– Ты зусім ня памятаеш сваю жонку?
– Зусім. Што за дурное пытаньне? Як можна памятаць тое, чаго не было? – груба адказаў Рыгор. У час працэдураў ягоны настрой заўсёды псаваўся.
Адчуваючы цьмяную непрыязнасьць да Лявона, Рыгор закруціўся ў прасьціну як мага шчыльна і пачаў складаць зьедлівы анэкдот пра першае каханьне. Празь пяць хвілін ён ужо астыў і хацеў загаварыць зь сябрам, але той ужо лёг і нават прымудрыўся заснуць.
3. Як Рыгор абараніў гонар аўтасьлесара
Алеся ня надта падабалася Рыгору. На ягоны густ ёй бракавала цэласьці: то халодная сур'ёзнасьць, то агонь у вачох і гарачы сьмех; то імкненьне да самоты, то хваравітая прага да зносінаў і кампаніі. Яму ня надта падабаўся і ейны твар, з выпуклым ілбом і тонкімі вуснамі, а ейныя вузкія клубы нават сьмяшылі – як на ёй трымалася спадніца, было незразумела. Іншая справа – цёця Ганя. Ён часта заглядваўся на яе ззаду, асабліва калі тая адзявалася «па-каўбойску»: кашуля ў клетку з закасанымі рукавамі і старэнькія выцьвілыя джынсы, якія ўдала хавалі хібы і вызначалі вартасьці. Але калі цёця Ганя абарочвалася, нясьмелыя ілюзіі адразу разьвейваліся – твар быў непапраўна пажылы, а ў поглядзе, заўсёды лагодным, ласкавым і мудрым, зусім не было ні жаноцкасьці, ні вабы да новага жыцьця. І нарэшце яна ўсё-ткі была маткай ягонага сябра, і гэты фармальны факт перашкаджаў канчальна.
Рыгор стараўся адцягнуць сябе, і ў гэтым яму больш за ўсё дапамагалі сьпевы. Але шмат сьпяваць не выходзіла – пачынала суха казытаць у горле, і калі ён упару не спыняўся, дык пачынаўся кашаль і падоўгу кавэнчыў яго. Заўважыўшы гэта, цёця Ганя абмежавала іхныя хатнія канцэрты: цяпер дазвалялася сьпяваць толькі пасьля абеду дый трошкі перад сном. Таму адразу па сняданку Рыгор пачынаў чакаць абеду, а пасьля абедавых песень мучыўся, думаючы пра вячэру. Ён нудзіўся, піў шмат піва і курыў «Балканскую зорку», адзіныя цыгарэты ў тутэйшай краме.
Дзень, калі ў цёці Гані сапсаваўся замок на хляве, дзе яна хавала граблі і матыкі, стаў для Рыгора сьвятам. Ён падахвоціўся паправіць замок, а калі ўрэшце адчыніў дзьверы, ягоныя вочы загарэліся творчым агнём: у прыцемку, на саломе, стаялі, ляжалі і цьмяна блішчалі старыя ровары. Сьмеючыся ад прадчуваньня, ён спытаў:
– Навошта вам замок, цёця Ганя? Каб матыкі не пакралі?
– Дык гэта ў бацькі парадак такі, каб усё зачынена было, – зьбянтэжана сьмяялася ў адказ цёця Ганя, – Ён тут інструмэнт захоўвае, запцацкі ўсякія. А зараз усё з сабою забраў, да бабулі Марысі. Дах перабіраюць там зь Міколкай.
Жаданьне Рыгора «пакалупацца ў старым жалезе» парадавала цётку Ганю – на ейную думку, сапраўдны мужык павінен мець рукі і адчуваць пал да працы наогул і да тэхнікі менавіта. З тога дню яна больш не зачыняла хлява, і Рыгор важдаўся там з ранку да ночы. Працягнуўшы ад бліжэйшага слупа кабэль, ён павесіў у хляве лямпачку, рассартаваў па кутох хлам’ё і ламачча, начыста падмёў падлогу жорсткім венікам і падняў на ногі стары скалечаны стол. Цяпер хлеў нагадваў яму родны гараж, па якім ён ужо засумаваў.
Праца над роварам для Лявона заняла колькі дзён, у якія Рыгор жыў такім паўнавартасным, насычаным жыцьцём, што нават спазьняўся да вячэры. Калі ровар быў сабраны, ён па інэрцыі правёў у захапленьні і эйфарыі яшчэ некаторы час, але неўзабаве нуда згусьцілася зноў. Сабраць другі ровар было немажліва празь нястачу спраўных дэталяў: рамы і понажы – пагнутыя, колы – розных памераў, рулі наскрозь праржавелі.
– Цёця Ганя, ці мае хто ў Кляновіцы машыну? – спытаў ён аднойчы.
– Ня ўсе, вядома, не сталіца ўсёткі, але многа хто мае, – рукою ў тоўстай гумовай пальчатцы яна разьмешвала ў тазіку ўгнаеньне на памідоры, – Падлей яшчэ вадзіцы, Рыгорку, бо загуста. Бацька таксама марыў машыну купіць, але вось бачыш, не атрымалася. Дый куды нам езьдзіць на ёй?
Цёця Ганя расказала, што вось прыкладам Алесін бацька мае машыну, «Жыгулі». Ня новая ўжо, але ён яе так даглядае, што тая ніколі не ламаецца. Рыгор акуратным струменцам падліваў ваду, сіняватыя крышталікі рашчыняліся.
У той жа дзень Алеся вячэрала ў іх, і Рыгор завёў размову пра машыну. Алеся пацьвердзіла словы цёці Гані пра «Жыгулі», пра любоў да іх свайго бацькі, і згадала пра вялікі цагляны гараж, поўны разнастайных інструмэнтаў і прыстасаваньняў. Рыгор з узбуджэньня нават прыўстаў з крэсла, але заўважыўшы погляд Лявона, поўны халоднай лютасьці, не адважыўся напрасіцца ў госьці да Алесі.
Занядбаўшы хлеў, Рыгор стаў праводзіць шмат часу ля брамы, на нізкай лавачцы з двух укапаных у зямлю чурбакоў і цёмнай дошкай на іх. Ён піў піва з бляшанкі, лускаў семкі ў скрутак ды чакаў, ці не праедзе міма машына. Але дні цягнуліся ціха. Гулі мухі, сьпявалі непрыкметныя птушкі, зьвінела далёкая бэнзапіла, ляскала вядром, паліваючы клубніцы, цёця Ганя. Рыгор разьмінаў цыгарэту і курыў, пускаючы дым уніз, паміж каленяў, каб цёця Ганя ня бачыла і лішні раз не дакарала яго за дапамогу свайму кашлю. Часам ён браў з сабою ножык і габляваў сухія яблыневыя галінкі, спрабуючы зрабіць драўлянага чалавечка.
Читать дальше