Панок агледзеў у багунніку ля гнілога белага бярозавага пня, дзе сушэй, чарнічнік. Чорных ягад яшчэ не было... Высокі пень пакляваў дзяцел, і на ягадніку ляжалі белыя камочкі гнілога дрэва.
Пень трэба будзе ўзяць на падпалку: сухі гніляк і бяроста стануць гарэць, як смаляк.
Ад крэсіва загарэўся цэр — ад першага разу, пасля затлеўся бярозавы гніляк, калі Панок скаціў на яго прычарнелы кавалак цэру, маленькі, з гарошыну.
Пасля Панок паклаў на бяросту жменьку сівога моху, што трымаў даўна ў руцэ — мох адышоў і зрабіўся вільготны, — і, прысеўшы, доўга дзьмуў у гніляк, прыціскаючы зверху пальцамі мох. Засіпела полымя. Запахла дымам, як ад яловых дроў, і смаллю: падгарэлі, мусіць, ад полымя на руцэ валасы... Тады паклаў гніляк бліжэй да елкі і ўскінуў наверх сухіх яловых лапак і папараці...
Аднекуль дыхнула халодным ветрам; агонь лізнуў на зямлі зялёны мох; мох пачарнеў адразу. Прыгнала раптам туман, што з усяго балота. У лазе стала сіне і цёмна, людзі хадзілі, што ўсё роўна за павучыннем. Туман хаваў з вачэй стажар'е з дзяцьмі і Верку, слаўся пад ногі на траву і ягаднік. Было відаць нават, як раса ад туману кладзецца зверху на рукі, што халодны пыл... Чуваць было, як з лазы пачалі капаць кроплі вады ў балота, што ў раку...
Яловыя лапкі не браліся гарэць, і Панок, стаўшы на калені, — калені адразу зрабіліся мокрыя, — падзьмуў падыспад у бярозавы гніляк. Дым адагнала ўбок, і з-пад яго паказалася жоўтае полымя — дыхнула ў шчокі.
Тады Панок адагнуўся і ўгледзеў унізе ля купіны ў вадзе самога сябе. Вада шырака блішчала ў траве, як шкло, і ў яе было нацярушана ля самай купіны з краю сасновага рудога шылля. З-пад шылля з ціхай вады глядзеў на Панка чалавек з перагнутым носам і вялікімі вушамі. Высака на галаве ў яго, на самай патыліцы, ляжала кепка з пакамечаным брылём, і з-пад яго тырчалі сівыя валасы, аж белыя. Белыя валасы былі відаць і ля вушэй на скронях. Мусіць, ссівеў ён ужо зусім за гэтыя дні, калі белыя валасы відаць з вады...
Ён пачуў, як бразнула вядром ззаду Верка — хадзіла даіць карову. Аглянуўшыся, убачыў, што дзіця ляжыць разам з усімі на стажар'і на падушачцы. Верка стаіць ля яго, нагнуўшыся. У адной руцэ ў яе вядро з малаком — знаць зверху на вядры белыя пырскі, у другой — саганок. Невялікі, чорны, у якім варылі дома зацірку на вячэру. Ён не згледзеў, калі Верка пайшла даіць карову, кінуўшы дзіця і нічога яму, Панку, не сказаўшы... Дзіця не спала ноччу, будзе доўга цяпер спаць, а Верка згатуе ячную зацірку на малацэ. Калі ўскіпіць малако, яна адліе ў бутэлечку і ў жбаночак малому, тады насыпле ў саганок мукі з белай крамнай наўлечкі. Зацірку зварыць на адным малацэ. Дома яны ніколі на адным малацэ заціркі не варылі, бялілі толькі малаком.
Ён пачуў, што яму хочацца есці, і падумаў, што не лезуць у рот сухары і ад іх яшчэ горшы кашаль.
Ціха замычэла ля кладак у альшэўніку іхняя карова: пачула дым і людзей — вуглы. Глянуўшы з Лазы на кладкі, Панок убачыў, што карова стаіць навязаная на повад у дробным альшэўніку, — падласая, відаць здалёку, — махае хвастом і, задраўшы галаву, глядзіць у Лазу, дзе людзі...
У Карчаватках у Лазе толькі ў іх адных карова. Кароў усе пакідалі ля падвод на бары, калі ззаду пачалі страляць. Адзін ён прывёў карову сюды. У іх жа малое на руках... А ў Веркі зарвала малако. Пабыло і зарвала. Як у Даўгынаве «Жалязняк» браў другі раз гарнізон — ад таго...
Ён не помніў, як перайшла карова цераз кладкі і цераз крыніцу. У Карчаваткі ў балота ніколі не пускаўся ніводзін пастух — здаўна.
Саганок стаяў ля агню, уехаўшы ў мох. Быў накрыты вялікай патэльняй — патэльню з саганком, мусіць, нясла цераз крыніцу ў хатулі за плячыма Верка.
«Няскора ўскіпіць малако на такіх дрывах...»
Тапор ляжаў ля стажар'я ў галавах, і Панок, нагнуўшыся, асцярожна падняў яго, каб не разбудзіць дзяцей. Стары, яго ўжо раз накладалі ў кузні, з чорным у смале тапарышчам, — Панок сек перад самай блакадай жэрдзе ў сосніку, думаў ставіць ад рэчкі ў гародзе новы плот, — тапор быў цяжкі і адцягваў руку. Калі Панок, замахнуўшыся, секануў па елцы ля камля па сухіх суках, тапор зазвінеў, і па лесе пайшлі адгалоскі. Панок тады ўзяў тапор ля самага абуха...
— Здурнелі Панкі... Што яны робяць... — загаманіў нехта за імі ў Лазе. Мужчына. Голасу Панок не пазнаў. Ён не ведаў, дзе цяпер у Лазе хто быў... Лаза вялікая, а многа хто пайшоў учора, калі пачалі ззаду страляць, адразу цераз усё балота на Баркі.
Ад стажар'я была відаць адна Сяргеіха з дзяцьмі — выбрала месца блізка ля іх.
Читать дальше