла з замужжам дзеўцы... Толькі ж паверыць было цяжка Ягорысе, што яна, Дуня, можа нарадзіць. Цяжка паверыць. Хто б іншы, тая ж Шарыпіха нават, толькі не Хусціна: Ягорыха нічога не бачыла ў яе жаноцкага – і на целе, і ў галаве. «Ой, людзі! Дык што ж гэта атрымліваецца? Дуня нарадзіла дзіця! Дуня-я! Усё роўна, каб сказалі, што Ягор мой...»
Читать дальше