ТАРЫЭЛЬ РАСКАЗВАЕ АЎТАНДЗІЛУ ПРА СВАЁ ЖЫЦЦЁ
«Расказаць пра ўсё гатоў я, хоць язык мой і нямее;
Будзь жа ўважлівы і слухай споведзь сумную маю!
Я спагады не чакаю ад тае, па кім шалею
І па кім у скрусе цяжкай горкіх слёз патокі лью.
Сем цароў было ў індаў — гэта кожнаму вядома;
Над шасцю ўладарыў спраўна ўсемагутны Парсадан.
Горды, шчодры і багаты, ён даваў адпор любому,—
Меў запал ён ваяўнічы, твар, як сонца, львіны стан.
Сёмым быў, на страх зласліўцам, шанаваны ўсімі бацька;
Сарыданам непахісным называўся ўсюды ён.
Не асмельваўся з ім стрэцца вораг яўна ці знянацку.
Паляванню і забавам аддаваў ён многа дзён.
Толькі быць заўжды ў самоце не хапала бацьку моцы,
Ён сказаў: «Зямель нямала змог я ў ворага забраць.
Ёсць і слава і багацце, а жыву я ў адзіноце.—
Вось і вырашыў я ўладу Парсадану перадаць».
Загадаў адразу ж ехаць ён паслу да Парсадана,
Перадаць яму: «Уладар мой, зычу век у славе жыць.
Прызнаю тваю магутнасць і над Індыяй ўладанне,
І, як верны твой падданы, я хачу табе служыць».
Цар бясконца быў шчаслівы незвычайным тым здарэннем,
Адказаў: «Я, цар краіны, сёння славіць бога рад,
Што прыняў, са мною роўны, ты мудрэйшае рашэнне,—
Прыязджай — і ты мне будзеш госць найпершы, родны брат!»
Атрымаў мой бацька царства разам з чынам амірбара,
Амірбар жа ў індыйцаў разам з тым і спасалар.
Кіраваў і жыў шчаслівы, меў усё, аб чым ні марыў,
Толькі кесарам не быў ён — а ў астатнім той жа цар.
Парсадан сябе паводзіў з бацькам так, як роўны з роўным;
Гаварыў: «Найлепшы ў свеце амірбар дастаўся мне!»
Быў ён першы ў паляванні, з перамогай вёў ён войны,
Да яго я непадобны, як ніводзін да мяне.
Цар з царыцай гаравалі — пераемнік не радзіўся,
І народ увесь і войска гаравалі горам тым.
Хай пракляты дзень той будзе, калі я на свет з'явіўся!
Цар сказаў: «Не маю сына — будзе сынам ён маім».
Стаў я жыць у іх палацы. Мудрацы мяне вучылі,
Дзе быць добрым і ласкавым, дзе выказваць царскі гнеў,
Каб, дарослым стаўшы, быў я ўладаром у поўнай сіле.
Так і рос я, смелы й горды, тварам — сонца, станам — леў.
Сведкай будзь, Асмат, я праўду ані словам не парушыў:
Быў я хлопчыкам прыгожым, пунсавеў, як ружа, твар:
Забаўляючыся, тыграў я душыў, як дробных птушак,
Любаваўся кожны мною, задаволены быў цар.
Ты, Асмат, пацвердзіць можаш, як марнею я з адчаю;
Быў яснейшы я за сонца, як за ноч яснейшы дзень.
Мне, зайздросцячы, казалі: «Зграбны, як таполя раю».
Ад таго, кім быў раней я, зараз бачыш толькі цень.
Пяць гадоў было мне. Раптам зацяжарала царыца.
Неўзабаве ж нарадзіла і наследніцу цару...»
І самлеў. Яго ў прытомнасць прывялі вадой з крыніцы.
Ён дадаў: «Я ўбачыў змалку ў ёй бліскучую зару.
За пісьмом ляцелі пісьмы: нарадзілася царэўна!
За ганцом ганец імчаўся вестку гэту расказаць.
Сонца з месяцам ад шчасця асвятлялі дол нядрэмна.
Ахапіла ўрачыстасць двор і войска, люд і знаць.
Хараство яе ўславіць не знайду я слоў прыгожых.
Парсадан у гонар свята пышны баль апавясціў.
Папрыходзілі з дарамі і цары і іх вяльможы.
Цар жа ўласнымі дарамі шчодра ўсіх узбагаціў.
Мы выхоўваліся разам з той дзяўчынкай-чараўніцай.
Трэцяй часткай бляску сонца ўжо тады яна была.
Абаіх, як роўных родных, нас любілі цар з царыцай.
Назаву цяпер я тую, з-за якой згарэў датла».
І, сказаўшы гэта, віцязь паў, самлелы, долу ніцма;
Аўтандзіл заплакаў следам,— жаль у сэрцы забуяў.
Тут Асмат яму на грудзі ўзліла вады з крыніцы.
Апрытомнеўшы, сказаў ён: «Блізка, мабыць, смерць мая!
Дараджан-Нестан дзяўчынка называцца хутка стала,
Сем гадоў было, а розум віўся казачным руном,
Месяц ясны ёй зайздросціў, сонца нават раўнавала.
Не стрымаць разлукі сэрцу, хоць алмазам будзь яно!
Стала дзева ўжо дарослай, я ж хадзіў на подзвіг ратны,
Цар заўважыў, што царэўна ўжо царыцай можа быць,
І вярнуў мяне да бацькі. Я ж да гульняў вельмі здатны,
Мог хадзіць на паляванне, як ката, ільва забіць.
Безааравую вежу па загаду Парсадана
Для красуні збудавалі ў квітнеючым садку,
Дзе журчалі несціхана каляровыя фантаны,
Дзе пад шатамі царэўна спачывала ў халадку.
Читать дальше