Алёша не бачыў ніколі такой зграбнай дзеўчынёхі — у іхняй вёсцы не было. Успомніў, гледзячы на яе, як Юзюк гаварыў дома ў хаце, што прывёз Вандзю з Палянь, бо яе з маткай павінны былі забіць паліцаі. І цяпер, калі Вандзя вернецца дамоў, за раку ў Паляне, яе застрэляць...
Алёша падумаў зноў, што Вандзя прыгожая, і не верыў нават Юзюку: як гэта такую могуць застрэліць паліцаі з Даўгынава?..
На качэлях першы дзень яна доўга не была. Папрасіла ні з таго ні з сяго Таню, каб тая злавіла рукамі лавачку; скокнула на зямлю ў маленькіх чорных і стаптаных чаравічках, што каза ў збітых аб зямлю капытах; страсла з прыпала пясок і адышлася пад прызбу. Клікнула пасля Таню, і яны пабеглі з двара адна за адной.
Доўга пасля яе калыхалася яшчэ лавачка...
Вандзя да іх больш не хадзіла аж да лета.
Была якраз нядзеля, хмурная з самай раніцы, калі Вандзя прыйшла да іх другі раз. Прыйшла сама, без Тані. Бегла некуды вуліцай, згледзела яго, Алёшу, у гародзе пад прызбай і пералезла цераз плот з вуліцы, як вясной. У той жа сукенцы, без свэтара; каса ў яе была, як і перш, за плячыма.
— А бульбы табе не шкода? Аж чатыры гранкі здратавалі праз качэлі... — спыталася яна, што стары чалавек, стаўшы воддаль на пярэчцы ля хаты ў стаптаным бульбеўніку.
Алёша нічога не сказаў; паглядзеў быў на яе і азірнуўся на варотцы ля варыўні. У хаце заплакалі блізняты і запела маці.
— А я не пусціла б нікога ў гарод... Бульбу таптаць попусту... — сказала яна, памаўчала, тады спыталася неяк знянацку: — А можна... я пакалышуся?
Ён зноў нічога не сказаў.
Тады Вандзя падышла да яго, да прызбы, дзе ён сядзеў, нагнулася над ім — ён бачыў, як белая сукянёшка схавала яе калені, — і зноў загаварыла: а ні шманала нават, што ён маўчыць.
— А ў вас пад хатай хрэн парос. Лісце якое... І ў бульбе ў гранках расце. І канаторжнік пашалеў, і жычка з дзядамі... А вунь, у хрэне, куры нясуцца, — паказала яна пальцам на вугал пад хату і засмяялася. Памаўчала была зноў, пакруціла галавой, як шукаючы яшчэ чаго, тады павярнулася да вуліцы, да гародчыка. — Бэз ужо ў вас адцвіў. Адны дробненькія дудачкі асталіся. У вас многа бэзу ля хаты. І ў нас было многа бэзу ля хаты. Але хату нашу спалілі паліцаі. Прыехалі назаўтра і спалілі, як мы сюды ўцяклі, за раку. І бэз пагарэў. Не цвіў сёлета, маці хадзіла і відзіла...
— І маці не злавілі? — раптам спытаўся ён, падумаўшы пасля, што не ведае, як гэта ён узяў і спытаўся: зляцела з языка.
— Не-е... — пакруціла яна галавой. — Маці не баіцца. І я не баюся. Вазьму і схаджу дамоў. Я знаю, што паліцаі і мяне заб'юць, калі зловяць, а я не баюся... А ў вас і рабіна ў гародчыку ля плота расце. Ягады зялёныя яшчэ, пабурэлі толькі. А зімой яны смачныя, і іх клююць сарокі. Лятуць аж пад хату і сакочуць у гародчыку, што куры. І ў нас была рабіна, і на яе прыляталі сарокі. А курэй нашых усіх пабілі паліцаі, мама казала... А ў нас былі белыя куры. Усе да адной. І певень белы, вялікі і белы. Калі ішоў дождж, ён цягаў свой доўгі хвост па зямлі... — яна зарагатала. — Апусціць і цягне па мокрай траве... — Падумала была нечага, тады зноў сказала: — І ў нас нясліся куры пад хатай у траве. І певень іх вадзіў пад прызбу з хлева раніцай. А можа, маці маніла? Можа, куры жывыя, не пабілі іх паліцаі? Жывы-ыя... Жы-вы-ыя... — яна раптам узрадавалася. — І нясуцца недзе ў крапіве. І певень іх водзіць туды кожную раніцу. Мала што хата згарэла... А я схаджу і пагляджу сама. Я знаю, дзе наш дом. Трэба ісці на Сушкава, а там лесам, за раку. Нас вязлі ноччу, але я знаю. Схаджу і пагляджу. І ўсіх у вёсцы пагляджу, мала што паліцаі спалілі хату. — Яна азірнулася на вуліцу, усё роўна як баялася, што яе пачуюць, і сказала цішэй: — Трэба ісці на Сушкава і ў чэцвер... У чэцвер у Даўгынава будуць ісці людзі на базар...
Цяпер Алёша не мог сказаць і слова: гэтулькі многа яна гаварыла. Нагнулася зусім над ім: вочы ў яе былі шэрыя і бліскучыя і стаялі на адным месцы, калі глядзелі на яго.
Яму хацелася сказаць, каб яна не ішла дамоў у Паляне, бо яе ж заб'юць паліцаі. За брата. Зловяць і заб'юць... Яны спалілі хату, заб'юць і яе. Але яна гаварыла і гаварыла без аддухі, і ён маўчаў.
Пасля яна адышлася і апёрлася плячыма на слуп ад качэляў.
— А я ўсё роўна пакалышуся... — сказала — і адразу як падмяніў яе хто. Ускочыла на лавачку, схапіўшыся рукамі за палкі, і крыкнула на ўвесь гарод, Алёша аж спужаўся:
— А ты падбі мяне!.. Пакуль адна раскалышу-уся...
Калі высака, уровень са страхой, падлятала лавачка, у зямлі краталіся слупы. Між зямлёй і слупамі былі ўжо ладныя ямкі, і туды сыпаўся перацёрты нагамі сухі пясок. Вось уверсе ў слупах была падмазана старым сухім дзёгцем, і цяпер, разагрэты і развэдзганы, ён цёк па слупе — пісяга была ўжо нізка ля зямлі: ля самай лавачкі...
Читать дальше