– А гэта не зажорстка – біць вучняў? – спытаў Лявон, праз колькі хвіляў прымаючы зь яе ручкаў кубак. Які гарачы.
– Падумаеш! – яна чмыхнула. – Дзеля празарэньня мусіш пацярпець! Ведаеш, калі ты станеш прасьветленым, дык зможаш лётаць!
– Лётаць?
– Уздымацца над зямлёй і завісаць!
– Навошта мне гэта?
– Напрыклад, хтосьці хоча ўдарыць цябе, а ты ўзьлятаеш!
Яны балбаталі. Лявон мучыў сябе гарбатай і нават зьеў трохі рысу. Куды ён потым дзенецца зь цела? Калі рыс есьці і есьці, дык у мяне будзе павялічвацца жывот, як у Рыгора? З балбатні ён зразумеў значнае: у дзявочых кнігах напісана, што ёсьць два шляхі – шлях мудраца ды шлях ваяра. Можна з роўным посьпехам пачынаць з кожнага, бо потым яны сыходзяцца ў адзін, а ў ягоным канцы – даканцовае празарэньне. У чым яно заключаецца, звычайнаму чалавеку зразумець няможна, патлумачыла Ліджуан. А мо я ўжо прасьветлены, га? Яна засьмяялася, зморшчыўшы носік – які ты дурны! – і няўлоўным рухам выхапіла зь ягоных пальцаў пусты кубак.
– Бачыш? Як лёгка забраць у цябе тваё! А ты кажаш, прасьветлены! А ісьціну ты спасьцігнуў? А Творца сусьвету табе зьяўляўся? Ты на’т мэдытаваць ня ўмееш, засынаеш, як маленькі хлопчык! Табе трэба з сама пачатку пачынаць! З драўлянае палкі!
Так Лявон уступіў на шлях ваяра.
Ліджуан будзіла Лявона на ўзыходзе сонца, і яны беглі роснай травой вакол храма, у шэрым сьвітальным паветры. Яна прымусіла яго зьняць туфлі і шкарпэткі, і ён з жахам глядзеў у час бегу пад ногі, на стары шурпаты асфальт, асьцерагаючыся за безабаронныя пальцы. Баяўся сарваць пазногаць. Ён падзяліўся зь ёй сваёй апаскай, на што яна адказала: у мяне ёсьць і бінт, і ёд. Лявон зьдзіўляўся: хіба не прасьцей засьцерагчыся, чым потым гаіць? Але засьцярогай яна грэбавала.
Бегаць было цяжка: ужо на другім крузе ён пачынаў задыхацца, сэрца калацілася, у грудзёх гарэла і хрыпела, сусьлі ліліся ручаём. У іхную першую прабежку ён спыніўся, рукі ў калені, і крыкнуў Ліджуан у сьпіну, што хоча адпачыць і далучыцца да яе пазьней. Яна адразу ж вярнулася, абабегла яго дый з размаху штурхнула ў зад – так, што ён узмахнуў рукамі і ледзь не паваліўся. Бяжы!
Потым яны пілі чай ля помніка Бодхідхарму, які забівае дзідаю зьмея, і пачыналі заняткі. Прыкладам, прысяданьні. Трэба было бясконца доўга прысядаць – то глыбока і не адрываючы пяткаў, то застываючы на чвэрці, то выгнуўшыся ўбок. «Хутчэй, хутчэй!» – пішчала Ліджуан, прысядаючы з выразнасьцю сэкунднае стрэлкі. Ці скокі са скакалкай. Лявон старанна падскокваў, але гумка білася аб зямлю, трапляла яму па нагах, блыталася ў пальцах. А Ліджуан магла скакаць гадзінамі, як пругкі мячык, на правай і на левай, ногі разам, ногі ўбокі. Нахілы, прысяданьні, падцягваньні, адцісканьні. Адзінае, што падабалася Лявону – гэта баі зь «мячом», драўлянай палкай, супраць высокага каштана, шматкроць абгорнутага тканінай, якая абараняла кару ад пашкоджаньняў. Сякучыя ўдары з рукі і з пляча, колючыя з усяго корпуса. «Малайчына!» – крычала Ліджуан, і яны пачыналі біцца адно з адным. Яна заўсёды перамагала, пакідаючы яму сінякі, якія паціху цямнелі. А найжахлівейшым практыкаваньнем была расьцяжка. Расстаўляючы ногі як мага шырэй, Лявон апускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, пакуль цягліцы на ўнутраным боку сцёгнаў не пачыналі востра балець – і ў гэтым становішчы пакутліва пагойдваўся. Ліджуан падыходзіла ззаду і плыўна ціснула яму на сьпіну, не зьвяртаючы ўвагі на ягоныя скаргі і стогны.
Шлях ваяра быў няпросты, а ў кампаніі Ліджуан – бадай невыносны! Яна не выпускала мажлівасьці нечакана стукнуць Лявона – ёй падабаліся гульні, якія пераходзілі ў злосьць і ў сапраўдны боль. Яна любіла застаць яго ў задуменнасьці і пстрыкнуць па носе, скубануць, тыкнуць у рэбры і падставіць падножку. Лявон адчуваў, што дзяўчынка чакае адказу, пагоні, сяброўскае бойкі, але ўсё гэта адштурхоўвала яго. Непрыемна і чужа. Лежачы на сваёй цыноўцы, ён абмацваў ныючыя месцы на целе, моршчыўся і не любіў Ліджуан.
Праз колькі нясьцерпных дзён ён надумаўся ісьці шляхам ваяра самастойна, і аднойчы ўвечары, калі Ліджуан заснула, ціхутка сышоў з Шаоліня.
9. Як Рыгор істраціў надзею
Рыгор выпаўз на бераг непадалёк ад Статуі свабоды і застаўся ляжаць на пяску, ледзь дыхаючы і стогнучы. Столькі плаваць яму не даводзілася ніколі. Сэрца тахкала знутры так моцна, што каўнер мокрае суколцы ўздрыгваў, і пры кожным уздрозе зь ягонага кутка зрывалася кропля. Зьверху кружылі чайкі, крычалі, пікіравалі. Рыгор моршчыўся. Адляжаўшыся, ён устаў і рушыў да гораду, на хаду сьцягнуўшы торбу з плячэй і памацаўшы ўнутры. Усё размокла спрэс. Францускі багет ператварыўся ў агідную цюру, пачак цыгарэтаў – у ліпкую аладку, пакункі даляраў – у сьлізкія камякі. Ён сеў ля набярэжнага парапэту і пачаў акуратна расслойваць банкноты, раскладваючы іх вакол сябе канцэнтрычнымі коламі. Рыгор ведаў – чуў ад некага – што ў Амэрыцы бяз грошай рабіць няма чаго. Дык хай сонейка іх высушыць.
Читать дальше