Каля сцяны, насупраць той, дзе сядзеў стары Мікула, у ценю, на лаве, у канцы якой стаяла бочка з квашанай капустай, ішла размова, прыглушаная гоманам і тарахценнем калаўротаў. Госць сядзеў там побач з Аленкай, якая не прымала ніякага ўдзелу ў свавольствах і жартах, што напоўнілі хату, — яна спачатку карміла, а потым калыхала на руках сваё малое.
— Вясёлыя ў вас вячоркі, — пачаў госць.
— Ды вясёлыя, — адказала Аленка.
— Ты даўно выйшла за Аляксея?
— Ды на Пятра будзе ўжо чатыры гады.
— А колькі ж табе цяпер гадоў?
Яна ўсміхнулася і сарамліва нахіліла галаву:
— Або я ведаю? Мусіць, на Юр'я дваццаць споўніцца...
— Фіі! — свіснуў госць — Старая ты ўжо кабеціна. Ну, а добра табе тут жывецца?
— Чаму ж не добра? Вельмі добра. Дай Божа, каб так да веку было...
— Аляксей добры? Не б'е?
Яна пачырванела:
— Гэтага яшчэ не хапала!
— А любіць?
Яна захіхікала ціха і, замест адказу, моцна пацалавала малое ў лоб.
— Хлеб у хаце заўсёды ёсць?
— Дзякуй Богу, ёсць. Яшчэ таго не было, каб хлеба не хапала. Чаго іншага няма, а хлеб заўсёды ёсць.
— Бондар, напэўна, шмат зарабляе?
— Ды зарабляе. І мой зарабляе, і бацька зарабляе. Калі на гаспадарцы няма работы, дык ён з Ясікам рыбу ловіць і ў мястэчку прадае; раней адзін хадзіў рыбачыць, а цяпер ужо гады са два з Ясікам ходзіць...
— З Ясікам ходзіць, — паўтарыў госць і, апусціўшы вочы, змоўк.
Каля печы з шумам калаўротаў і гоманам змяшаўся хруст разгрызаных арэхаў і лузганне семачак. Хлопцы даставалі з-за пазухі гнілаватыя дзічкі і частавалі імі дзяўчат; тыя манежыліся, адпіхалі паднесеныя да іх твараў жмені з ласункамі, а потым нібы нехаця прымалі, елі і, у сваю чаргу, кідалі хлопцам арэхі і семачкі. Кожны раз, калі каму-небудзь пападала ў лоб або ў шчаку арэхам ці калі жменя семачак рассыпалася па чыім-небудзь аўчынным каўняры, з-за калаўротаў выбухаў смех. Адзін з дзецюкоў, што ўвесь час стаяў за Ганулькай, амаль не ўдзельнічаў у жартах, а ўсё нешта шаптаў дзяўчыне на вуха. Ульяна, што верхаводзіла паміж дзяўчат, гукнула яму, каб загадаў якую-небудзь загадку. Бо ніхто ж не ведае столькі цікавых загадак, як каржакаваты Дзям'ян, галава якога зарасла такімі чорнымі ды кучаравымі валасамі, што яны амаль зліваліся з чорным каўняром кажуха. У гэтым чорным гушчары чырванелі толькі поўныя шчокі і паблісквалі чорныя вочы.
— Калі загадкі, дык няхай будуць загадкі, — адказаў ён настойлівым дзяўчатам. А сам выпрастаўся, адкашляўся на ўсю хату, яшчэ больш надзьмуў шчокі і, руку ўпёршы ў бок, пачаў:
Еду, еду —
Ні дарогі, ні следу,
Каня бічом паганяю,
На смерць паглядаю.
Ён змоўк. І ўсе маўчалі. Спынілася некалькі калаўротаў.
— Ну, што гэта? — здзекліва спытаўся разумны Дзям'ян.
Ніхто не змог разгадаць. Дзяўчаты заклапочана зіркалі адна на адну, а хлопцы нібы зусім абыякава курылі і прытупвалі наскамі ботаў. Дзям'ян узяўся ў бокі аберуч.
— Ды гэта ж човен! — пагардлівым тонам сказаў ён.
— І праўда! — пачулася адразу некалькі галасоў, і ўсе дзівіліся, паўтараючы словы загадкі.
— Ага! — еду, ні дарогі, ні следу — вядома, па вадзе, каня бічом паганяю — значыцца, вяслом па вадзе... Ага! І праўда — гэта ж човен.
— Чаму ж ты, Дзям'ян, не шапнуў мне, што гэта такое! Калі б ты сказаў, я адгадала б, — ціха прагаварыла Ганулька.
— Добра, то я яшчэ адну загадаю.
Ён зноў надзьмуў шчокі, кашлянуў і пачаў:
Повен хлявец
Белых авец,
Адзін баран бляе.
Скончыўшы, ён нагнуўся, нібы паднімаючы з зямлі арэх, і шапнуў Ганульцы ў самае вуха:
— Язык!
— Язык! — сярод агульнага маўчання выгукнула дзяўчына.
— Ага! — зноў здзівіліся ўсе. — Праўда! Нічога не скажаш, праўда! Во разумная! Такая маладзенькая, а такая разумная! А можа, табе Дзям'ян падказаў? Відаць, падказаў? Праўду скажы!
Пачырванелая, як півоня, дзяўчына хавалася за кудзелю і ўмольна пазірала на разумнага хлопца.
— Я не гаварыў! — выгукнуў Дзям'ян. — Брэшаце! Нічога я не гаварыў...
І, нібы жадаючы адагнаць новыя пытанні, што пасыпаліся на яго і каханую дзяўчыну, адразу дадаў:
— Калі хочаце, дык яшчэ адну скажу!
Тоўстыя шчокі яго раз'ехаліся ад хітраватай усмешкі, чорныя вочы смяяліся.
Маленькая, чарненькая,
Усю калоду варочае.
— Ну, што гэта? — спытаўся ён, закрываючы жменяю рот.
Баба Настуля засмяялася, шырока разявіўшы свой бяззубы рот, і замахала на яго рукамі:
— Ой, каб ты скіс з такою загадкаю! Ой, не раз і не два чула я ўжо гэтую загадку! Гэта ж блыха!
Читать дальше