ПІСЬМО АЎТАНДЗІЛА ДА СВАІХ ПАДДАНЫХ
Склаў пісьмо: «Бацькі і дзеці, выхаванцы спраў адменных,
Хто правераны на вернасць, гартаваны барацьбой,
Хто ўслед маім жаданням, нібы цень, ішоў сумленна,
Вам, хто ў цесны гурт сабраўся, абвяшчае голас мой:
Слухайце, што вам пішу я — Аўтандзіл — ваш прах нікчэмны.
Мой загад — пасланне гэта — склаў я ўласнаю рукой.
Вас я сёння пакідаю — час гульбы мінуў дарэмны.
Хлеб і ежу я здабуду лукам, трапнаю стралой.
Справы клічуць на чужыну, родны край я пакідаю,
У самотных вандраваннях я прабуду цэлы год;
І таму ўсёй душою вас малю і ўпрашаю:
Бараніце наша царства ад нападу і нягод!
Пакідаю Шармадзіна даглядаць мае ўладанні,
Покуль вестку не пачуе — я жывы ці дзесьці згніў.
Хай ён песціць вас, як сонца сад у веснім красаванні,
А злачынцаў хай растопіць, як вашчыну на агні.
Вам вядома: быў ён змалку мне за сына ці за брата,
Дык служыце безадказна, быццам сам ён — Аўтандзіл.
Грымнуць трубы — з ім ідзіце ў бой на ворагаў праклятых;
Прападу — не смех, а гора бог зазнаць вам прысудзіў».
Красамоўна і сурова так закончыў ён пасланне;
Залаты надзеўшы пояс перад ростанню дарог,
«На каня я сяду ў полі»,— ён сказаў сваім падданым
І, не бавіўшыся доўга, сумны выйшаў за парог.
Загадаў: «Мяне пакіньце, без аховы я паеду».
Адпусціўшы праважатых і застаўшыся адзін,
Павярнуў каня і рушыў без дарогі і без следу,
Несучы ў разбітым сэрцы светлы вобраз Цінацін.
Аддаліўся ён ад войска, што было на паляванні,—
Ні адна душа жывая не магла спыніць яго.
З ім была адна надзея — меч яго недасягальны
Ды цяжар журбы вялікай па каханай дарагой.
Надышоў канец забавам. Прыпынілі паляванне.
Не знайшоўшы Аўтандзіла, ўсе адчулі неспакой,
І вялікую іх радасць падмяніла хваляванне,—
Абшукалі стэп на конях, абхадзілі пехатой.
«Дзе такога льва мы возьмем? Ён пасланы быў нам богам».
Зноў аб'ездзілі абшары, ды не злітаваўся лёс:
Не дазналіся, дзе ехаў і куды лягла дарога.
Войска, ўзрушанае горам, шмат ліло гаручых слёз.
На нараду знаць паклікаў Шармадзін усхваляваны,
Аўтандзілава пасланне ім уголас прачытаў.
Хто пачуў наказу словы, той адчуў у сэрцы рану,
Кожны біў сябе ў грудзі, валасы ад гора рваў.
Шармадзіну ўсе сказалі: «Без яго нялёгка людзям.
Толькі ты адзіны здольны заступіць цяпер на трон.
Мы тваіх загадаў сілу шанаваць заўсёды будзем».
І, слугу прызнаўшы панам, аддалі зямны паклон.
АЎТАНДЗІЛ НАКІРОЎВАЕЦЦА НА ПОШУКІ ВІЦЯЗЯ Ў ТЫГРАВАЙ ШКУРЫ
Выклікае смутак ружа, што замерзла ў кіпцях сцюжы,—
З Дыаносам мудрым Эзрас з даўніх пор сцвярджаюць мне.
Варты жалю, хто схіліўся, як трысцінка, станам дужым,
Хто, пакінуўшы радзіму, на чужыне змізарнеў.
Аўтандзіл праехаў шпарка стэпы, горы і лагчыны,
Прамінуў ён край арабскі, па чужыне ехаў скрозь.
Успамін жа аб каханай — смутку горкая прычына,—
Ўсё шаптаў: «Сустрэча з ёю разагнала б вэлюм слёз».
Зноў і зноў туга бяліла, нібы снег, яго аблічча,
Неаднойчы меч свой востры прыстаўляў ён да грудзей,
Наракаючы: «Хто безліч мук маіх гаротных злічыць?
Хто пад гукі струн вясёлых верне шчасным да людзей?»
Так завяла б ружа сэрца пад чужым халодным сонцам,
Ды сказаў ён: «Будзь цярплівым!» і, сабраўшы сілы, зноў
Па краінах невядомых рушыў далеччу бясконцай,
Пра асілка ўсіх пытаўся, хто б ні ехаў, хто б ні йшоў.
Слёз ягоных не змясціла б перапоўненае мора,
Спаў ён там, дзе зваліць змора, на ўзгалоўі ўласных рук.
Думаў думку: «О каханне, колькі шлеш ты мук і гора!
Для цябе гатоў зрабіць я ў небыццё апошні рух!»
Абхадзіў ён свет шырокі, ўсе зямныя далягляды,—
Не было пад небасхілам больш нязведаных прыгод,—
Ды не мог сустрэць ні ў кога ён жаданае спагады;
Так тры месяцы вандровак засталося да трох год.
І нарэшце апынуўся ён у той краіне дзікай,
Дзе не стрэнеш чалавека паміж пустак доўгі час.
Ні Рамін, ні Віс не зналі боль журбы такой вялікай,
Ад якой наш віцязь юны дзень і ноч паволі гас.
Так, шукаючы начлегу, ён дасяг гары каменнай,
А за ёю ўбачыў роўнядзь, што за тыдзень не прайсці,
Пад гарой крынічка гнала срэбраструннае струменне,
Паабапал сіняй стужкай задуменна лес прыціх.
Читать дальше