У курыльніцах курыўся мірт пахучы. Птахі пелі.
То сядзела ў вежы дзева, то гуляць ішла ў сад.
А Давар — сястра царова, што ў Каджэці аўдавела,
Мудрай мудрасці вучыла, берагла ад чорных звад.
Аксаміт залататканы пры ўваходзе быў заслонай,
Каб ніхто яе не ўбачыў з-за расквечаных тых шат.
Харашэла дзева станам, нібы пальма Габаона,
Ёй прыслужвалі старанна дзве служанкі і Асмат.
Мне пятнаццаць год мінула, цар лічыў мяне за сына,
Быў я з ім удзень і ўночы, ён дамоў не адпускаў.
Кіпарыс садоў Эдэмскіх — уладаў я сілай львінай,
І дакладна цэліў з лука, і адменна ў мяч гуляў.
Я збіваў стралою птаха ці драпежніка ляснога,
А на плошчы ўсіх прысутных я здзіўляў гульнёю ў мяч,
За бяседаю застольнай марнаваў я часу многа,—
А цяпер крышталь рубінаў замяніў мне жаль і плач.
Нечаканае раптоўна ўсё закрыла чорнай хмарай:
Бацька мой памёр. Забавы загадаў нам цар спыніць.
Быў бязмежна рады вораг, што баяўся спасалара,
Войска ж вернае ў жалобе стала слёз патокі ліць.
Цэлы год не мог пакінуць я жалобнага адзення,
Гараваў я дні і ночы, розум мой у цемры гас.
Атрымаў ад Парсадана раптам я паведамленне:
«Тарыэль, пакінь самоту, скончан твой жалобны час!
Як і ты, мы ў смутку цяжкім, што загінуў з намі роўны».
Абяцаў ён мне сто скарбніц, загадаў жалобу зняць.
«Сын,— сказаў,— заняць павінен месца бацькава на троне,
Амірбара сан таксама я загадваю прыняць!»
Сэрца жальбаю смылела, апякалі ўспаміны.
Я скарыўся волі царскай — дзень над цемрай развіднеў.
Быў наладжан баль вялікі з гэтай радаснай прычыны,
Абдымалі, цалавалі цар з царыцаю мяне;
Пасадзілі каля трона, шанавалі пры народзе,
Тут жа мне прапанавалі месца бацькава заняць.
Не згаджаўся я спачатку — боль за бацьку не праходзіў,
Ды прымушан быў згадзіцца амірбарам верным стаць.
Год нямала прамінула, шмат пра што даўно забыта.
Вось табе мая аповесць, хоць і цяжка гаварыць!
Свет хлуслівы зло заўсёды творыць скрыта і адкрыта,—
Іскрай ён апёк калісьці, а й цяпер душа гарыць».
ТАРЫЭЛЬ РАСКАЗВАЕ, ЯК ЁН УПЕРШЫНЮ ПАКАХАЎ
Сказ далей працягваў віцязь, перамогшы сэрца мукі:
«Неяк едзем з палявання, раптам мне гаворыць цар:
«Пойдзем, віцязь, да царэўны разагнаць яе дакуку».
І цяпер, як толькі ўспомню,— ахіне смяротны жар.
Сад з чароўнай прахалодай бачыў я перад сабою,
Мілагучны хор птушыны гучна славіў наш прыход,
Вока вабілі басейны з чыстай пахкаю вадою,
Аксамітам у пакоі быў. заслонены ўваход.
Цар сказаў аддаць царэўне настраляную дзічыну,
Апаліў чароўны позірк бліскавіцаю мяне.
З тых часін плачу я моўчкі смутку горкую даніну.
Бо хіба кап'ё з алмазу сэрца з каменю пратне?!
Прыгадаўшы, што царэўну цар хавае, нібы скнара,
Затрымаўся я наводдаль, цар жа полаг адхінуў
І сказаў рабыні строга ўзяць здабычу ў амірбара.
Я знямеў, нібы знянацку ў бездань раптам зазірнуў.
Тут Асмат насустрач выйшла. За заслонай расхінутай
Я на міг пабачыў тую, позірк чый працяў кап'ём.
Узяла Асмат дзічыну, я ж стаяў, здзіўленнем скуты.
Гора мне! З часіны гэтай сэрца ў полымі маё!
Дзе ж яна, што воч мігценнем блікі сонца засланяла?»
І, падкошаны ўспамінам, віцязь галаву схіліў.
Аўтандзіл з Асмат рыдалі — абуджала рэха далі:
«О пакуты, як аслабіць сілу дужых рук змаглі?»
Тут Асмат вадой крынічнай твар змярцвелы асвяжыла:
Ачуняў ён, хоць тугою сэрца сціснута было.
І, з зямлёй змяшаўшы слёзы, ён прамовіў цераз сілу:
«Мне згадаць яе — пакута, для якой замала слоў.
Той, хто верыць безразважна ў свет жыцця, ў яго праявы,
Паспытае неаднойчы горыч здрадніцтва спярша;
Хто ж ідзе на бой са здрадай, той адчуе слодыч славы.
Дык паслухай, покуль цела не пакінула душа.
Я аддаў Асмат дзічыну, а ў самога змерклі вочы,
І, самлеўшы нечакана, ніцма я ўпаў на дол;
Апрытомнеў: чую лямант, галашэнне, плач дзявочы,
Між натоўпу сам, як човен, што абкружаны вадой.
Я ляжаў у пышным ложку пасярод вялікай залы.
Цар з царыцаю няўцешна галасілі нада мной,
З гора дзерлі свае шчокі; мукраў склікалі. Сказалі
Тыя хорам: «Д'ябал, мусіць» заўладаў яго душой!»
Толькі я расплюшчыў вочы, цар абняў мяне, як бацька,
І сказаў: «Сынок, жывы ты? Слова мне скажы адно».
Я ж дрыжаў, як апантаны, моўны дар згубіў знянацку,
Адказаць не змог нічога, бо прытомнасць страціў зноў.
Читать дальше