— Ведаеш, учора паставілі вяху. Застаецца знайсці жанчыну і жыць, — адазваўся, ці то жартам, ці ўсур'ёз.
Позірк можа часам перадаць больш за словы, і ён сваімі вачыма намагаўся знайсці вочы буфетчыцы.
— Хіба гэта праблема? — буфетчыца спаласквала куфлі, расстаўляла іх дном угору на паднос, шклянымі сценкамі саслізгваліся кропелькі вады. — У такі дом, спакойны і бяспечны, знойдзецца і жанчына...
— А ты?
— Што, я?
— А ты, пайшла б?
— Я? Але я вас не кахаю.
— Каханне... Няўжо гэта самае важнае?
— Найважнейшае.
— Э, не! Найважнейшае — быць добрым чалавекам. Жыць так, каб зза нас не плакалі.
Гэта была дзіўная размова. Можа таму, што дзядзька Антон у свае сорак пакуль нічога не ведаў пра каханне, бо калісьці даўно таму даў прысягу абмінаць яго здалёк, а дваццацігадовая Гандзя ведала ўсё? «У дваццаць? Немагчыма!», — скажуць скептыкі. Але гэта толькі доказ, што яны ніколі не аддавалі сябе гарачым пачуццям, асабліва фатальным, няшчасным да костачкі, калі кожная пралітая сляза коле тысяччу асколкаў, а хвіліна цярпення прыбаўляе дзесяць гадоў жыцця. Закаханыя васемнаццацігадовыя дзяўчаты — як начныя матылі. Не зважаючы ні на што, ляцяць да прызначанага сабе полымя. Іх шчасце — момант, але важнейшы за ўсё астатняе.
Потым, спапяліўшыся, выходзяць замуж за мужчын, якія нічым не нагадваюць іх вялікае каханне. Можна падумаць — ідуць не пад вянец, а ў спакойную бяспечную прыстань. Адны застаюцца там назаўжды, хаваючыся час ад часу ў сакрэтныя абдымкі ўспамінаў, другія жывуць успамінамі і раней ці пазней збягаюць абыкуды, толькі б далей ад сябе і гэтага невыноснага спакою.
У халодны кастрычніцкі дзень дзядзька Антон павёў пад вянец буфетчыцу Гандзю.
— Абрашчаецца раб божый Антоній до рабы божай Анны, — у драўлянай царкоўцы голас бацюшкі Сцяпана гучаў урачыста, узносіўся пад купалы, разыходзіўся адтуль на гасцей, што сышліся з усяго Мястэчка дзялiць радасць з дзядзькам Антонам. Шматлiкiя дзядзькі, мала вядомыя сваякі, сябры сапраўдныя і выпадковыя, занялі месца з правага і левага боку алтара, пакуль маладыя крочылі цэнтрам.
Дваццацiгадовая Гандзя выглядала вельмi прыгожа побач з дзядзькам Антонам, народжаным ў зусім для яе незразумелы і неверагодна далёкі даваенны час. I нават даўгаваты нос маладой панны, у супрацьпастаўленні з даўжэзнай Антонавай бiяграфiяй, набiраў нейкія новыя, цiкавыя кшталты.
На заканчэнне хор гукнуў “Многае лета”, а госці кінуліся натоўпам віншаваць шлюбную пару. У выніку такога ўрачыстага абраду застаецца жыць доўга і шчасліва.
І ў той дзень усе заходзіліся ад шчасця і шчыра цешылiся, што Антон у рэшце рэшт адшукаў прызначаную сабе палову.
А я нiяк не мог зразумець, у чым заслуга дзядзькi Антона. Якая ж праблема адшукаць тое, што заўсёды было, можа, у сотнi крокаў між яго домам i барам “Сонейка”?
У гэтым своеасаблівым шлюбным спаборніцтве я куды вышэй цаніў дасягненні майго бацькі, Валодзі. Адукаваны ў вялікім горадзе, разам з дыпломам ён прывёз да нас у Мястэчка самую дзiўную жанчыну — Стэфанiю.
У Стэфанii ўсё было iншае. Крыху смешнае, крыху страшнае, а перш за ўсё — экзатычнае — палі капелюша, прыбраныя жоўтай ружай, павеўныя сукнi, шарэнгі кнiжак з залатымi хрыбтамi, на ўсю сцяну. Усё вылучала яе з манатоннага шэрагу жанчын у Мястэчку.
У сваім капелюшы, у квяцістай сукенцы, з кнiжкай у руках выходзiла Стэфа на вулiцу. Вандравала для чыстай, нікому тут незразумелай прыемнасці вандравання. “А пані полька iзноў на шпацыр адправiлася, — здзіўляліся суседзі. — Блакiтная кроў, вядома”.
Я не ведаю, якой крывёй пячаталася мая маці. Можа, у ёй не было крывi ўвогуле? Калi бабка Сонька ўпершыню пабачыла яе ў нашай царкоўцы, так і падумала. Бледны твар і механічная саноўнасць крокаў, якія стаўляла, кіруючыся да прытвора, а потым да царскіх варотаў, выклікалі меркаванне, што маецца справа з асобай неабавязкова зямнога паходжання.
"Ці ты, Уладзімір, хочаш узяць за жонку прысутную тут Стэфанію?”, — словамі нязменнымі спакон вякоў, прывiтаў iх бацюшка Сцяпан. І звяртаючыся да маладой панны, ці не першы раз за ўласную царкоўную біяграфію, ён спытаў на зусiм другой мове:
— A czy ty, Stefanio, chcesz pojąć za męża obecnego tu Władimira?
— Tak, chcę! — адказала Стэфанiя, уступаючы такiм чынам у вялiкую галерэю местачковых жанчын.
— У мяне дрэнныя прадчуванні, — пасля вяртання з царквы сказала тады бабка Сонька. Разам з Марусяй яны ў кладоўцы змешвалі спірт з віном “Мысьліўскае” для вясельнага пачастунка. — Сніўся сон. Вецер разбурыў дах нашай хаты.
Читать дальше