Звонкія пацалункі ляскалі па хаце і спляталіся з плачам сумнай трамбіты, што ўсё расказвала далёкім гарам пра смерць на самотнай кічэры.
Палагна не галасіла болей. Ужо было позна, і трэба было прыняць гасцей.
Весялосць усё распалялася. Рабілася душна, людзі парыліся ў аўчынных безрукаўках, дыхалі потам, нудным чадам цёплага воску і пахам трупа, што ўжо псаваўся. Усе гаварылі ўголас, нібы забыліся, чаго яны тут, расказвалі пра свае прыгоды і рагаталі. Махалі рукамі, ляпалі адзін аднаму па спіне і падміргвалі жанкам.
Тыя, што не змесціліся ў хаце, расклалі на падворку вогнішча і спраўлялі вакол яго вясёлае ігрышча. У сенцах патушылі святло, дзеўкі дзіка пішчалі, а хлопцы душыліся ад смеху. Забава трэсла сценамі хаты, біла хвалямі крыкаў у спакойнае ложа мерцвяка.
Жоўты агонь свечак прыцьмеў у густым паветры.
Нават старыя забаўляліся. Бесклапотны рогат падтрасаў іх сівыя валасы, разгладжваў маршчыны і агаляў гнілыя пні зубоў. Яны памагалі маладзейшым лавіць жанок, наставіўшы дрыжачыя рукі. Звінелі каралі ў маладзіц на грудзях, жаночы віск раздзіраў вушы, грукацелі ўслоны, зрушаныя з месца, і стукаліся аб лаву, дзе ляжаў мярцвяк.
— Ха-ха!.. Ха-ха!.. — кацілася ад покуці да парога, і людзі клаліся ад смеху, трымаючыся за жываты.
Сярод піску і цеснаты нясцерпна трашчаў дзесьці «млын» сухім драўляным трэскам.
— Што малоць будзеш? — заўзята выгукваў «млынар».
— Кукурузу... — ціснуліся да яго дзеўкі, і сварыліся паміж сабою «жыды», прычапіўшы доўгія бароды з пакулля.
Туга скручаны ручнік, мокры і доўгі, з лопатам хадзіў па спінах направа і налева. Ад яго ўцякалі з рогатам і крыкам, узнімаючы пыл і псуючы паветра. Падлога дрыжала ў хаце пад цяжарам маладых ног, і скакала на лаве цела, трасучы жоўтым тварам, на якім усё яшчэ блукала загадкавая ўсмешка смерці.
На грудзях ціха пазвоньвалі медныя грошы, скінутыя добрымі душамі на перавоз.
Пад вокнамі галасілі трамбіты.
Вацлаў Ластоўскi
Лабірынты
Здольнасць вызначыць не толькі геаграфічныя, але і гістарычныя каардынаты Бацькаўшчыны, разабрацца ў яе складаных, часам трагічных пуцявінах-лабірынтах Ластоўскі-празаік бліскуча прадэманстраваў у аповесці «Лабірынты». Гэта самая яркая мастацкая рэч у літаратурнай спадчыне В. Ластоўскага.
Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнання роднай старасвеччыны. Мяне даўно маніў к сабе наш сівагорбы Полацак сваім рамантычным мінулым, сягаючым у легендарныя часы, і гэтага году я пастанавіў сабе пару вольных летніх тыдняў правесці ў Полацку. На маю пастанову астаточна заважыў ліст, атрыманы з Полацка ад тамтэйшага аматара-археолага Івана Іванавіча, які даносіў, што каля яго ўтварыўся кружок любіцеляў старасвеччыны з мясцовых жыхароў. «У нашых вячорніх вольных бяседах сапраўды ажываюць мінулыя вякі ў казках, легендах і фантазіях...» — пісаў ён мне ў сваім лісце.
Вечарам таго ж дня я сеў у вагон у Вільні, а на другі дзень раніцай ужо ішоў старымі вуліцамі Полацка, шукаючы сабе памяшчэння ў гасцініцах.
Днём пабываў у Івана Іванавіча, дзе аглядаў цікавыя кахлі і металёвыя бляшкі, паходзячыя з раскопак у даўняй княжай сялібе — Бельчыцах. Пазнаёміўся ў яго з двума ўчаснікамі, як яны называлі, «Археалагічнай вольнай контэрфратэрніі». Адзін з іх быў мясцовы чыноўнік, абруселы немец, якога я знаў з брашуры, напісанай ім калісь, калі было яшчэ моднае і паплатнае для чыноўніцкай кар'еры русіфікатарства. У гэнай брашуры ён задаваўся мэтай давесці, што па-расійску трэба пісаць названне гораду не «Полоцк», а «Полотск» і што быццам у гэтым пераменаванні прастарой назовы крыўся сам цэнтр «абрусення краю». Вынікам яго брашуры сталася тое, што ў расійскай мясцовай пісоўні завёўся хаос, бо некаторыя пачалі, сапраўды, пісаць «Полотск», «полотскій» і т.д., а іншыя пайшлі яшчэ далей і пісалі — «Полотеск», кансерватары ж і мясцовыя жыхары асталіся пры старой назове.
Пры цяперашняй, асабістай з ім знаёмасці я даведаўся, што ён ужо 40 гадоў збірае матэрыялы і дакументы да гісторыі краёвай, што ў яго два пакоі бітком набіты гэтымі матэрыяламі, сярод якіх маюцца неашацаванай вартасці рэчы.
Другі быў колішні акалічны памешчык, які злажыў гаспадарку, распрадаў зямлю і цяпер жыў у Полацку, у сваім уласным доміку з садам, з гатовага граша. Бацька яго меў нейкія блізкія адносіны да васільянаў, а ён сам цікавіўся галоўна дэманалогіяй, кабалістыкай і г.п. Меў, як зарэкамендаваў мне яго Іван Іванавіч, у сябе «чарнакніжную бібліятэку», якой нікому не паказваў і не даваў чытаць. Знаў ён гэбрайскую мову і любіў час ад часу пайсці ў жыдоўскую сінагогу падыскутаваць.
Читать дальше