— На-шы... Такія, як вунь ля Леснікоў былі... Забыліся... І агнёў панакладалі, чакаючы... Як скінулі цацку, аж стрэхі пазрывала. Акруціліся і яшчэ раз скінулі. Гэтыя каб скінулі...
— О-хо-хо... Што там дома... — забедавала Наста, завязваючы хустку, і Боганчык сціх. Завярнуўся пасля і пайшоў у альшэўнік. — І Буланчык мой не есць, апусціў галаву... О-хо-хо... Што там робяць дзеці?
— Не адыходзься далёка... — крыкнуў услед Боганчыку Махорка. — Вайна не вайна, а ў кусты ганяе, не глядзіць на немцаў...
— Ты, Мірон, свайго і перад бядой не кідаеш...
— Мы яшчэ пажывём, Наста...
— Пажывё-ём...
Яны памаўчалі.
— Будзем кратацца, Іван. Адзін ад аднаго не ад'язджацца. Хай коні ідуць за калясьмі. І ты свайго жарабка не пры надта. А то — не дагнаць... — зноў загаварыў Махорка.
— Можаш заязджаць наперад... — буркнуў Боганчык, вылазячы з кустоў.
— Не глядзі зверам, Іван. Ноч на дварэ. І ты гэта знаеш... — гаварыў і махаў пугаўём Махорка. — Ехаць будзем ціха. Калі што якое — не сядзець на калёсах. За дзяцьмі Наста будзе глядзець. Янук хай спіць... З яго драбін не вывалішся. І Таня добра што заснула. Мэнчыцца з балючай нагой...
Алёша пайшоў назад за Настай — яна памалу-памалу, як нямогучы, перастаўляла ногі. Завярнулі на дарогу коней. Пасля, сеўшы на мяхі, пад'ехалі адзін за адным да Януковых калёс.
— Усе там, ззаду? — загаманіў моцна Махорка. — Не аставацца...
Прагалам пайшлі адгалоскі.
— Не спі, сын... — Алёша пачуў, як яго клікнула Наста, і падумаў, што яму вунь як хочацца спаць. Не служаць ні рукі, ні ногі — нават языком не кранеш.
Конь, ідучы, усё яшчэ скуб траву ля дарогі, і Алёша падумаў, што хочацца есці, не праходзіць голад.
Яны праехалі дарогай — уехалі ў самы прагал і зноў сталі. Боганчыка зусім схаваў з вачэй туман, і невядома было, што робіцца ўперадзе. Зноў злезла з воза Наста — ішла да яго, Алёшавых, калёс, кінуўшы аднаго Буланчыка.
— Зноў наперадзе нешта, сын... — зашаптала яна. — Так бы не сталі. Не спі, глядзі... Помні, што я сказала...
Тады Насту клікнулі. Махорка, мусіць.
— Нехта стогне там, уперадзе... Не спі, сын... — Яна кінула ў яго на возе на мяхах дубец, якім паганяла яшчэ ля ракі Буланчыка, калі той не хацеў ісці ў ваду, і пакраталася наперад, мінаючы Януковы калёсы. Янук замычаў, мусіць, спрасоння, лежачы на мяхах, і зноў стала ціха, нават не храплі коні. Было чуваць, як ідзе дарогай Наста: дуг, дуг. Калі Наста схавалася за Танінымі калясьмі, Алёшу хапіла стужа. Ён ссунуўся з мяхоў на дарогу і дагнаў Насту ўжо ля Махоркавых калёс. Махоркі на возе не было, не было і ля каня. Не відаць было нідзе і Боганчыка.
Ужо ля Боганчыкавых калёс Алёша згледзеў, як, сышоўшы з дарогі, у прагале стаяць мужчыны. Двое — Махорка з Боганчыкам. Панок быў ззаду, воддаль — прыхінуўся да сасны, як прыкарэў.
Яны падышлі з Настай да Панка.
— Скажы ты... — загаварыў Махорка да Насты, сціха, як шаптаў. — Не магло ж нам здацца... І мне і Івану... Чалавек стогне.
— Дзе чалавек? — Наста зайшла ім наперад і, натапырыўшыся, глядзела ў прагал.
— Ды тут недзе недалёка... — паказаў Махорка рукой, усё роўна што сабе пад ногі. — Я ўжо і клікаў... Стагнаў быў, пасля сціх.
— І я, Наста, чуў. Аж з калёс, едучы, — кашлянуў Панок.
— Які тут у чорта чалавек... Маюць жа вушы... — загаманіў быў моцна Боганчык.
— Ціш... Сам жа чуў... — шыкаў на яго Махорка.
— Што вы ўсё шыкаеце... Стогне, стогне... Дзяўчына на возе стогне. Ехаць трэба, калі што думаем. Ну і людзі...
— Адыдзі... — Махорка махнуў быў на Боганчыка рукой.
Усе тады як ураслі ў зямлю.
Нічога не было чуваць.
Выплыў з-за лесу месяц і вісеў цяпер ля цёмнай, што конь з нагамі і галавой, хмары. Павіднела. У тумане была знаць уперадзе дарога — ішла прагалам — і было відаць, як на моху ля ног ляжаць леташнія белыя сасновыя шышкі.
Пасля далёка ў прагале, на балоце, мусіць, закрычала патрывожаная кнігаўка. Кнігавак, відаць, было многа, бо адна не спраўлялася б так часта крычаць. Турчалі жабы, моцна, на ўвесь лес — аж ішлі адгалоскі...
Алёша доўга глядзеў у прагал — у вачах ужо зрабілася аж два месяцы: адзін адбягаўся ад другога і каціўся па небе да самага лесу.
На зямлю, на голую дарогу, ад сосен падаў цень, шырокі, разгаты, і ляжаў, як на чыстым абрусе.
Алёша пачуў, што холадна ў ногі. Пасля стала холадна за плячыма.
— Паедзем... Дзяўчына на возе стогне. Агнём бы яно ўсё пайшло ад маёй галавы... — вылаяўся быў Боганчык і ступіў да Махоркі — невядома чаго.
— Што затросся, як спаліржаваны? А калі чалавек там? — крутнуўся да яго Махорка.
Читать дальше