Перш, чым заняць сваё законнае месца ў аўтобусе, Васіль Будзёнаўскі памеўся выручыць хлапца ў кепцы і з прарэхай у роце, узяў у таго чатыры пляшкі віна. Тых пляшак паэт не бачыў, яны былі ў цэлафанавым пакеце, да таго ж яшчэ і ў газеціне, на якой ён паспеў угледзець сваё празвішча, і здагадаўся, што гэта апошні нумар абласной «маладзёжкі», дзе на гэтым тыдні надрукавалі падборку ягоных вершаў. Хлапец у кепцы і з прарэхай у роце такія ж пакеты перадаў яшчэ двум чалавекам, і ўсім шчыра дзякаваў, а то , казаў, мытня не прапусціць, а гэта ягоны хлеб. Не віно, канешне ж, а чаўночны гандаль. Яму пайшлі насустрач. Васіль Будзёнаўскі не надта разбіраўся ва ўсім гэтым, а людзям дапамагаць любіў, хоць іншы раз яму гэта дорага каштавала. І заракаўся ж не рабіць больш такога, аднак забываўся на гэта чамусьці адразу, варта было звярнуцца да яго зноў каму-небудзь: «Вы , шаноўны, не змаглі б мне?..»
Неўзабаве аўтобус закалываўся на выбоінах, якіх з’явілася чамусьці многа ў апошні час на прывакзальнай плошчы, і пакіраваў па маршруце. Пасажыры памалу суцішыліся, і амаль усе яны былі заняты сваімі дробнымі справамі: адны снедалі, іншыя перакладалі з сумкі ў сумку, з пакета ў пакет розныя скруткі, пакецікі, пакункі... І так амаль усю дарогу, пакуль будуць ехаць да мытні, корпаліся, бы жукі. Адчувалася, што яны хвалююцца. І яшчэ тое, што амаль усе яны старыя знаёмыя. Паміж сабой.
Васіль Будзёнаўскі паспрабаваў заснуць – не атрымалася, галаву таўклі розныя думкі, ён адчуваў радасць ад прадстаячай сустрэчы з беларускім сябрам. Успамінаў і сваё жыццё. Нешта лагодзіла душу, нешта пакідала прыкры , прагорклы напамінак. Але ж жыццё ішло, ідзе і будзе, трэба спадзявацца на тое, ісці. Выдаў адзінаццаць кніжак вершаў, вырасціў сына, а цяпер песціць-гадуе ўнука. Выкладае ва ўніверсітэце. Праўда, за кандыдацкую нават не браўся. А навошта? Што новага, карыснага, патрэбнага людзям, разважаў, ён скажа? Атрымоўвалася – нічога. Тады навошта псаваць і свой час, і час людзей? Лепш напісаць кніжку вершаў. Гэта ў яго выходзіла добра, а трэба рабіць заўсёды тое, што атрымоўваецца. Да таго ж і выкладчыкам ён быў ад Бога – на яго лекцыях студэнты адсутнічалі толькі па нейкай важнай прычыне. Мала хто ведаў, што Васіль Будзёнаўскі пераклаў на сваю родную мову Біблію. Цалкам. Пакуль ён не надрукуе яе, мала хто, мусіць, і паверыць. А ён зрабіў такую працу! Уяўляў, як пахваліцца Віктару Ярасю, і той вохне ад здзіўлення: няўжо?! Так, братка-беларус, так.
Была і яшчэ адна мэта ў паэта і навукоўца – набыць у Гомелі мінеральных угнаенняў. Хоць кіло з дзесяць. На дачныя соткі сыпануць трэба, а то ж каравяк дорага каштуе і купіць сёння з ягонымі грашыма не па кішэні. Перад самой мытняй Васіль Будзёнаўскі папытаў у таго хлапца ў кепцы і з прарэхай у роце:
– Кажуць, там ёсць угнаенні. Комплексныя. На базары ў пакетах. Не сустракаў, часова?
Адказ быў няпэўны:
– Бачыў, везлі. А дзе бралі... мабыць жа, там.
Хлапец у кепцы і з прарэхай у роце раптам затрымаў позірк на твары Васіля Будзёнаўскага, сабраў на пераноссі ў пучок маршчыны, і нясмела, але гучна папытаў:
– Пачакайце, вы не паэт?
– Паэт.
– А я вас адразу успоміў, толькі сумняваўся... Можна ж было і памыліцца. Дай, думаю, лепш прыгледжуся. І не памыліўся! Вы да нас прыходзілі ў інтэрнат... вершыкі чыталі.
– Раней багата хадзілі. І ў інтэрнаты, і ў школы, і у ПТВ, у вёскі ездзілі. Было!
– А цяпер чаму ж?
– Каму мы там трэба? Цяпер у нас заахвочваецца той, хто размаўляе не на роднай мове, а на якой-небудзь замежнай – пераважна, на англійскай... Во тых сёння прывячаюць хлебам-соллю. І парсючка засмаляць.
Да хлапца ў кепцы і з прарэхай у роце не дайшло пра замежныя мовы, ён , разважаючы пра нешта сваё, яшчэ раз паказаў суседу па салоне ў аўтобусе шчыліну ў роце, і на пэўны час замоўк. Каб не маўчаць, Васіль Будзёнаўскі кіўнуў на пакет, што мясціўся каля ягоных ног, і пацікавіўся:
– Дык што, і праўда, з гэтага жывеш?
Той адказаў амаль адразу:
– Шурой празвалі. Ведаеце такога спевака?
– Не,– пакруціў галавой Васіль Будзёнаўскі.– Не чуў.
– Бяззубы.
– А-а!
– То і ў мяне ж зуба няма. Ды спераду. Як і ў яго. А дзе на зуб грошы возьмеш? Добра, каб хоць адзін... А то ж поўны рот гнілых.. Тых не бачна... Во і цягаюся з гэтымі пляшкамі, каб грошай сабраць... Калі служыць на Новую Зямлю пасылалі, то былі ўсе зубы... Не пойдзеш жа ў ваенкамат. Каб стрэбаваць. Там пашлюць. Яшчэ і ў спіну плюнуць.
– А ты схадзі, схадзі,– параіў Васіль Будзёнаўскі.
Читать дальше