Марычка яго прыняла, як быццам даўно спадзявалася: ён будзе з ёю пасвіць авечак. А і дапраўды! Няхай рыжуня і сівуня б’юць самі сабе ў званочкі ды парыкваюць у лесе, а ён стане з ёю пасвіць ягнят.
І як яны пасвілі!
Ягняты, забіўшыся ў халадок пад елку, дзівіліся дурнымі вачыма, як качаліся па імхах двое дзяцей, звонячы ў цішыні маладым смехам. Натаміўшыся, яны ўскараскваліся на белыя камяні і спужана ўзіраліся адтуль у прорву, з якой строма ўзнімаўся ў неба чорны прывід гары і дыхаў сінечаю, што не хацела раставаць на сонцы. У шчыліне паміж гор ляцеў у даліну паток і трос па камянях сівою барадою. Так было цёпла, самотна і страшна ў векавечнай цішыні, якую сцярог лес, што дзеці чулі сваё дыханне. Але вуха ўпарта лавіла і збольшвала да незвычайнасці кожны гук, які мусіў жыць у лесе, і ім часам здавалася, што яны чуюць чыюсьці асцярожную хаду, глухі стук сякеры, хаканне стомленых грудзей.
— Чуеш, Івась? — шаптала Марычка.
— Чаму не чую? Чую.
Яны абое ведалі, што гэта блукае па лесе нябачная сякера, стукае па дрэвах і хакае стомленымі грудзямі.
Страх праганяў іх адтуль у даліну, дзе паток плыў спакайней. Яны рабілі сабе калдабан у ручаіне і, раздзеўшыся, боўталіся ў ім, як двое лясных зверанят, што не ведаюць, што такое сорам. Сонца спачывала на іх светлых валасках і біла ў вочы, а ледзяная вада з ручая шчыпала за цела.
Марычка першая замярзала і кідалася бегчы.
— Стой, — гукаў яе Іван, — адкуль ты?
— З Я-вар-рова, — стукацела зубамі ссінелая Марычка.
— А чыя ты?
— Кавалёва.
— Бывай здарова, Кавалёва! — шчыпаў яе Іван і пускаўся наўздагон, аж пакуль, натомленыя, але сагрэтыя, яны не падалі на траву.
У ціхім плёсе ручая, над якім сонцам блішчаў лужок і сінелі боцікі, жалобна крумкалі жабы.
Іван нахіляўся над ручаём і пытаўся ў жабы:
— Кума-кума, што варыла?
— Бурак — боршч. Бурак — боршч. Бурак — боршч... — крактала Марычка.
— Буракі-кі-кі! Буракі-кі-кі! Буракі-кі-кі! — верашчалі абое, заплюшчыўшы вочы, ажно жабы здзіўлена змаўкалі.
Гэтак пасучы, яны не раз гублялі авечак.
Калі падраслі, забавы сталі ўжо іншыя.
Цяпер Іван быў юнаком, стройным і моцным, як яліна, намазваў валасы маслам, насіў шырокі чэрас і шыкоўны капялюш. Марычка хадзіла з каснікамі, а гэта павінна было значыць, што яна ўжо на выданні. Не пасвілі больш ягнят разам і страчаліся толькі на свята ў нядзелю. Сыходзіліся каля царквы або недзе ў лесе, каб старыя не ведалі, як любяцца дзеці варожых родаў. Марычцы падабалася, калі ён іграў на флаяры. Задуменны ўвесь час, ён узіраўся кудысьці за горы, нібы бачыў, чаго не бачылі іншыя, прыкладваў узорыстую дудку да поўных вуснаў, і цудоўная песня, якой ніхто не іграў, ціха спадала на зялёную атаву царынак, дзе прывольна паслалі свае цені яліны. Холадна было і мароз ішоў па скуры, калі выляталі першыя гукі. Нібыта зімы ляжалі на мёртвых гарах. Ды вось з-за гары ўстае ўжо бог-сонца і кладзе сваю галаву на зямлю. Зрушыліся зімы, збудзіліся воды, і зазвінела зямля ад спеву ручаёў. Рассыпалася сонца пылам кветак, лёгкім крокам ступаюць па царынках маўкі, а пад нагамі ў іх зелянее першая трава. Зялёным духам дыхнулі яліны, зялёным смехам засмяяліся травы, на ўсім свеце толькі дзве фарбы: у зялёнай — зямля, у блакітнай — неба... А долам Чарамош імчыць, гоніць зялёную кроў гор, неспакойную і шумлівую...
Трамбіта!.. Туру-рай-ра... Туру-рай-ра...
Затахкала сэрца ў аўчароў, забляялі авечкі, учуўшы пашу... Шуміць травой халодная паланіна [11] Паланіна — высакагорны луг.
, а з дзікага ламачча, з берлагу, устае на заднія лапы мядзведзь, спрабуе голас і ўжо бачыць заспаным вокам сваю спажыву.
Хвошчуць ліўні вясновыя, грукаюць громам горныя вяршыні — і злы дух холадам вее ад Чарнагоры... а тут раптам з’яўляецца сонца — быццам божы лік — і ўжо звоніць у косы, што кладуць сена ў пракос. З гары на гару, з ручаіны ў ручаіну пырхае каламыйка, такая лёгенькая, празрыстая, што чуеш, як у яе за плячыма трапечуцца крыльцы...
Ой, прыбегла з паланіны
Белая авечка —
Люблю цябе, мая любка,
І тваё славечка.
Ціха звоніць ігліца ялін, ціха шэпчуць лясы халодныя сны летняй ночы, плачуць званочкі кароў, і горы няспынна спускаюць свой сум у патокі.
З ляскам і стогнам ляціць недзе ў даліну ссечанае ў лесе дрэва, аж горы ў адказ уздыхаюць, — і зноў плача трамбіта. Цяпер ужо на смерць... Спачыў нехта навекі пасля цяжкае працы. Закувала зязюленька дый каля Мянчыла... ой чыясьці галованька ды ў зямлі спачыла...
Читать дальше