Знізу ўзнімаўся да Івана і затапляў горы глухі рачны гоман, а ў яго капаў час ад часу празрысты звон. З-за яловых лапак выглядалі журботныя горы, напоеныя сумам ценяў ад хмар, што ўсё сціралі і сціралі бледную ўсмешку царынак. Горы штохвіліны мянялі свой настрой: калі смяялася царынка, хмурыўся лес. І гэтаксама цяжка было ўхапіць зрокам тое рухомае аблічча гор, як нялёгка было дзіцяці злавіць капрызную мелодыю песні, што вілася, трапятала крыльцамі каля самага вуха і не давалася.
Аднаго разу ён пакінуў сваіх кароў і пакараскаўся на самую вяршыню. Ледзь прыкметнай сцежкай падымаўся вышэй і вышэй, сярод густога зарасніку выцвілай папараці, калючых ажын і малін. Лёгка пераскокваў з каменьчыка на каменьчык, пералазіў цераз паваленыя дрэвы, прадзіраўся скрозь голле кустоў. За ім падымаўся з даліны вечны шум рэчкі, раслі горы, і ўжо ўставаў на даляглядзе блакітны прывід Чарнагоры. Доўгія ніцыя травы ўкрывалі цяпер бакі гары, званкі кароў абзываліся, як далёкае ўздыханне, усё часцей трапляліся вялікія камяні, што далей, на самай вяршыні, тварылі хаос пакрышаных скал, спісаных лішаямі, здушаных у змяіных абдымках карэннем ялін. Пад нагамі ў Івана кожны камень укрывалі рудыя імхі, тоўстыя, мяккія, шаўковыя. Цёплыя і пяшчотныя, яны хавалі ў сабе пазалочаную ваду летніх дажджоў, мякка ўгіналіся і абдымалі нагу, як пуховая падушка. Кучаравая зеляніна брусніц і чарніц запусціла сваё карэнне ў глыбіню моху, а зверху сыпанула расою чырвоных і сініх ягад.
Тут Іван сеў адпачыць.
Над ім завіс ласкавы звон хвоі, змешаны з шумам ракі, сонца наліло золатам глыбокую даліну, пазеляніла травы, дзесьці курыўся дымок ад вогнішча, з-за Ігрыца аксамітным гулам каціўся гром.
Іван сядзеў і слухаў, зусім забыўшыся, што трэба глядзець кароў.
І вось раптам у гэтай звонкай цішыні пачуў ён ціхую музыку, якая так доўга і няўлоўна вілася ў яго каля вуха, што нават мучыла. Застылы і нерухомы, выцягнуў шыю і з радасным напружаннем лавіў дзіўную мелодыю песні. Так людзі не ігралі, прынамсі, ён ніколі не чуў. Але хто іграе? Навокал нікога не было — самотны лес і ніводнай жывой душы. Іван азірнуўся назад, на скалы, — і скамянеў. На камені вярхом сядзеў «той», зніч. Скрывіў вострую бародку, нагнуў рожкі і, заплюшчыўшы вочы, дзьмуў у флаяру [5] Флаяра — гуцульская дудка, якая, як і сапілка, выразаецца з дрэва і нагадвае беларускую жалейку.
. «Няма маіх коз... Няма маіх коз...» — разлівалася жалем флаяра. Ды вось рожкі падняліся ўгору, шчокі надзьмуліся і расплюшчыліся вочы. «Ёсць мае козы... Ёсць мае козы...» — заскакалі радасна гукі, і Іван з жахам убачыў, як, выткнуўшыся з-за лапак, затрэслі галовамі барадатыя казлы.
Ён памкнуўся ўцякаць — і не мог. Сядзеў, прыкуты на месцы, і нема крычаў ад халоднага жаху, а калі нарэшце прарваўся голас, зніч прапаў раптам у скале, а казлы зрабіліся карэннем дрэў, паваленых ветрам.
Іван нёсся цяпер уніз, без памяці, усляпую, ірваў здрадлівыя абдымкі ажын, ламаў сухое голле, каціўся па слізкіх імхах і з жахам чуў, што за ім штосьці гоніцца. Нарэшце ўпаў. Колькі ляжаў, не помніць.
Апамятаўшыся і ўбачыўшы знаёмыя мясціны, ён крыху супакоіўся. Здзіўлены, нейкі час прыслухоўваўся. Песня, здавалася, гучала ўжо ў ім самім. Ён дастаў сапілку. Адразу ў яго не выходзіла, мелодыя не давалася. Пачынаў іграць спачатку, напружваў памяць, лавіў нейкія гукі, і калі ўрэшце знайшоў, што доўга шукаў, што не давала яму спакою, і лесам паплыла дзіўная, не вядомая яшчэ песня, — радасць уварвалася ў яго сэрца, заліла сонцам горы, лес і траву, заклекатала ў ручаях, ускінула Іванавы ногі, і ён, шпурнуўшы сапілку ў траву і ўзяўшыся ў бокі, закружыўся ў танцы. Перабіраў нагамі, станавіўся лёгка на пальцы, біў босымі пятамі аб зямлю, выкідваў каленцы, круціўся і прысядаў. «Ёсць мае козы... Ёсць мае козы...» — штосьці спявала ў ім. На сонечнай пляме палянкі, што схавалася ў пахмурным царстве ялін, скакаў беленькі хлопчык, нібы матылёк пырхаў з сцяблінкі на сцяблінку, а абедзве каровы — рыжуня і сівуня, прасунуўшы галовы паміж ялін, ветліва глядзелі на яго, жуючы жуйку, ды зрэдку званілі ў такт.
Так знайшоў ён у лесе тое, што шукаў.
Дома, у сям’і, Іван часта быў сведкам неспакою і гора. На яго памяці ўжо двойчы каля іх хаты трубіла трамбіта, апавяшчаючы горы і долы пра смерць: раз, калі брата Алексу раздушыла дрэва ў лесе, а другі раз, калі брат Васіль, хвацкі вясёлы хлопец, загінуў, пасечаны тапаркамі, у бойцы з варожым родам. Гэта была даўняя варагоўля іх роду з родам Гутанюкоў. Хоць усе ў сям’і кіпелі злосцю на той сабачы род, ніхто, аднак, не мог дакладна сказаць Івану, адкуль пайшла варожасць. Ён таксама гарэў жаданнем помсціцца і, гатовы кінуцца ў бой, хапаўся за татаў, зацяжкі яшчэ яму, тапарок.
Читать дальше