Раптам Марычка ўздрыганулася і стала. Выцягнула шыю і прыслухалася. Іван заўважыў, як трывога слізганула па яе твары, звяла яе бровы. Што сталася? Але Марычка нецярпліва спыніла яго пытанне, паклала палец на губы, каб маўчаў, і тут жа знікла. Усё сталася так неспадзеўна і дзіўна, што Іван не паспеў апамятацца.
Чаго яна напалохалася, куды і нашто ўцякла? Ён пастаяў крыху на месцы, спадзеючыся, што Марычка падыдзе зараз, але калі яе доўга не было, ён ціха паклікаў:
— Марычка!..
Мяккае покрыва яловага галля праглынула той покліч, і зноў стала ціха.
Іван затрывожыўся. Хацеў шукаць Марычку, але не ведаў, у які бок ісці, бо не прыкмеціў, куды яна знікла. Яшчэ гатова заблудзіцца дзе-небудзь у лесе або сарвацца ў прорву. Ці не раскласці вогнішча? Убачыць агонь і будзе ведаць, куды вярнуцца.
Іван накідаў сухога галля і падпаліў. Агонь патрашчаў крыху спадыспаду і пагнаў дым. А калі дым замітусіўся над агнём, загойсалі цені каструбаватых ялін і ажывілі палянку.
Іван сеў на пянёк і агледзеўся. Уся паляна была завалена трухлявымі пнямі, калючаю сеткаю вострых сукоў, між якіх шчаміўся дзікі маліннік. Ніжнія яловыя лапкі, тонкія і пасохлыя, звісалі долу, як рудая барада.
Туга зноў ахапіла Івана. Ён зноў быў адзін. Марычка не ішла. Закурыў люльку і ўглядаўся ў агонь, каб хоць чым-небудзь скараціць чаканне. Мусіла ж нарэшце прыйсці Марычка! Яму нават здавалася, што ён чуе яе хаду і трэск галінак пад нагамі. О! Нарэшце яна... Хацеў устаць і пайсці ёй насустрач, але не паспеў.
Сухое голле рассунулася ціха, і з лесу выйшаў нейкі чалавек.
Ён быў неадзеты. Мяккае цёмнае валоссе ўкрывала ўсё яго цела, акаймоўвала круглыя і добрыя вочы, закліньвалася на барадзе і звісала на грудзях. Ён склаў на вялікім жываце зарослыя рукі і падышоў да Івана.
Тады Іван адразу яго пазнаў. Гэта быў вясёлы чугайстыр, добры лясны дух, што бароніць людзей ад мавак. Ён быў смерцю для іх: зловіць і раздзярэ.
Чугайстыр дабрадушна ўсміхнуўся, хітравата падміргнуў і папытаў у Івана:
— Куды пабегла?
— Хто?
— Маўка.
«Гэта ён пра Марычку, — са страхам падумаў Іван, і сэрца моцна затахкала ў яго ў грудзях. — Вось чаму яна знікла!..»
— Не ведаю... Не бачыў, — абыякава адказаў Іван і запрасіў чугайстыра: — Сядайце.
Чугайстыр сеў на пянёк, атрос з сябе сухое лісце і выцягнуў ногі да агню.
Абодва маўчалі. Лясны чалавек грэўся каля вогнішча ды расціраў сабе круглы жывот, а Іван натужна думаў, якім бы чынам даўжэй затрымаць чугайстыра, каб Марычка як найдалей магла ўцячы.
Але чугайстыр сам памог.
Падміргнуў Івану хітраватым вокам і абазваўся:
— Можа б, мы трошкі разам патанцавалі?
— А чаму б і не? — радасна ўсхапіўся Іван.
Падкінуў у вогнішча ялінніку, зірнуў на пасталы, абцягнуў на сабе кашулю і стаў да танца.
Чугайстыр узяўся ў бокі і ўжо пагойдваўся:
— Ну, пачынай!..
Што ж, як пачынаць дык пачынаць.
Іван тупнуў на месцы, выкінуў нагу, страпянуўся ўсім целам і паплыў у лёгкім гуцульскім танцы. Перад ім смешна выдыгаў чугайстыр. Ён прыжмурваў вочы, пацмокваў языком, трос жыватом, а яго ногі, аброслыя, як у мядзведзя, нязграбна тупалі на адным месцы, згіналіся і разгіналіся, як тоўстыя абады. Танец, відаць, яго саграваў. Ён падскокваў ужо вышэй, прысядаў ніжэй, падбадзёрваў сябе вясёлым бурчаннем і соп, нібыта кавальскі мех. Пот кроплямі выступаў вакол вачэй, сцякаў струменьчыкам з ілба да рота, пад пахамі і на жываце ў яго блішчала, як у каня, а чугайстыр ужо разышоўся.
— Гайдук раз! Яшчэ раз! — крычаў Івану і біў пятамі ў зямлю.
— Ды крывы!.. Ды сляпы!.. — паддаваў жару Іван. — Го-го!
Як танцаваць — дык танцаваць!
— Хай будзе так! — пляскаў у ладкі чугайстыр, і прысядаў да зямлі, і круціўся кругом сябе.
— Ха-ха-ха! — пляскаў сябе па сцёгнах Іван. Хіба ён не гадзіцца ўжо да танцаў?
Вогнішча разгаралася вясёлым агнём і аддзяляла ад танцораў цені, што курчыліся і біліся на залітай святлом палянцы.
Чугайстыр стаміўся. Штохвіліны падносіў да лба руку з бруднымі пазногцямі, абціраў пот і ўжо не скакаў, а толькі дробна дрыгаў валасатым целам на месцы.
— Можа, годзе ўжо? — соп чугайстыр.
— Э, не... яшчэ трошкі.
Іван і сам ледзь не млеў ад стомы. Упарыўся, увесь быў мокры, яму балелі ногі, а грудзі ледзьве лавілі паветра.
— Я яшчэ сыграю танец, — падбадзёрваў ён чугайстыра і выхапіў флаяру з-за пояса. — Ты яшчэ такога не чуў, нябожа...
Ён зайграў песню, якую падслухаў у лесе ў зніча: «Ёсць мае козы!.. Ёсць мае козы!..» — і чугайстыр, ажыўлены гукамі песні, зноў вышэй падкідаў пяты, заплюшчваў ад задавальнення вочы і нібы забыўся на стому.
Читать дальше