Лёг на шкуру і на момант задрамаў, скаваны зморай,
Схамянуўся раптам з крыкам і забегаў, як вар'ят,
Біў сябе ў чало і ў грудзі, дзіка трызнячы ад гора,
І над ім рыдала горка, валасы рвучы, Асмат.
«Што з табой?» — яна спытала. Адказаў ёй віцязь сумны:
«Напаткаўся мне аднойчы са шматлікай світай цар.
Паляванне йшло, ў прасторы чуўся брэх і галас тлумны,
Сотні лоўчых гналі звера, што схаваўся ў гушчар.
Мне журба сціскала сэрца, калі чуў вясёлы гоман,
І, каб з імі не сустрэцца, я паехаў стараной;
Лес дрымучы быў прытулкам мне і звыклым родным домам,
А на досвітку рашыў я зноў узяць кірунак свой».
І тады Асмат сказала, зноў заліўшыся слязамі:
«Ты бадзяешся па свеце, ты цураешся людзей,
Панібратам стаў звяругам, прападаеш дзесьці днямі
І дарэмна губіш сілы. Што ж каханай прыпадзе?
Па зямным абшары вечна ты блукаеш у самоце.
Дык няўжо ніхто не варты другам верным стаць тваім,
Хто б з табой заўсёды поплеч быў пад сонцам ці ў слоце?
А памерці ў злосці хіжай — што з таго вам абаім?»
Адказаў: «У добрых словах я тваю спагаду чую,
Ды якія зёлкі могуць рану вылечыць маю?
Як знайду я чалавека, што на свеце не існуе?
Толькі смерць, што дух і цела разлучае, прызнаю!
На зямлі няма істоты, каб з маёй зраўняцца доляй.
Дзе той друг, які б са мною поплеч у бядзе стаяў,
Падзяляў са мной пакуту, браў бы частку майго болю?
Не, такіх няма. Адна ты — суцяшальніца мая!»
Тут адважылася дзева: «Ты не злуйся, будзь цярплівы,
Небам мне наканавана, каб тваім візірам быць:
Не ўтаю, што мне вядома — блізка гэты міг шчаслівы.
Хто вагаецца празмерна, можа той усё згубіць».
Віцязь ёй: «Скажы мне проста, не тамі душу здагадкай,
Друга добрага мне з неба бог, як бачыш, не паслаў.
Дый й даўно забыт я богам — шлях няшчасця — шлях не гладкі.
Са звярамі я сябрую, сам як звер драпежны стаў».
Зноў адважылася дзева: «Праўду ўсю табе адкрыю:
Віцязь ёсць такі, гатоў ён лёс дзяліць твой папалам,
Поплеч быць з табой заўсёды — ў добры час і ў дні ліхія,—
Што таго дарэмна крыўдзіць, хто цябе не крыўдзіць сам!»
Адказаў ёй віцязь: «Згодзен я з тваёю прапановай
І клянуся той адзінай, без якой святла няма,
Што яго не закрану я ні мячом, ні дрэнным словам
І што чэсць адданай дружбы да канца гатоў трымаць!»
СУСТРЭЧА ТАРЫЭЛЯ З АЎТАНДЗІЛАМ
Прасвятлеўшая, пабегла тут Асмат па Аўтандзіла
І шапнула: «Не хвалюйся, не злуецца ён зусім».
І пайшоў ён, нібы сонца ўсю пячору асвяціла,—
Так здалося Тарыэлю, калі той спаткаўся з ім.
Як два сонцы ў яркім бляску, як два месяцы на небе,
Так два віцязі заззялі светлым водбліскам вачэй.
Стройным станам іх зайздросціць і таполі стройнай трэба,
Сем планет свяціць не могуць залацісцей і ярчэй.
Пацалунак моцны братні знітаваў сустрэчу гэту,—
Праз пялёсткі вуснаў-ружаў белы жэмчуг заблішчаў.
Скрыжаваліся ў абдымках рукі дужыя прыветна,
Кроплі слёз, як дыяменты, зіхацелі на вачах.
За руку ласкава ўзяўшы, віцязь сеў з названым братам.
Доўга так яны сядзелі, слёзы ж падалі на дол,
Суцяшала іх дзяўчына, іхні боль ёй сэрца кратаў:
«Не цямніце змрокам сонца, а жыцця свайго — бядой!»
Ружы шчок у Тарыэля не адзела ў шэрань сцюжа.
Ён спытаў: «Якую ж тайну ты хаваеш у душы?
Хто ты будзеш? Скуль ты родам? Па якому краю кружыш?
Па мяне, скажу з адчаем, смерць і тая не спяшыць».
Аўтандзіл сказаў на гэта красамоўна і пачціва:
«Тарыэль, адважны віцязь, паміж львоў магутны леў!
Я — араб і на радзіме ў сваім замку жыў шчасліва,
Покуль полымем кахання аж на прысак не сатлеў.
Я гару каханнем палкім да красы — дачкі царовай,
Што цяпер прызнаў царыцай царскі двор і знаці круг.
Хоць не ведаеш мяне ты, але бачыў выпадкова:
Памятаеш, сек няшчадна ты нагайкай царскіх слуг?
Мы цябе сустрэлі ў полі аднаго ў зацішным месцы,
Ты на вокліч не азваўся, быў да царскай волі глух.
Цар угневаўся і войску загадаў сілком прывесці,
Ты ж, як пурпурам, крывёю арасіў зямлю наўкруг.
Да мяча не дакрануўся, сек нагайкаю пагоню,
Цар, раз'юшаны няўдачай, сам пагнаўся за табой;
Нібы кадж, ты знік раптоўна, перагнаўшы лепшых коней,
Мы ж зусім павар'яцелі, кленучы няўдалы бой.
Читать дальше