Пасля Верка крыкнула яму, каб ён кідаў карову — «Чорт з ёй!..» — і даганяў іх. Усе бягуць на Баркі.
Ён убачыў, як Верка з дзяцьмі і з хатулём на плячах схавалася ў лазе...
За крыніцай у бары зайшоўся кулямёт, хлебястаў без сціханага на ўсе Карчаваткі. Па лесе, па лазе і альшэўніку, пайшлі адгалоскі, далёка, аж у кут, дзе ў рудым тумане бегла на балота ўслед за людзьмі сонца.
Пасля Панок пачуў, што страляюць і на Барках, і за Карчаваткамі на пасецы, і ззаду за Кладкамі — ля вёскі на загуменні.
Біла заднімі нагамі па гразі карова, не могучы ўстаць, і яго пярыў кашаль...
Ударыла цяпер ужо далей, недзе на Барках, моцна, як громам... Ён падумаў, што рвуцца снарады, бо з вёскі згледзелі дым...
Панок адпусціў повад — карова ўстала на ногі і, падвярнуўшы пад сябе галаву, пацягнула яго, Панка, у альшэўнік — назад. Ён, упёршыся ў зямлю нагамі, не пусціў яе, пасля забег наперад і, узяўшы за рогі, павярнуў на Кладкі. Схапіўшы пасля за павадок ля самых рагоў, ён павёў карову цераз зашыек Кладкамі, учапіўшыся за рогі і прыціснуўшыся ёй да шыі. Карова матала галавой: яе ніколі так не бралі — за рогі і за шыю... На чыстым, дзе рос круглец, яна гразла за калені, падкідаючы нагамі гразь і кожны раз збіраючыся скакаць. На Кладках было цвярдзей пад нагамі — лучалася карэнне — і карова, скокнуўшы, страсанулася, атрасаючы з сябе халодную гразь. Панок пачуў, як яму заляпіла вочы...
Калі цяпер на бары ля крыніцы зайшоўся кулямёт — высака ўгары засвісталі кулі, заныўшы, як авадні.
Немцы стралялі з бору ўдоўж па балоце — згледзелі людзей... Трэба бегчы за ўсімі на Баркі, туды немцы не сунуцца цераз усё балота... Там жа наперадзе, на Барках, Верка адна з дзяцьмі. Карову можна навязаць тут, на Кладках, бо ненавязаная яна збяжыць. Толькі навязаная яна будзе рыкаць увесь час, гледзячы на Баркі, дзе людзі, і сюды прыйдуць немцы...
Угледзеўшы здалёку сіні дымок над вогнішчам пад елкай — тлеў, адкаціўшыся ад агню, мусіць, канец бярозавага гніляка, Панок здумеўся: будзе галоднае дзіця. Прыйдзецца даваць сухар з анучкі, размачыўшы і пажвакаўшы ў роце, а яно, галоднае, стане крычаць на чым свет стаіць, як крычала ўчора звечара...
За Кладкамі пайшоў рэдзенькі ценкі бярэзнік з дробным жоўтым лісцем і кароценькі чырвоны вербалоз — сцяліўся па зямлі. Травы тут не было: яе глушыў мох. Белы, даўгі, ён высака падняўся ад зямлі, усё роўна як вісеў на ценкім, пераплеценым журавінніку, зачапіўшыся галоўкамі, і ногі пад ім правальваліся ў балота аж на той свет. Панок ступаў, лучаючы на купіны, і, калі ехалі ў зямлю ногі, апіраўся рукамі карове на шыю... Думаў, што карова ідзе смялей за яго, бо лепш чуе, дзе цвярдзей.
Шумела высака ўгары і глуха біла за Баркамі на пасецы. Снарады ляцелі аднекуль здалёку, не з вёскі, мусіць...
За Кладкамі на бары стралялі кораценька і рэдка — з аўтаматаў. Пераціхала, тады білі з вінтовак, ядрана, як усё роўна секлі тапарамі па дрэве.
Лесам, мусіць, пайшлі немцы... На Баркі яны не дойдуць па такім балоце...
Калі Панок праваліўся раптам па самыя грудзі, убачыў адразу, што белага моху на балоце не было, скончыўся; наперадзе блішчала ад сонца вада, пасыпаная дробным лісцем. Наўкола зашыпела зялёная гразь — палезла з-пад вады з балота; з-пад яе выскоквалі вялікія сінія бурбалкі і лопаліся... Стала холадна ў ногі, аж закалола... Адна рука ў яго ляжала на нечым цвёрдым — ён агледзеўся, што на шыі ў каровы... Каровы не было відаць — тырчала толькі з гразі задзёртая ўгару галава з мокрымі рагамі. На рагах ляжаў повад, увесь у зялёнай гразі.
Баючыся, каб не захлынуцца, Панок ухапіўся карове за шыю дзвюма рукамі; тады пачуў, што лучыў нагамі на нешта цвёрдае — стаіць, як на кладцы. Згледзеў уперадзе перад сабой сасонку з сухім верхам і зялёнай лапкай, што расла ля самай зямлі. Убачыў ля сасонкі высокую чорную купіну. Ля яе быў паабдзіраны мох, і Панок па сівым пяску пазнаў, што наперадзе суха... Ён, мусіць, уваліўся ў старую крыніцу...
Карова, задраўшы ўверх галаву, раптам зарыкала моцна і жаласна, як да цяляці...
Панка тады аж падкінула. Ступіўшы наперад, ён пачуў, што ідзе па цвёрдым, і гразь займае толькі да грудзей. Повад у яго быў у руках, і калі зноў, задраўшы галаву, зарыкала карова, ён замахнуўся і сцебануў ёй па галаве. Раз, другі... З-пад павадка ў вочы паляцела ліпкая, густая і халодная гразь. Убачыўшы, як, боўтаючы пад сабой у гразі нагамі, пайшла карова, ён зноў стаў біць яе па галаве. Пасля, калі з гразі паказалася спіна, біў па спіне — сцёбаў мокрым павадком.
Читать дальше