Раніца. Мыць карову. Карову клікалі Каньякумары, яна мела рахманы, задуменны нораў і царскае пачуцьцё ўласнае годнасьці. З вытрыманай грацыяй яна ўваходзіла ў ваду, па калена, па сама рудыя хохлікі, і Лявон паліваў ейныя нярвовыя дрыготкія бакі зь берасьцянога коўшыка. Лакшмі дала Лявону кіпарысавы грэбень, якім ён старанна расчэсваў ільсняную поўсьць, а Каньякумары ў задавальненьні нахіляла галаву. Яна ўвесь час жавала лісьце ды карэнішчы чароту і ані не саромелася часам адвесьці ўбок хвост і плюхнуць перавараны чарот у ваду. Брудную масу хутка зносіла плынь, але пырскі траплялі ёй на ногі, і Лявон з агідай мыў іх зноўку.
Раніца. Сьнедаць. Яны садзіліся ў цені хаціны, за парэпаны плястыкавы столік. На сьняданак бываў амлет, салодкая запяканка ці тварог з абавязковымі чакаляднымі цукеркамі. Аюрведа патрабавала цукеркі перад ежай, каб асьвяжыць, завільгатнець нутробу і стымуляваць утварэньне крыві. Лакшмі ела элегантава і павольна, спрытна адпраўляючы ў рот маленькія кавалачкі, але глядзела засяроджана ў талерку. Лявон карыстаўся гэтым, неўпрыкмет хаваючы цукеркі ў кішэню, а ежу пад стол, у місачку, каб потым скарміць Каньякумары. Аднойчы здарыліся апэльсіны, і Лявон з такім вялікім задавальненьнем высмакаў сок з аранжавай мякаці, што Лакшмі зьвярнула на гэта ўвагу, і апэльсіны пачалі зьяўляцца штодня.
Дзень. Паліваць расьліны. Вада ў бочцы ўжо пасьпявала прагрэцца, але чамусьці яе заўсёды заставалася значна менш за ранішнюю колькасьць. Аднойчы ён перавярнуў яе набок, агаліўшы вільготны зямлёвы круг з чарвякамі і лічынкамі, што соўгаліся ў ім. Дно бочкі месцамі праржавела наскрозь, і ён доўга і старанна заклейваў яго плястылінам. Гэта дапамагло слаба, але іншую бочку ўзяць не было дзе. Лявон набіраў ваду ў вялікую бляшаную палівачку і, адставіўшы другую руку ў бок дзеля раўнавагі, ішоў да градак. Лакшмі гадавала галоўным парадкам спэцыі: далікатныя цыбулінкі шафрану, паветраныя парасоны куміну і фенхелю, магутнае лісьце куркумы і яшчэ нейкія невядомыя далікатныя травы. Яна ўважліва назірала, каб Лявон ліў ваду нізка, асьцярожна, не размываючы каранёў, і дбайна падрэхлівала пацяжэлую глебу матыкай. Парасіўшы гарод, трэба было аднесьці рэшткі вады касьмеям, і гэта падабалася Лявону нашмат болей. Жывучыя і непатрабавальныя касьмеі не баяліся моцных бруяў, і ён, прабіраючыся празь іхныя густыя зарасьнікі, багата паліваў тонкія сьцеблы з вышыні поясу.
Дзень. Зьбіраць пялёсткі касьмеяў. Лакшмі ўпрыгожвала імі алтар Крышны, да якога яна абяцала дапусьціць Лявона пасьля года стараннае брахмачар’і. Абскубленьню пялёсткаў падлягалі ня ўсе кветкі запар, але толькі тыя, што ўжо гатаваліся нарадзіць насеньне ды ўва ўпрыгожваньнях ня мелі патрэбы. Лявон прыкмячаў састарэлыя суквецьці і асьцярожна здымаў пялёсткі, апускаючы іх у белую ільняную торбу. Спачатку ён працаваў стойма, нагнуўшыся, а потым дзеля разнастайнасьці апускаўся на зямлю, апынаючыся з кветкамі тварам да твару. Касьмеі ветліва і бясклопатна ківалі яму рознакаляровымі галоўкамі, гулі чмялямі, цвыркалі конікамі, поўзалі жучкамі-пажарнікамі.
Але Лакшмі не любіла, калі Лявон засынаў у недарэчны час. Рассоўваючы лісьце і сьцеблы, яна знаходзіла яго, тармасіла, адбірала торбу зь пялёсткамі і вяла абедаць.
Дзень. Абедаць. Асновай дзённых страваў заўсёды былі прасяная каша і таматавая падліўка. Лакшмі дадавала ў кашу то перац, то баклажаны, то бульбу, то струковую фасолю, то ўвогуле неразьбяры-што, але ўся ежа выглядала прыкладна аднолькава. Пасмоктваючы дзельку апэльсіна, Лявон спотайку назіраў, як яна есьць, а калі гэта яму надакучвала, перакладаў погляд на нябёсы па-над ракой. Неба было зусім такім жа, як над Менскам, і яму гэта падабалася. Павольныя ператварэньні аблокаў... Пераўтварэньні... Ён лавіў сябе на засынаньні і трос галавой. А аднойчы, удыхнуўшы ў чарговы раз несуцішны кветкавы водар, ён раптам зразумеў: пахнуць зусім не касьмеі, а сама Лакшмі! Не паверыўшы ў цуд адразу, ён пасьля абеду правёў колькі экспэраня па выдаленьню і набліжэньню да яе – і пераканаўся даканцова. Касьмеі жа, як высьветлілася, ня пахлі наогул.
Дзень. Перабіраць проса. Са зваротнага боку хаціны зьмяшчаўся маленечкі прыклетак з вузкімі дзьверцамі, у якім захоўваліся два мяхі просу і пустыя пыльныя слоікі. Лявон акуратна разьвязваў торбу, набіраў у рондалец проса і, прыхапіўшы старую газэту, садзіўся пад бярозай. Рассыпаючы проса невялікімі порцыямі па газэце і разроўніваючы пальцам жоўты пляст, ён выдаляў пацямнелыя макулінкі і дробныя чорныя каменьчыкі. Часам сустракаліся белыя каменьчыкі, найцяжэйшыя: занадта буйныя, грубыя пальцы не адразу ўхаплівалі іх, яны ўкатываліся ў проса, хаваліся ў масе, і прыходзілася напружваць зрок у пошуках. Лявон уяўляў сябе белым каменьчыкам, які спрабуе ўцячы ад вялізарнае галавы, але тая няўмольна цікуе яго. І горка было яму з уласнае бязьлітаснасьці. Абраныя каменьчыкі ён рупліва браў на далоню, глядзеў ласкава і адпускаў на волю – на зямлю, да братоў. Бачыце, каменьчыкі? Нічога ня здарылася дрэннага, я вярнуў вас на радзіму! Каменьчыкі махалі яму рукой, усьміхаліся, уцякалі ў травінкі, пацешна падскокваючы.
Читать дальше