Ступіўшы на цвёрдае ля сасонкі з зялёнай лапкай, ён пазнаў, што кончылася балота, і ўбачыў, што адгэтуль ішла імшарына аж да самых Баркоў, куды пабеглі людзі.
Ля сасонкі з-пад мокрага сіпаку тырчаў востры шэры валун. Стаўшы на яго, Панок цягнуў карову за повад, пакуль яна, перабіраючы нагамі ў гразі, не ўпёрлася галавой у купіну. Тады ён зноў даставаў і сцёбаў ёй павадком па спіне, бо карова не магла ўзлезці на сухое. Увесь у ліпкай гразі, ён ёрзаў нагамі па камені і махаў рукой, у якой быў павадок, аж пакуль не схапіў кашаль...
Ужо на Барках, у ельніку, Панок падумаў, што карова, мусіць, адсапнулася, пакуль яго біў кашаль, і вылезла сама ля каменя на сухое. Карове няма цаны...
У ельніку ён згледзеў людзей. Збіўшыся ў кучу, яны ціснуліся назад, пад балота, і наперадзе была Верка з малым на руках — нясла, прыціснуўшы да грудзей, як ад каго хаваючы. Дзяцей не было відаць...
Калі, натапырыўшыся на людзей, зарыкала карова, ён страпянуўся, падумаўшы, што карова пазнала Верку, бо глядзіць уперад, задзёршы галаву і ліжучы языком па носе... Ён хацеў крыкнуць здалёку Верцы, чаму яны ідуць назад, але ўбачыў раптам, што ўсе пасталі і стаяць, згледзеўшы яго... Ціснуцца адзін да аднаго, збіваючыся яшчэ больш у кучку... Пад балота бегла толькі адна Верка, трымаючы перад сабой малога — хавала яго некуды пад паху, закрываючы падушачкай... З галавы ў яе з'ехала на плечы белая хустка, і рассыпаліся валасы. Яна нешта ціха крычала яму, азіраючыся назад, але ён нічога не чуў.
Калі, сунуўшыся да Веркі, зноў зарыкала карова, блізка, за Баркамі на пасецы, чырканулі кароценька з аўтамата, усё роўна што там зламалі сухое дрэва...
«Немцы... — страсанула яго. — Ідуць з пасекі...»
Тады ён пачуў, што на руках у Веркі плача, аж заходзіцца малы, і ўбачыў, што яна цісне яго пад паху, каб хаця не было чуваць крыку.
Зноў замычэла карова, нюхаючы пад сабой зямлю і цягнучы ў яго з рук повад — рвалася да Веркі.
— Вало-о-дзя! — крыкнула Верка; было зусім ужо блізка да яе, і ён пачуў. — Людзі... — яна паказвала назад.
Стралялі цяпер бліжэй, недзе ля Кладак.
Панок неяк тады адразу падумаў: перастраляюць усіх у балоце... Усю вёску...
Зноў зарыкала карова, і загаманіла да яго, Панка, Верка...
Ён выпусціў з рук павадок і забег наперад карове.
Тапор быў ззаду, ссунуўся аж за спіну, і Панок выцягваў яго з-пад дзягі абедзвюма рукамі.
Карова кратала вушамі, натапырыўшыся, задзірала галаву і глядзела ўперад, дзе былі людзі. Ён убачыў быў яе вока, цёмнае, вялікае, і рогі, закручаныя наперад...
Ён ударыў абухом паміж рог — з усёй сілы...
Карова асела на пярэднія ногі, як спатыкнуўшыся, тады ўскочыла і пачала круціцца на адным месцы, што сляпая.
Другі раз ён зноў лучаў паміж рог...
Пасля стаяў, трымаючы тапор у руцэ, і чуў, што тапарышча ўсё ў буграх ад смалы — нядаўна сек жэрдзе загарадзіць плот, каб у гарод ад ракі не лазіла скаціна. Карова ляжала ля яго на баку, выпучыўшы жывот, руды ад гразі і ў дробным зялёным лісці, што было насыпана на вадзе на крыніцы.
Ззаду за ім, за плячыма, стаяла Верка з малым на руках; воддаль былі людзі — уся вёска: ён убачыў іх, азірнуўшыся.
Тады яго хапіў кашаль; тапор вываліўся з рук і грукнуў аб цвёрдую зямлю ля каровы — ля галавы...
Стала холадна, і Панок падцягнуў вышэй ногі.
Уперадзе была белая дарога, як зацярушаная густа інеем увосень, калі іней кладзецца на сухую груду. Конь ступаў па пяску — не грукаў нагамі; шапатаў пад коламі жвір, дзе цвярдзей, і трашчаў, насыпаўшыся ў колы.
Дарога гэтым месцам была прамая, і далёка было відаць. На ёй на якіх паўганей наперадзе краталіся дзве падводы: Боганчык з Махоркам. Ён, Панок, быў астаўся ад іх яшчэ на прагале, усё ззаду гаманіла Наста, клікала — не ад'едзешся.
Калі калёсы ўз'ехалі на пясок, здалося — нікога паблізу няма: не лескаталі ўперадзе колы, не гаварылі адзін да аднаго людзі. Хроп і форскаў недалёка, мусіць, Насцін Буланчык.
Месяц, круглы і жоўты, што ячны блін з вялікай скаварады, стаяў цяпер за плячыма над самай зямлёй. З воза здавалася, што ён бег ззаду ўздагон — ад адной сасны да другой. У небе над галавой пагусцелі зоркі, сталі чырвоныя; аказаліся дразды — у тым баку, дзе на небе стаяла блеклая зеленаватая зара, паварочваючыся ўвесь час і заходзячы ім наперад — на Тартак. Хутка возьмецца на додніцу.
Затахкалі былі колы, лучыўшы на карэнне, і па лесе пайшло глухое рэха — па зямлі. Недзе далёка, як злавіць вухам, крычала сава: доўга і выразна, што чалавек.
Па спіне пайшоў холад, адсырэла кашуля на плячах і ў паясніцы, здубелі ў руках лейцы, настылі мяхі, як усё роўна доўга ляжалі зімой у маразы на таку. Панок азірнуўся назад, на воз, шукаючы, чым акрыцца. У Карчаватках, у Лазе, дзе начавалі на стажар'і дзеці, астаўся кажух, жоўты, доўгі, летась пашыты з новых аўчын...
Читать дальше