Ён, тугі ў плячах, каранасты і ўвогуле моцны з выгляду чалавек ляжаў пад кропільніцай. Яго ратаваў прэднізалон – гармон, сумна-радасна вядомы кожнаму астматыку. Скараход, калі першы раз трапіў з бронхамі ў пульманалогію, доўга не мог запомніць назву гэтых лекаў: дужа мудрагелістым, замежным здавалася слова. Затое цяпер разбудзі сярод ночы – скажа: «Прэднізалон!» Смешна ўспомніць, але тады ж сусед па палаце, вярнуўшыся са сталоўкі, адразу пачынаў корпацца ў тумбачцы, даставаў адтуль прынесеную жонкай ежу – сала, курыную ножку, вараныя яйкі. І ўплятаў за дзве шчакі. Калі ж на яго касіў вачыма Скараход, той, крыўляючы сківіцамі, быццам апраўдваўся:
– Пачакай, пачакай, пачне прэднізалон рабіць сваё дзела – тады я на цябе падзіўлюся.
Скараход адно што і зрабіў, дык гэта лыпнуў вачмі і адвярнуўся. А пазней, калі, як і абяцаў сусед па палаце, той загадкавы прэднізалон моцна падмяў яго пад сябе, ён тэрмінова наказаў сваім, каб забяспечылі харчамі. «Ад бальнічных смокча пад лыжачкай!» Прэднізалон і разнёс яго, небараку, – такі апетыт выклікаў, што вымушаны быў сярод ночы падсілкоўвацца. Знаёмыя, сустрэўшыся на вуліцы, азіраліся ўслед: Скараход гэта ці мо я памыляюся? Быццам, ён... Быццам, не...
Прэднізалон Скараход прымае кожны дзень – без гармонаў ён ужо не жыток. Чаго і дамогся, калі даведаўся, што гэта за трасца такая, дык гэта аднаго – споўз, паступова скарачаючы дозу, з некалькі пілюлек да адной. Бо сам адчуў: трэба пазбаўляцца ад прэднізалону, а то не атрымліваецца шнуркі завязаць – жывот перашкаджае. Зноў жа – сэрца... Праўду кажуць: адно лечыш, другое калечыш.
Лежачы пад кропільніцай, Скараход успамінаў Узбекістан, дзе жыў пэўны час пасля арміі і адкуль паспеў з’ехаць да распаду СССР. Чым ганарыўся, хваліў сябе за дальнабачнасць: пакуль гляджу наперад – не прападу і сам, не дам прапасці і сваім скараходзікам.
Сёння яны, дарэчы, павінны прыехаць да яго. Святлана і Паўлік. Верка не зможа – у яе на першым плане малады муж, а не бацька. Мядовы месяц. Святлана вучыцца ў тэхнікуме, цяпер у яе канікулы. Паўлік, падскрэбыш, у чацвёртым класе. «Добра, што дзеці прыедуць», – разважае Скараход, расплюшчвае вочы, глядзіць на дзверы. Ціха. Пакуль няма. Толькі сусед Пятровіч, як і ён раней, пяць гадоў назад, чмякае ротам: прэднізалон, халера!
Ага, вось і дзеці. Яны вітаюцца з бацькам, Скараход ледзь прыкметна ўсміхаецца: задаволены. Не забываюць. Малайцы.
– Сядайце, – прапаноўвае ён.
– Сядзем, – кажа Святлана, а сама мітусіцца: напакоўвае тумбачку харчамі, паклала зверху, на ўскрайчык, некалькі сістэм (кропельніц), свежыя газеты.
І таксама сядае побач з Паўлікам на падстаўлены ім стул.
– Што там, дома? – вытрымаўшы паўзу, глядзіць на дзяцей Скараход.
– Нармальна, – ківае Паўлік.
– Дома добра, – усміхаецца Святлана.
Маўчаць. Скараход, відаць, успомніў дом, які стаіць амаль у самым цэнтры райгарадка; ад Гомеля, дзе ён цяпер ляжыць у пульманалогіі, паўгадзіны язды на аўтобусе.
– Сена ўсцягнулі на гарышча? – Скараход паглядзеў на кропельніцу, на дзяцей.
– Ага. Зацягнулі. І адразу да цябе. – Адказала Святлана.
– Адны ўсцягвалі? Ці Верка са сваім памаглі?
– Адны... – зноў адказала Святлана.
Скараход незадаволены, хмыкае:
– А яны, бач, запанелі. Толькі грошай дай, бацька. А дулю! Хопіць! Усяму калі-небудзь бывае канец. Вяселле ім зрабі, яшчэ якую-небудзь трасцу прыдумаюць. Я гэта ім ўспомню. Спаць яны будуць мне ў абдымку! А... а торфакрошку ў хлеў яны не перакінулі? Каля брамы ляжала куча. Я іх прасіў.
– Не бачыла я, – нясмела варухнула плечуком дачка.
– І я не бачыў, – схлусіў Паўлік, бо тая торфакрошка як ляжала, так і ляжыць.
– Паслеплі, бачу, усе, – буркліва вымавіў Скараход. – Лячыцца трэба. Акуляры купляць.
– Тата, – пастаралася ўсміхнуцца Святлана, – табе ж нельга хвалявацца. У цябе ж сэрца хворае.
Быццам паслухаўся. Але праз хвіліну пацікавіўся:
– Ліпу на дровы папілілі? Ці так і ляжыць?
– Ясна, – зноў скрывіўся, бы ад болю, ён. – Як дзень ясна. Вам бы толькі ўсім цягнуць з мяне апошнія жылы. Толькі б есці ды піць. Адчуваю, без мяне там і трусы падохнуць. Павел, трусоў корміш?
– Кармлю... – Паўлік апусціў галаву.
– «Кармлю...» Бурак, пэўна, кінеш адзін на ўсіх – і гуляць. Глядзі, за кожнага адкажаш. За кожнага! Спытаю! Тачанку, матка ўчора гаварыла, зламалі. Хто зламаў? Маўчыце. А што тут скажаш? Ламаць не будаваць, маць вашу!.. Вы хоць печ не разваліце, пакуль я тут. Света!
– Ну, што? – на вачах дачкі ўспыхнулі слёзы.
Читать дальше