А над галавою ўжо шумела. Там, на Чарнагоры, чарнакніжнікі секлі дзесьці лёд на замёрзлых азёрах, а душы пакараных смерцю хуценька збіралі той лёд у мяхі і імчаліся з імі на хмарах, каб рассяваць па зямлі. «Прападуць сенажаці, засыпле іх лёдам, і будзе плакаць галодная скаціна», — думала горка. Але думка перарвалася: ударыў гром. Захісталіся горы, ельнікі ўпалі вяршынямі на зямлю, зямля паднялася, і ўсё закруцілася ў віхры. Палагна ледзь паспела ўхапіцца за сук і, быццам скрозь туман, убачыла раптам, як караскаўся на гару нейкі чалавек. Змагаўся з ветрам, раскірэчваў ногі, нібы рак, хапаўся рукамі за камень і ўсё лез уверх. Вось ён ужо блізка, сагнуўся, бяжыць — і нарэшце стаў на макаўцы гары. Палагна пазнала Юру.
— Напэўна, да мяне... — спалохалася Палагна, але Юра, відаць, яе не бачыў.
Стаў супраць хмары, адна нага ўперад, і склаў рукі на грудзях. Адкінуў назад бледны твар і ўпіўся пахмурым вокам у хмару. Стаяў так доўгую хвіліну, а хмара ішла на яго. І раптам моцным рухам ён шпурнуў капялюш на зямлю. Вецер тут жа здзьмуў яго ў даліну і падхапіў на галаве ў Юры доўгія валасы. Тады Юра падняў да хмары палку, што трымаў у руцэ, і крыкнуў у сіні клёкат:
— Стой! Я цябе не пускаю!..
Хмара падумала трохі і пусціла ў адказ сінюю стралу.
— Ой! — закрыла Палагна вочы рукою, калі рассыпаліся горы.
Але Юра гэтаксама моцна стаяў, і кучары віліся на галаве ў яго, як гадзіны ў гняздзе.
— Ага! Ты так! — крыкнуў Юра хмары. — Тады я мушу цябе заклінаць. Я заклінаю вас, грамы і грамавяняты, хмары і хмараняты, я разганяю цябе, непагадзь, на лясы і воды... Ідзі, разляціся, як вецер, па свеце... Разбіся і рассыпся, ты тут сілы не маеш...
Але хмара толькі матлянула зняважліва левым крылом і пачала паварочваць направа, на царынкі.
— Няшчасце! — сціснула рукі Палагна. — Начыста выб’е сенажаці...
Аднак Юра не думаў паддавацца. Ён толькі больш пабялеў, толькі вочы пацямнелі ў яго. Калі хмара направа — то і ён направа, хмара налева — і ён налева. Ён бегаў за ёю, змагаючыся з ветрам, махаў рукамі, пагражаў палкаю. Ён віўся, нібы ўюн, па гары, заварочваючы хмару, дужаўся з ёю, спрачаўся... Вось-вось яшчэ трошкі, яшчэ з гэтага канца... Адчуваў у грудзях сілу, пускаў перуны з вачэй, падымаў рукі ўгору і заклінаў. Вецер расхрыстаў яго безрукаўку і біў у грудзі, хмара гыркала, ляскала громам, секла ў вочы дажджом, дрогкала над галавою, гатовая ўпасці, а ён, заліты потам, ледзьве пераводзячы дых, кідаўся без памяці па вяршыні, баючыся страціць апошнія сілы. Адчуваў, што сілы ўжо слабнуць, што ў грудзях пуста, што вецер ірве голас, дождж залівае вочы, хмара перамагае, і ўжо апошнім намаганнем падняў да неба палку:
— Стой!..
І хмара раптам спынілася. Падняла здзіўлена край, абаперлася, як конь на заднія ногі, заклекатала ўнутраным гневам, адчаем бяссілля і ўжо прасіла:
— Пусці! Дзе я падзенуся?
— Не пушчу!
— Пусці, бо гінем! — малілі жаласна душы, згінаючыся пад цяжарам перапоўненых градам мяшкоў.
— Ага! Цяпер ты просіш!.. Я цябе заклінаю: ідзі ў невядомасць, у прорву, куды коні не даржуць, каровы не дарыкаюць, авечкі не дабляюць, вораны не даляцяць, дзе хрысціянскага голасу не чуваць... Тады адпускаю цябе...
І — дзіўная рэч — хмара скарылася, пакорліва павярнула налева і развязала мяшкі над ракою, засыпаючы густым градам жвірысты бераг. Белая заслона закрыла горы, а ў глыбокай даліне штосьці клекатала, ламалася і глуха шумела. Юра ўпаў на зямлю і цяжка дыхаў.
А калі сонца прадрала хмару і мокрыя травы ўраз усміхнуліся, Юра нібы ў сне ўбачыў, што да яго бяжыць Палагна. Яна ззяла ўся прыветна, як сонца, калі нагнулася над ім з клопатным пытаннем:
— Ці з табой, Юрачка, не сталася чаго ліхога?
— Нічога, любая Палагначка, нічога... Сюды! Я адагнаў буру...
І працягнуў рукі да яе...
Так Палагна стала Юравай палюбоўніцай.
***
Іван дзівіўся з Палагны. Яна і раней любіла пышна адзявацца, а цяпер быццам нешта найшло на яе: нават у будзень насіла шаўковыя хусткі, дарагія і мудра расквечаныя, надзявала бліскучыя, каніцеллю тканыя панёвы, а цяжкія пацеркі са срэбных манет гнулі ёй шыю.
Часам знікала з дому і вярталася позна, чырвоная, раскудлачаная, нібыта п’яная.
— Дзе ты ўсё валочышся? — злаваўся Іван. — Глядзі, гаспадыня!
Але Палагна толькі смяялася.
— О-ёй! To ўжо мне і пагуляць няможна?.. Я хачу здаволіцца! Адзін раз жывём на свеце!..
Што праўда, то праўда, жыццё наша кароткае — блісне ды і згасне. Іван і сам так думаў, але ж Палагна занадта зарывалася. Штодня яна запівалася ў карчме з Юрам, знахаром-ведзьмаром, прылюдна цалавалася і абнімалася з ім, не хаваючыся нават, што мае палюбоўніка. Хіба яна першая! Спрадвеку не было такога, каб толькі аднаго трымацца.
Читать дальше