Аднак участковы, Шэпелеў і Колька так гучна пачалі смяяцца, што старая нічога не магла зразумець, толькі лыпала вачыма. Потым усё ж здагадалася, што ў яму трапіў ветурач з Хутара, раней, калі не было ў Баравіках Насці, то колькі разоў звярталася і старая да Ягоравіча. Таму яна таксама смяялася бяззубым ротам разам з усімі, падала шчотку, каб той зноў падфранціўся – выпацкаўся, бы дзіця. Старая якраз сабралася падрыхтаваць яму, пара было капаць бульбу, і Ягоравіч плюхнуўся ў рэшткі чарназёму, што быў занесены мінулай восенню туды з клубнямі...
Нявеста і сапраўды жыла ў другой хаце ад крамы, але ж Ягоравіч патрапіў у першую. І як ён так апраставалосіўся? Быццам і лічыць да трох умее, а такі канфуз атрымаўся. Папрасіўшы ў старой прабачэння, сваты падаліся па неабходным адрасе. Толькі ж чаму і там няма святла? Ці спаць палеглі? Ці яшчэ што? Павінна ж чакаць Насця! Павінна ж, калі ўсё сур’ёзна!
А Насця і чакала. Яна сядзела на лаўцы перад хатай з сяброўкамі, якімі паспела абзавесціся, і ўсё бачыла. Гарэла і лямпачка ў першым пакоі, толькі акно было завешана шчыльнай фіранкай, і таму яно не сачылася на падворак.
– Прымайце сватоў! – падаў голас участковы і пасвяціў ліхтарыкам, шукаючы ў змроку нявесту.– Каторая наша будзе? О, ды тут усе прыгожыя, хоць другі раз жаніся! Дык што, запрашаеце ў хату?
– Заходзьце, калі ласка!– распарадзілася Насця, і ўсе зашоргалі ў хату, дзе нічога не напамінала, што тут рыхтаваліся сустракаць гасцей. Аднак неўзабаве за сталом не хапала месцаў – прыйшлі суседзі, нават вясковы святар Еўдакім.
І ўсё было хораша, усё было па-людску. Настаўнік не паказваў фокусы, а хваліў Ягоравіча, якога ўсяго два разы бачыў і пра якога ведаў, што ён заўсёды носіць з сабай скальпель і абяцае, калі вып’е, кастрыраваць усіх хутаранскіх сабак і чамусьці пеўняў, хоць і не ўяляе, што маглі зрабіць кепскае яму вясковыя гарлапаны. Ну, хай бы сабака—дык той можа шкуматнуць за калашыну... Нявеста дала згоду ўпрыгожыць халасцяцкае жыццё Ягоравіча, і хоць розніца ў гадаў паміж імі была значная, на гэта ніхто не звяртаў увагі – артысты ды вучоныя розныя і не такую розніцу маюць, а жывуць жа неяк, а мы што –горшыя? А з каманды падтрымкі нявесты хвалілі Насцю. Так, участковы, фокуснік і ўсе астатнія даведаліся, што яна не толькі ўмее палоць градкі, але сама доіць карову, варыць-парыць і нават не курыць і не п’е. Канешне, што зусім не ўжывае алкаголь, не дужа добра: а з кім жа яму цяпер, Ягоравічу, чарку браць? З участковым хіба? Але ж трэба тупаць да яго, а добра было б, каб напарнік жыў побач з табой, сядзеў насупраць за адным сталом.
Шэпелева больш здзівіла у гэтай хаце, што напаўняюць чарку і святару. Усе падымаюць чарку, і святар Еўдакім таксама. Усе выпіваюць, і ён.
– Свой мужык,– шапнуў настаўніку ўчастковы.
– Я ўжо бачу...
Выпілі. А чым закусвае яго светласць? Святар жа пазначыў некалькі разоў фігуркай з трох пальцаў парсючка, прашаптаў:
-–Пераводжу парася ў карася...
І падчапіў відэльцам кавалак смажаніны.
Ягоравіч паабяцаў забраць Насцю да сябе ў самы кароткі тэрмін, а працаваць, сказаў, будзе яна ў Баравіках. Нічога, паездзіць. Ці на ровары, ці вось, калі захоча, хай атрымлівае дакументы і бярэ «Масквіч». А што з адной фарай, і то бліжняй, то яшчэ лепш – будзе засветла спяшацца дадому. А ён, Ягоравіч, не стоміцца чакаць яе. Нават калі і спозніцца. Бо любіць. Ці кахае. Розніцы вялікай не бачыць.
– Я б забраў Насцю ў Хутар, але суседзяў крыўдзіць не буду,– важна і горда апавясціў Ягоравіч. – Няхай адзін ветурач будзе вам. Я так рашыў. Ну, а цяпер мой сват Іван Валянцінавіч пакажа вам фокусы. На развітанне.
Пачуўшы пра фокусы, настаўнік ікнуў:
– Мне пачулася?
Участковы сказаў, што ён і сам бы з задавальннем паглядзеў фокусы і на ўсякі выпадак прабег пальцамі па гузіках, а потым падаў настаўніку яйка, якое ўзяў на талерцы:
– Калі ласка, Валянцінавіч! Зрабі два ці тры...
Аднак настаўнік нагадаў, што ўжо позна, а ў яго заўтра першы ўрок. Пара было вяртацца. Толькі гэта не ўсе разумелі. І настаўнік паказаў ўсё ж фокус –пайшоў спаць, пакінуўшы ўсіх за сталом. Участковы кіраваў застоллем, і, змораны за дзень, Шэпелеў чуў, што участковы сёння раніцай раскрыў у Хутары вельмі сур’ёзнае злачынства, за што яму, перакананы, дадуць сама мала медаль... А потым рыпаў гармонік, чулася тупацце ног, і складвалася ўражанне, што нехта варушыцца пад канапай, на якой разлёгся Шэпелеў.
Пад ранне настаўніка раскатурхалі, і яны вярнуліся ў вёску якраз у той час, калі яна прачыналася.
Читать дальше