Пацямнела на прагале: на месяц насунулася краем чорная хмара — конь з нагамі і галавой, пашырэла, распаўзлася ў бакі.
Ля чорнага на зямлі лася відаць быў жоўты пясок, цьмяны, рассыпаны; здавалася, было чуваць, што пясок сыры і халодны. Запахла свежай зямлёй, як пахнуць дома ля лесу ямы, дзе хаваюць на зіму бульбу.
Алёшу схапілі дрыжыкі, ён пачуў, што яму холадна ўсяму і коле ў плечы; пасля пачуў, як у яго ляскаюць зубы.
Наста была ўзяла яго за руку.
...Калі яго на калёсах пачало кідаць з боку на бок і зноў сталі зліпацца вочы, яму здалося, што ён дома пад хатай на качэлях. У бульбеўніку ля варыўні, седзячы на каленях, зарагатала Вандзя, моцна, на ўвесь гарод. Яна нават не ўдарылася аб каменне — смяецца.
Калі ён адплюшчваў вочы і падымаў галаву, чуў, як глуха стукалі на карэнні калёсы.
Далёка ззаду, у тым баку, дзе яны мінулі прагал, зарыкаў лось, моцна, на ўвесь лес.
Апёршыся на локці, Панок усцягнуў на мяхі ногі.
Зноў зарыкаў ззаду лось, і Панок, натапырыўшыся, слухаў. Спаць не хацелася. Але калі ён слухаў, лася нідзе чуваць не было — ляскалі толькі калёсы і хроп конь.
Тады Панок падумаў, што лось недзе цяпер і не рыкаў, што рык стаіць у яго, Панка, у вушах, усю дарогу: ці спіць, ці не спіць — яшчэ з Карчаватак, ад учарашняга.
...У Карчаватках раніцай ён баяўся класці агонь, хоць у Лазе стаяў туман, як дым. Сюды, у Карчаваткі, у Лазу, яны перайшлі ўчора вечарам, як сталі блізка ззаду страляць — мінулі кладкі і крыніцу ўсім канцом вёскі...
У яго, у Панка, дзеці спалі на стажар'і, якое ён зрабіў вечарам на купіне, насекшы і насцяліўшы высака, у калена, лазы, — спалі трое пад адным кажухом, накрыўшыся з галовамі... Чацвёрты, Ваня, быў у Веркі на руках, абкручаны вялікай пяньковай Верчынай хусткай разам з падушачкай — падушачка была падкладзена яму пад плечы. Мякчэй дзіцяці, і не так мярцвеюць калені — патрымай усю ноч, калышучы і баючыся, каб яно не нарабіла крыку... Панок сам браў хлапца ноччу на рукі, калі той плакаў: змаглася была Верка...
Верка сядзіць з краю на стажар'і з хлапцом на каленях, апусціла галаву, як спіць. На грудзях у яе адхінулася нажутка — з-пад нажуткі відаць бутэлечка з малаком, поўная, аж у рыльца, і соска. Жоўтая, вялікая, даваенная яшчэ; расцягнутая, з шырокай пракушанай дзіркай, яна тырчыць з-пад пахі, як палец...
Верка хавае бутэлечку пад пахай і ўдзень і ноччу: грэе малако.
Туман халодны, сыры, нават зблізку відаць, як ён вісіць угары над стажар'ем. Дыхаеш — здаецца, аж ліпка ад яго ўсярэдзіне, і пачынае тузаць кашаль. Панок тады прысядае і, схапіўшыся за лоб, сціскае рукой галаву... Пасля падносіць другую руку — кулак — да рота, як рабіў ён кожны раз дома ў хаце, калі спалі дзеці і яго біў кашаль. Глянуўшы спадылба, бачыць, як натапырылася на стажар'і ля дзяцей Верка, падняла галаву і глядзіць то на яго, то на калені, на дзіця; пасля азіраецца ў бакі. Панок бачыць тады, як адыходзяцца ад іх людзі, ціснуцца ў лазу.
Кашаль б'е без сціханага, аж совае ў горла нечым вострым і сухім, што ражном; не дае дыхаць: душыць; пасля спірае ля горла, падняўшы ўсё з сярэдзіны... Робіцца цёмна ў вачах, і баліць, здаецца, расшчэпіцца, галава... Баляць плечы, высака ля шыі... Панку здаецца, што ён захліпаецца... Тады яму падварочвае пад грудзі, і ён адкрывае рот, нагнуўшыся ў рудую асаку.
Калі яго перастае тузаць, ён усё яшчэ сядзіць, прыгнуўшыся ў траве...
У Карчаватках ціха. З вёскі страляць перасталі, як развіднела. Узышло сонца. Далёка за лесам яно халоднае і чырвонае; ад яго чырванее на лазе і на траве раса. Там, дзе яно ўзышло, папоўз угару руды туман. Ён густы, і за ім хаваецца сонца; пасля яно выбягае і зноў коціцца над лесам у Дальву... Угары відаць краёк чыстага неба, і Панок думае, што будзе ўдзень горача...
Устаючы, ён бачыць, як растаптаў нагамі ценкі стары сасновы пень. З-пад ног скача машка, яе што насыпаў хто на траву, не баіцца і халоднай расы. Ступіш — з-пад нагі як пырскі ўсё роўна. Машка лезе ў рот; ён, Панок, мусіць, папярхнуўся быў, дыхнуўшы машкой, калі яго гэтак хапіў кашаль...
На крыніцы, адкуль яны вечарам прыйшлі сюды, у Лазу, турчэлі жабы, моцна, на ўсе Карчаваткі; пасля ціхлі, як давіліся. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката; падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. За лесам, мусіць, на загуменні ля Дальвы, кукарэкаў певень — хрыпата і рэдка.
У вочы ўсмоль лезлі камары, жоўтыя, худыя...
Бліснула сонца, здалося, што стала цёпла ў плечы... Запахла з-пад ног гразёю балота...
Читать дальше