Але тут кола сьлізганула па нечаканаму каменю, які скаціўся са скалы на сярэдзіну дарогі, руль тузануўся, нага саскочыла з понажа, і Лявон з усяго размаху паляцеў на зямлю. Ён прызямліўся ўдала, бадай мякка – на плячо і сьцягно, і адразу скочыў на ногі, адплёўваючыся ад пылу. Але ровару не пашанцавала – руль скрывіўся, пярэдняе кола непапраўна сагнулася і шчыльна засела ў відэльцы, правы понаж адламаўся і валяўся наводдаль. Лявон адвярнуўся.
Да перавалу заставалася колькі сотняў мэтраў, але цень бліжэйшае вяршыні, абеленае сьнягамі, ужо амаль захінуў верхні пункт дарогі. Яшчэ можна было пасьпець, і Лявон пабег наперад, потым успомніў заплечнік, вярнуўся, са злосьцю сарваў яго з багажніка і, выціскаючы рэшткі сілаў, кінуўся да перавалу. Сонца зычліва дачакалася яго: калі ён з хрыпам дасягнуў змазанае мяжы сьвятла з ценем і павярнуўся, яно рыхтык закранула гарызонт. Мора засталося далёка ззаду, і астыгаючы дыск садзіўся за пагоркі; ягонае гарачыні яшчэ хапіла на тое, каб распаліць тонкую лінію аблокаў. Сонца таксама стамілася ад гонкі і цяпер раставала на вачох – Лявон толькі аддыхаўся, калі апошняя ягоная рыска ўжо згасла, пакінуўшы за сабой трывожнае зарыва.
Паветра пахаладзела. Вечаровае сьвятло імгненна згусьцілася да мутнага зьмярканьня і, не спыняючыся, усё слабела ды слабела. Зарыва сьціскалася, бляднела, саступала месца цёмна-сіняму ночнаму небу, і Лявон захоплена назіраў зьяўленьне незвычайна буйных і яркіх зорак. Вельмі скора ён задубеў і, абхапіўшы сябе за плечы, пайшоў наперад, шкадуючы пра пакінутую дома куртку. Дарога спускалася ўніз, і Лявон паскорыў крок у надзеі, што ў даліне стане цяплей.
Але неўзабаве цяпло засталося толькі пад заплечнікам на сьпіне і пад скрыжаванымі на грудзёх рукамі. Яго абступаў зімовы холад. З-за гары выплываў ледзяны месяц зь сіняватымі плямамі на целе, і ў яго сьвятле Лявон з жахам назіраў белы пар, які выходзіў зь ягонага рота. Па скуры прабягалі дрыжыкі, да сэрца падступала паніка. Угаворваючы сябе, што нічога дрэннага здарыцца ня можа, што неўміручасьць гарантаваная, ён збочыў да прыдарожнае скалы, спрабуючы разгледзець у змроку лагчынку ці пячэрку, прыдатную начаваць. Скала трапілася з усіх бакоў выпуклая, а шукаць іншую ўжо не было сілаў. Лявон абмацаў рукамі камень у пошуках рэшткаў дзённага цяпла, і сеў наўпрост на зямлю. Ссунуўшы заплечнік на грудзі, ён прываліўся сьпіной да скалы, разьлічваючы пакрысе яе ўгрэць, і заціх. Месяц выплываў усё паўней, і месяцовы цень лісьліва насоўваўся на ягоныя пыльныя туфлі.
Лявона разбудзіла песьня, звонкая і незнаёмая. Павекі моцна зьліпліся, і ён нецярпліва цёр іх пальцамі, каб хутчэй пабачыць сьпявакоў. Адчыніліся! Вакол зьзяла раніца, ледзяная, але такая ярка-сонечная, што было б ганебнай кволасьцю не пацярпець холаду яшчэ трошкі. У ста мэтрах ніжэй Лявона з-за павароту дарогі жанчыны ў нейкіх незвычайных шапках. Пакрывіўшыся зь нечаканага болю ў сярэдзіне і каленях, ён адарваўся ад наседжанага месца і, прыгнуўшыся, схаваўся за скалой. Кабеты не заўважылі яго, працягваючы набліжацца і сьпяваць. Па рытму і мэлёдыі Лявон пазнаў раньняга Шубэрта, перыяду «Прыгожае млынарыхі». Асьцярожна высунуўшыся, ён разгледзеў жанчын: чарнавалосыя, кучаравыя, убраныя ў свабодныя атласавыя сукенкі, шырокія шаравары і размаляваныя туфлі з доўгімі загнутымі насамі, яны несьлі на галовах гліняныя збаны, падтрымваючы іх адной рукой, а другой рукою рабілі на ўзроўні сьцёгнаў плыўныя рухі ў тахт сьпева.
Калі яны наблізіліся, Лявон, сьціскаючы заплечнік, перамясьціўся за скалой, каб застацца незаўважаным. «Хавайся, ці будзеш абсьмеяны! Што боль зьневажальнае? – думаў ён з тужлівай злосьцю. – І навошта цягнуць збаны на горы? Сустракаць сьвітанак? І што ў іх там?» Нясьцерпна захацелася чхнуць, і ён, заціснуўшы далоньню нос і рот, накіраваў чых унутар, дзе той выбухнуў бязгучнай і хваравітай глыбіннай бомбай. Абцершы сьлёзы, Лявон выглянуў: жанчыны мінулі перавал і спускаліся, ужо па калена на тым баку. Ён ціха выпрастаўся і пасьпяшаўся ўніз.
На яркім сонцы хутка цяплела, але Лявон пачуваўся зусім кепска. У вэртыкальным становішчы нязручна ныла сьпіна, бесьперапынна цёк цёплы струменец з носу, праз кожны крок тупа балела галава, а сьвятло рэзала вочы. Ён паспрабаваў засьпяваць пачутую толькі што песьню, матыў якой яшчэ блукаў у ягонай галаве, і гэта крыху дапамагло. Паабапал ізноў зьяўляліся дрэвы, усё больш густыя і высокія па меры спуску, трава, дробныя кветкі, стракатыя матылькі. За далёкім узгоркам зьявіўся і зьнік невялікі гастраном, даляцеў мерны кліч пеўня.
Читать дальше