— Ідзі сюды, шашок... — Наста смяялася, папраўляючы на галаве хустку. — У хаце аж двое жэўжыкаў... Бацян скінуў. Ідзі, маці звала. Авечка... Крывіцца яшчэ нечага на старую бабу... — Наста завярнулася і пайшла на двор.
Ён не стрываў, заплакаў, не ведаючы чаго, і пабег мяжой ля плота пад лог. Убачыў толькі, як скочыў з жэрдкі пад ногі кот, падняўшы дыбам на спіне поўсць, і над самай галавой закігікала кнігаўка — заляцела ад ракі з логу на гарод.
...Ён не спаў усю ноч, не заснуў і раніцай. Сонца свяціла ў акно з двара, якраз на сцяну, дзе вісела маленькае старое люстэрка, і яму, Алёшу, калола ў вочы што вострымі шпількамі, дастаючы аж на печы.
У галавах на лучыне кратаўся кот, пацягваўся, выставіўшы ўперад лапы, і Алёша падумаў, што кот варожыць на холад. Чуў пасля, як скрыпіць у хаце ля матчынага ложка калыска на новых лейцах — іх віў нядаўна бацька, — падвешаная да бярозавай жэрдкі, якая прывязана пасярэдзіне да бэлькі. Калыска старая; ля дзірак, куды зацягнуты новыя лейцы, знаць чорныя плямы: некалі былі клапы, і іх выганялі агнём — лучынай.
Пасля ціха-ціха пачынала пець на ложку ля акна маці, мусіць, каб не разбудзіць яго, Алёшу.
Люлі... люлі... люля-ясі...
Маці пела паволі, цягнучы, як і кожны раз, калі садзілася шыць на машыне ці абразаць на вячэру бульбу. Гэтак яна пела і калі жала ў Кур'янаўшчыне. Згінаючыся, махала рукой, закладаючы серп, і пела.
Ён любіў, калі маці пела. Толькі маці кожны раз пела працяжныя песні, і яму рабілася нудна і хацелася плакаць.
Маці цяпер пела ля акна, як дзе далёка на полі. Яму здалося, што ціха на дварэ і ў хаце; ціха ўсюды, толькі чуваць песня.
...Пабіліся два Я-ясі.
За якую прычы-ыну?
За красную дзяўчы-ыну.
А дзе тая дзяўчы-ына?
Калода забі-іла.
А дзе тая кало-ода?
Чэрві патачы-ылі.
А дзе тыя чэ-эрві?
Куры паздзяўба-алі.
А дзе тыя ку-уры?
Каршуны падра-алі.
А дзе тыя каршу-уны?
За мора паляце-елі.
А дзе тое мо-ора?
Краскамі пара-асло...
Ён падняўся, апёршыся на локаць, убачыў, што маці ляжыць на ложку, накрыўшыся па шыю. Відаць толькі з-пад пасцілкі яе голая рука: маці ўзялася за бераг калыскі. Зыбае пад песню, а сама глядзіць угару, некуды ў столь, закінуўшы галаву.
А дзе тыя кра-аскі?
Дзевачкі парва-алі,
А дзе тыя дзе-еўкі?
Хлопцы замуж пабра-алі.
А дзе тыя хло-опцы?
На вайну забра-алі.
А дзе тая ва-айна?
Пасярод кучы...
Ехаў пан — растапта-аў...
Бег сабачка — пахлябта-аў...
Маці доўга пасля маўчыць, гледзячы ў столь і не прымаючы рукі з калыскі...
Тады прыходзіць з двара бацька — Алёша не чуе, калі ён адчыняе дзверы, — ідзе да калыскі, бярэцца рукой угары за лейцы, дзе яны перавязаны аборай па пасцілцы.
— Дзе гэта ўсю ноч гарэла? — маці пытаецца зноў ціха, усё роўна як пяе. — Якраз на ферму... На Карчаваткі недзе... Зарыва было на ўсё неба. У акно добра відаць...
— Даўгынава бралі... Жалязняк... — бацька падыходзіць да ложка бліжэй. — Юзюк яшчэ з падвод не вярнуўся...
Маці, не прымаючы рукі з калыскі, паварочваецца на хату, паклаўшы галаву на падушку ў другім месцы, і пачынае пець яшчэ цішэй:
...Люлі... люлі... люля-ясі...
Бацька, пастаяўшы, ідзе ў парог...
Сонца заходзіць, мусіць, за варыўню, за страху, не лезе ўжо ў вочы. Цямнее ў хаце; зноў пачынаюць зліпацца павечкі. Здаецца, Алёша сам у калысцы і яго калыша маці: з боку — на бок, з боку — на бок...
Калыска раптам становіцца, не чуваць трасаніны, мусіць, маці прыняла руку, кінуўшы калыхаць, і кліча — будзіць: пара праганяць у поле карову. Кліча моцна, на ўвесь голас...
Алёша адплюшчыў вочы і спопаразку падскочыў на мяхах...
Ля калёс апёрлася на ляжэйку Наста — будзіла.
Зайшло сонца. Калёсы стаялі ля ракі на чорным, парытым выгане. Здавалася, выган пааралі плугамі трактары: знаць сляды ад гусеніц. Глянуўшы ўперад, Алёша ўбачыў, што стаяць усе падводы.
Аднекуль пахла дымам — прыпаленымі сасновымі лапкамі; уперадзе, у альшэўніку, па каменні, мусіць, шваргатала рака.
Насту паклікалі мужчыны, і Алёша тады ссунуўся з мяхоў на зямлю, на сухую траву: калолася ў ногі.
Ля ракі ён пачуў, што падняўся вецер: у альшэўніку на беразе шапацела лісце. Пасля вецер падзьмуў у шчокі, баючыся, як на рану.
Там, дзе закацілася сонца, неба ля самай зямлі стала белае як снег; угары яно было сівое, што замурзанае, бы хто павёў па ім памялом, злазіўшы ў печ і падмёўшы попел. Высака над самай галавой жаўцела паласа, як раскручанае з трубы нявыбеленае палатно: угары на рэдкую смугу, мусіць, яшчэ свяціла сонца. Далёка на ўсходзе над лесам слалася чорная хмара, усё роўна як там збіралася на дождж.
Читать дальше