– Спаць,– шчыра прызнаўся Пачакай.
– Зноў Дуня прагнала?– пацікавіўся Кіпцік.
– Не Дуня, а Еўдакія,– удакладніў Пачакай. – За тое, дарэчы, вытурыла, што Дуняй назваў.
Чапуха хехекнуў:
– Нешта яна цябе шпурляе, бы па целявізару хлопцы той мяч нагамі?
– Пачакайце, мужыкі,– Пачакай нарэшце паставіў чамаданчык,– я за яе яшчэ вазьмуся.
– З панядзелка?– усміхнуўся Амерыканец.
– Бярыся, бярыся хутчэй,– параіў Кіпцік.
– Пачакае!– Пачакай сеў. – А ўсё ж, ёлкі-палкі, мне Еўдакію сваю спярша трэба было вось куды... у лазню, а тады весці ў ЗАГс. Эх, чорт! Позна. Позна! Вось тут бы яе праверыць, якой яна кандыцыі, якога сорту! Мужыкі – яны ўсе аднаго памолу, на адзін капыл яны.
Пакуль Пачакай скардзіўся-дакараў сябе, мужчыны адзін за адным нырнулі ў лазню, і ўжо адтуль Кіпцік падаў голас:
– Ты пра што гэта там, Пачакай?
– Пра Еўдакію сваю!– гучна паведаміў Пачакай.
– А-а-а!– крактануў Кіпцік, цярэбячы сябе венікам.
Хоць мала што чулі мужчыны, пра што ім баіў Пачакай, але ён на гэта не звяртаў увагі:
– Мазгоў у нас, мужыкоў, мала. Дзе знаёмяцца? У рэстаране, каб ён прахам пайшоў!.. А ты яе ў лазню прывядзі спярша, адмый, а тады глянь, што яна з сябе ўяўляе, баба твая. Ёсць рэзон? А як жа. Вось я і гавару, што я Еўдакію сваю ў рэстаране на вакзале прыдбаў. Ну. Занесла мяне неяк туды. Выпілі, значыць...
– Выпілі?– перапытаў Амерыканец, ікнуў.
– Выпілі. І добра.
– Шанцуе ж людзям!– зноў мовіў Амерыканец.
– Пачакай, Амерыканец!– нахмурыўся Пачакай. – Выпілі і сядзім. А тут «Белы ветразь» спяваюць. Душа, адчуваю, у разнос вось-вось пойдзе. Ніколі ж, людзі, у жыцці не скакаў, а тут, у рэстаране, не ўсядзеў, не ўбярогся. Ды як урэзаў пад аркестр! Лепш бы пачакаў... Усе «Белы ветразь» скачуць, а я «Польку». І тут мяне пад руку бярэ... Хто, вы думаеце?
На гэты раз падаў голас Кіпцік:
– Міліцыянер?
– Памыляешся,– спярша ўсміхнуўся, а потым зноў звёў бровы Пачакай. – І тут мяне пад руку бярэ... Еўдакія. Прыгажуня, браткі! Што на карціне. Вось тут я і даў трэшчыну... па швах распоўзся. Улюбіўся, мужыкі. Чуеце? Хочаце верце, хочаце не. Ваша дзела. А не, каб яе спярша ў гэтую лазню... Намазаная была. Як сцяна патынкавая. Цьфу! Гарадская яна і ёсць гарадская. Ледзь што – кувырк у ложак, а ты круціся, што вавёрка ў коле. І парасят кармі, і курэй, і карову даіць трэба самому.
– І Дуню,– пацвяліўся з-за дзвярэй Кіпцік.
– Што – Еўдакію?– перапытаў Пачакай. – Карміць? Альбо даіць? Гэта – па-першае. А, па-другое, не Дуню, а Еўдакію Макараўну. А цяпер вось спаць у лазню прыйшоў. Мыйцеся, мыйцеся, мужыкі. Я пачакаю вас на двары.
На двары Пачакай сутыкнуўся нос у нос з участковым Сазурам.
– Штрафнікі там? – першай справай пацікавіўся участковы.
– Мыюцца, калі пра Чапуху пытаецеся,– прапусціў у прылазнік Сазуру Пачакай.
– Мы мыемся!– убачыўшы ўчастковага ў маленькую шыбачку, што святлела пад самым дахам, паведаміў Кіпцік.
Неўзабаве Сазура прыклаў вуха да дзвярэй:
– Што ж так, мужыкі? Мяне, участковага, рашылі без кавалка хлеба пакінуць? Чаму маўчыцё? Кіпцік! Ты што, язык пракаўтнуў?
– Чую, чую, Паўлавіч. Кіпцік чуе.
– Што з тваімі курамі?– дапытваўся, не адрываючы вуха ад дзвярэй, Сазура.
– Ні курэй, ні таго, хто іх замардаваў,– не зусім ахвотна прызнаўся Кіпцік.
– Як думаеш, і шыбкі выбіў адзін і той жа чалавек?
– Больш скажу: і Швагра ён пусціў па белым свеце. Думаю – адзін. Для нашай Гуты хопіць і аднаго, каб нашкодзіць.
Сазура спытаў больш строга:
– Чаму не заяўляў?
Кіпцік прызнаўся:
– Не хацеў турбаваць цябе, Паўлавіч.
– Раз не пажадаў мяне турбаваць – шклі вокны, здабывай курэй і сабаку. Чапуха тут?
– Тут!– пачуўся голас Чапухі.
– А што ж ты падвёў Арынавіча?
– Чапуха. Выкруцімся.
– Хоць і не па маёй лініі быццам твая паштарская сумка, але мушу сказаць: у нашай Гуце павінен быць усюды і ва ўсім узорны парадак.
– Больш не буду!– паабяцаў Чапуха.
– Глядзі ў мяне!– пагразіў пальцам на дзверы Сазура. – Ну, і апошні – Амерыканец. Амерыканец, чуеш?
– Больш не буду!
Сазура кашлянуў у кулак, і сказаў, не хаваючы задавальнення ад сваёй работы:
– Гэта добра, што вы мяне зразумелі. Вылезеце з лазні – падпішаце пратакол допыту. А пакуль мыйцеся. Я з Пачакаем пачакаю.
12
Вось і наступіў той дзень, калі павінен быў вярнуцца з курорту Мішка. Дзень сонечны, цёплы. Чаго не скажаш пра герояў нашай заблытанай гісторыі. Яны тапталіся па двары Арынавіча, стараючыся не сустракацца позіркамі. А вось апрануты былі мужчыны ў свае лепшыя ўборы. Бы на вяселле сабраліся і чакаюць, калі паклічуць іх да святочнага стала.
Читать дальше