Сцяпан крэкнуў, пашкроб нос, бадзёра адказаў:
– Буду, буду, Лідуся.
– Толькі не крыўдуй, Сцяпан, але без віна памянём.
– Ёстваю няхай, га! – Стары падняў з зямлі драч, якім усё збіраецца падмесці каля веснічак, але ляснуў з усяе сілы ім вобзем: – Тады давай тут, на лаўцы. Я вядро вады вынесу. Кружку. I вып'ем.
– Не, за сталом. Я прыгатавала вячэру.
– Эх, бабы, такую вашу! Мужыка памянуць – i без віна! Іван твой перавернецца там, у магіле, ад такога памінання!
– Ты хіба не ведаеш, што за чалавек Іван быў? Няхай хоць цяпер у мяне на стале нічога не будзе, – быццам апраўдваючыся перад Сцяпанам, сказала Лідка. – Ты, я, Маруся – i памянём.
– Што робіцца, га? Што робіцца? Да чаго дайшлі! Не, я дружка свайго закадычнага памінаць вадой не буду, як таго хочаш.
– I не ўздумай прыперціся з бутэлькай! Не уздумай! – рашуча заявіла Лідка.
– Мае дзела!
– Тады лепш не прыходзь!
– Як гэта – не прыходзь? – пакрыўджана глянуў на Лідку Сцяпан.
– Сцёпа, я ж i памінак гэтых зусім не хацела рабщь. Я ж i сказала яму, калі жывы быў: памрэш, нягоднік, забуду на другі дзень. Ён жа ў мяне ў пячонках сядзіць, Іван. Во тут сядзіць... – паказала рукой, дзе яе боль. – Марусю папрасіла, калі раней адыду, каб побач з ім не хавалі мяне: жывы абрыд. Так што i ca сваёй бутэлькай не прыходзь.
– А я сказаў Івану: калі памрэш, не забуду цябе, братка. Як я цяпер у вочы яму гляну?
– А я табе сказала, што сказала. Мы тады з Марусяй пасядзім. Без цябе.
– Лідка, апомніся, не бяры грэх на сваю душу! – ёрзнуў Сцяпан.
– Грэх? Які грэх? Гэта піць – святое дзела? Так? Піць? – ускіпела Лідка. – А пра другіх вы думаеце, калі з бутэлькамі дружбу заводзіце, булькачы? Пра жонак, пра дзяцей – думаеце? Ён вось мяне адну пакінуў. Пад старасць. Я была яму трэба толькі маладая, здаровая. А цяпер сама касі, капай, саджай. Яму добра: там нічога рабіць не трэба.
– Дык ідзі і ты... туды, – крыва ўміхнуўся Сцяпан.
– I я пайду, а куды ж дзенуся. Адгуляў, паразіт, на гэтым свеце – і пайшоў сабе, а ты тут горбіся.
– Пі ці не пi, а колькі дадзена – столькі i прашкандыбаеш на гэтым свеце.
– Няпрауда! Яна, яна, зараза, яго скруціла раней, чым трэба. I цябе ж тое самае чакае.
– Завялася, завялася, малатарня, – паморшчыўся Сцяпан.
– Гэта ж нікому не гаварыла, што ён вытвараў. Сам рабіць ленаваўся...
– Дык і добра тады, што памёр, – сказаў i зачырванеўся Сцяпан: дрэнна сказаў.
– Ды i які ж работнік з чалавека, калі яго на пахмелле ліхарадка б'е? А гарэлку шукае. Мне трэба было б яго адразу прагнаць, калі маладая была. Нагой пад задніцу – вон! Як пажаніліся толькі, ён ужо i тады паказаў... Нікому не расказвала. Саромелася... Цяпер раскажу. Паслухай. Самагонку я выгнала – новую хату будаваць пачалі, людзей пачаставаць збіралася. Наваселле зрабіць. Радасць жа – новая хата.
– Гэта так. Асабліва тады, пасля вайны, цяжка было будавацца, – згодна кіўнуў Сцяпан.
– Схавала я самагонку i на працу калгасную пабегла. Лён церабілі, як цяпер помню. А ён дома застаўся – аканіцы падганяў. Працую сабе, ні аб чым кепскім не думаю, а ён, паразіт, усё пераштыкаваў на агародзе, сена перапальчыў, шукаючы яе, заразу... Я ўжо знала яго, грашок вадзіўся, таму i схавала. Не знайшоў. Тады што ён робіць, халера? Ведаў жа, паразіт, што самагонка ў вялікім бутылі была, наліў у парожні бутыль столькі ж вады, паставіў на стол, хлеба нарэзаў, цыбуліну паклаў, а сам глядзіць, калі я на абед бегчы буду. Толькі я парог пераступіла, а ён п'яным прыкінуўся. Ляжыць i стогне. Абарвалася нешта ў мяне ўсяродку, як убачыла, што палавіна самагонкі выпіта. Рукамі ўспляснула: «А такую тваю! У карчы схавала – i там знайшоу!» Натаўкла яму ў каршэнь, за бутыль з вадой – тады ж не знала, што там вада – ды i перахавала. А сама зноў на лён. Не паспела парог пераступіць, а ён да карчоў, параскідаў іх, знайшоў самагонку i амаль усю выпіў. Га?
Сцяпан смяецца амаль як не да слёз уваччу.
– Вось такое было ў мяне з Іванам наваселле, – роспачна ўздыхнула Лідка. – Ты чаго рагочаш? Смешна табе? Сам з сябе ж i смяешся.
– А не расказваў! А не расказваў! – прамакаючы брудным рукавом слёзы, круціў галавою Сцяпан. – Ну Іван, ну артыст! Райкін!
– Такія спектаклі ён часта ставіў. Гэтых анекдотаў ён навыдумляў на сваім вяку процьму. Так што не прыходзь, Сцяпан, з бутэлькай. Не трэба. Не магу я глядзець на яе.
Сцяпан уздыхнуў, скасіу вочы на Лідку:
– Дык навошта ж тады памінкі? Бульбы налопайцеся з Марусяй i песню зацягніце.
– Пець, можа, не спяём, а паплакаць паплачу. Усе ж я ад яго чацвярых дзяцей радзіла. Прыходзь...– ні слова больш не сказаўшы, Лідка патупала да свайго паселішча.
Читать дальше