Хаўтурнае святло сплятала сетку аднолькавых ценяў на мёртвым і на жывых абліччах. Студзянела валлё ў багатых гаспадынь, ціха ззялі старэчыя вочы перад павагай смерці, мудры спакой яднаў жыццё і смерць, і грубыя спрацаваныя рукі ляжалі ва ўсіх на каленях...
Палагна папраўляла палатно на нябожчыку, а яе пальцы адчувалі холад астылага цела, тады як цёплы саладкавы дух воску, што сцякаў па свечках, падымаў з грудзей, падкочваў да горла жаласць.
Трамбіты плакалі пад акном.
Жоўты Іванаў твар спакойна ляжаў на палатне, затаіўшы ў сабе штосьці толькі яму вядомае, а правае вока хітравата глядзела з-пад узнятага крыху павека на кучку медных грошай, на складзеныя рукі, у якіх гарэла свечка.
У галавах ціха, нябачна спачывала душа: яна яшчэ не магла вылецець з хаты. Палагна звярталася да яе, да той самотнай мужавай душачкі, што сіратліва гарнулася да нерухомага цела.
— Чаму не загаворыш да мяне, не паглядзіш, не загоіш рану на маім сэрцы? А ў якую дарожку выбіраешся, мой голубе, адкуль жа цябе выглядаць? — галасіла Палагна, і грубы яе голас зрываўся на жаласных нотах.
— Файна галосіць... — ківалі галовамі старыя суседкі і чулі ў адказ уздыханні, што расплываліся ў шуме людскіх галасоў.
— Мы разам пасвілі на паланіне... Раз неяк пасём сабе авечак, а тут раптам адкуль ні вазьміся сівер, нібы зімою... Такая віхура круціць, што свету божага не відаць, а ён, нябожчык... — апавядаў адзін з суседзяў другім. А ў тых вусны варушыліся ад сваіх згадак, бо трэба было пацешыць засмучаную душу, разлучаную з целам.
— Ты пайшоў, а мяне адну-аднюсенькую пакінуў... З кім жа я буду цяпер жыці, з кім жа буду скацінку даглядаці?.. — пыталася ў мужавай душы Палагна.
У адчыненыя дзверы, проста з цёмнай ночы, ступалі ў хату ўсё новыя госці. Згіналіся перад целам калені, звінелі медныя грошы на грудзях у Івана, і пасоўваліся на лавах людзі, каб даць месца новым.
Тоўстыя свечкі паціху раставалі, аплываючы воскам, нібыта слязамі, бледнае полымя лізала ўдушлівае паветра, і сіні чад, змяшаўшыся з нудным пахам воску і выпарэннямі цел, вісеў над глухім гоманам у хаце.
Рабілася цесна. Твары схіляліся адзін да аднаго, цёплае дыханне перамешвалася з іншым дыханнем, упараныя лбы лавілі на сабе бляск хаўтурнага святла, што клала водбліскі на панёвах, чэрасах і табіўках. А хата ўсё напаўнялася новымі гасцямі, якія ўжо тоўпіліся каля парога.
Цела псавалася. Бледныя плямы, як лішаі, паўзлі па ім ледзь прыкметным ценем.
— Мужычок ты мой родненькі, а на каго ты мяне пакінуў... — жалілася Палагна. — Не будзе каму ні ў горад пайсці, ні прынесці, ні даць, ні ўзяць, ні прывезці...
А за акном апавяшчала пра тое самае трамбіта, дадаючы ёй жалю.
Ці не багата ўжо суму мела бедная душа?
Такая думка, відаць, таілася пад цяжарам гнятлівага смутку, бо ад парога пачынаўся ўжо рух. Яшчэ нясмела тупацелі ногі, піхаліся локці, грукаў часам услон, галасы рваліся і мяшаліся ў глухім гомане натоўпу. І вось раптам высокі жаночы смех востра рассек цяжкае покрыва суму, і стрыманы гоман, нібы агонь, выбухнуў з-пад шапкі чорнага дыму.
— Гэй ты, насаты, купі ў мяне зайца! — басіў з сярэдзіны малады голас, і ў адказ яму пакаціўся прыдушаны смех:
— Ха-ха! Насаты!..
— Не хачу!
Пачыналася забава.
Тыя, што сядзелі бліжэй да дзвярэй, адвярнуліся ад цела, гатовыя далучыцца да гульні. Вясёлая ўсмешка разгладзіла ім твары, хвіліну перад тым зведзеныя ў смутку, а заяц пераходзіў усё далей і далей, захопліваў шырэйшае і шырэйшае кола і ўжо дабіраўся ажно да нябожчыка.
— Ха-ха, гарбаты!.. Ха-ха, кульгавы!..
Святло хісталася ад смеху і чадзіла дымам.
Адзін за адным госці ўставалі з лавак і разыходзіліся па кутках, дзе было весела і цесна.
На твары ў нябожчыка ўсё разрасталіся плямы, нібы затоеныя думкі варушылі яго, бесперастанку мяняючы выраз. У паднятым куточку губ як быццам застыла горкае меркаванне: што наша жыццё? Як бляск на небе, як чарэшневы цвет...
У сенцах ля дзвярэй цалаваліся.
— А каго выбіраеш?
— Аннычку чарнявую.
Аннычка нібыта не хацела і ўпіралася, але дзесяткі рук выпіхалі яе з цеснага гурту, і гарачыя вусны паддавалі ахвоты:
— Ідзі, дзеўчынка, ідзі...
І Аннычка абнімала за шыю таго, хто яе выбраў, і смачна цалавала ў губы пры агульных радасных крыках.
Пра цела забыліся. Толькі тры бабулі засталіся пры ім і з тугою глядзелі шклянымі вачыма, як па жоўтым застылым твары лазіла муха.
Маладзіцы ліплі да гульні. З вачыма, у якіх яшчэ не паспела згаснуць хаўтурнае святло і не паспеў сцерціся вобраз памёршага, яны ахвотна ішлі цалавацца, абыякавыя да мужоў, якія, сваёю чаргою, абнімалі і тулілі чужых жонак.
Читать дальше