Прыглушаным голасам, праз пальцы, якімі ён закрываў рот, Дзям'ян пацвердзіў:
— Ну але, блыха!
А чорныя вочы блішчалі над вялікай рукой, смяяліся і пераможна пазіралі па вясёлых дзяўчат. Другою рукою ён крадком абдымаў тонкі Ганульчын стан, абцягнуты сіняй кофтай.
Госць, седзячы побач з маўклівай Аленкай, неяк асабліва пільна прыслухоўваўся да жартаў і загадак. Ён успёрся рукамі на калені і, падаўшыся наперад, пачаў усміхацца, спачатку слаба, невыразна, а потым з усё большым задавальненнем. Як толькі хто каля печы выкрыкваў разгадку, ён падтакваў, ківаючы галавой. Калі б хто-небудзь тады на яго паглядзеў, дык мог бы падумаць, што чалавек гэты добра ведае ўсё, пра што гаворыцца, толькі ўсё гэта забылася і цяпер прыгадвалася настойліва, ведучы за сабою рой іншых успамінаў. Але ніхто цяпер не звяртаў на яго ўвагі, дык неўзабаве і сам ён перастаў пасміхацца, зноў паглядзеў на суседку.
— Чаму ж ты не ідзеш туды весяліцца разам з усімі?
Яна адказала, пакалыхваючыся разам з дзіцем:
— Не хачу... Няхай забаўляюцца на здароўе!
— А толькі казала, што табе добра жывецца... Чаго ж ты тады сумуеш? Відаць, Аляксей нядобры, га? Відаць, нядобры? Мусіць, ужо так у іхнім родзе павялося, што ўсе нядобрыя?
Ён з прагнай цікаўнасцю ўпіўся позіркам у маладзіцу. А яна, пазіраючы некуды міма яго, не перастаючы калыхацца, адказала:
— Ды не. І Аляксей добры, і ўсе добрыя, толькі я ніяк свайго Міколку не магу забыць...
— Якога Міколку?
— Ды сыночка...
І яна ціхім, але напеўным голасам пачала расказваць, што некалькі месяцаў прайшло, як памёр яе старэйшы, паўтарагадовы сынок. Якое гэта было цудоўнае дзіця! Хадзіў ужо, гаварыў — не жартачкі, які ўжо быў разумны. Усе па ім плакалі, нават і дзед, хоць ён такі суровы, плакаў. А потым забыліся, нават бацька родны забыўся. Адна толькі яна ніяк не можа забыцца. Яна нахілілася над малым і цішэй закончыла:
— Вядома, дзіця, такое маленькае, нібы тая ягадка, скацілася са свету... Як тая парушынка, лягло ў зямлю...
Буйная сляза пакацілася па яе поўнай ружовай шчацэ і, бліснуўшы, як брыльянт, упала на сінюю кофту.
У гомане, што напаўняў хату, расказ маладой маці звінеў, як тонкая, нясмелая страла, а сляза яе ўпала ў смех і гоман, нібы ціхая кропля расы ў свавольныя, шумныя хвалі ракі. Госць пазіраў вялікімі вачыма на свежы, як раніца, засмучаны твар маладзіцы, сачыў за бліскучай слязой, пакуль яна не пагасла вільготнаю плямкай на сіняй шарсцяной кофце. Відаць, нешта незвычайнае ўразіла яго, здзівіла, абудзіла ў ім нейкую трывожную струну, якой ён, відаць, дагэтуль ніколі ў самім сабе не чуў. Яго шырокія, упалыя грудзі ўзняліся, як ад раптоўнага подыху ветру:
— Ох, ох, ох!
А з твару маладой маці смутак раптам знік, яна ажывілася і вясёлымі вачыма, што заблішчалі ад цікаўнасці, пазірала на вясёлую чародку моладзі каля печы.
— Ой, — крыкнула яна, — казкі будзе баяць! Настуля казкі будзе баяць!
Яна рыўком павярнулася да госця:
— Паслухайце толькі, мой жа ж вы даражэнькі, вы толькі паслухайце! Яна цудоўныя казкі бае! Ой, такія цудоўныя!..
Баба, што каля самай зямлі сядзела на перавернутых ночвах, паміж двума калаўротамі, выцягнула да агню галаву ў чырвоным круглым чапцы і пачала расказваць. У агульным маўчанні, пад шум калаўротаў, голас яе — стары, працяглы, шапялявы — разыходзіўся па ўсёй хаце:
— Жылі сабе тры браты: два разумныя, а трэці дурань. Павырасталі яны, і прыйшла ім пара жаніцца. Бацька іх і пытае:
— Каторага з вас, сыны, першага жаніць?
Першы кажа:
— Мяне, бо я старэйшы.
Другі кажа:
— І мне, татка, пара ўжо.
А дурань таксама:
— І мне ўжо даўно была б пара.
— Ну, — кажа бацька, — ідзіце вы ўсе ў лес, а хто найхутчэй ды найбольш ягад назбірае, таго я першага і ажаню.
Пайшлі яны ўсе ў лес і так збіраюць ягады, так збіраюць, што нават не разгінаюцца, каб як найхутчэй набраць. Разумныя да дурня падышлі і пытаюцца:
— Ну што, дурань, — ты многа ягад назбіраў?
— Ого, — кажа дурань, — я ўжо дахаты хутка пайду. Пазайздросцілі разумныя дурню, узялі ды забілі яго, нож у сэрца ўсадзілі...
— Ой! — войкнула некалькі жаночых галасоў.
— Ну, ну, так ужо адразу ўзялі і забілі! — усумніўся хтосьці з хлопцаў.
Баба Настуля з поўнай упэўненасцю паўтарыла, трасучы галавой:
— Узялі і забілі, нож у сэрца ўсадзілі, у зямлю закапалі, пяском засыпалі, замест крыжыка вішню ў галавах пасадзілі і пайшлі дахаты.
А тут па гэтай самай дарозе едзе пан. Убачыў ён вішню і думае сабе:
Читать дальше