Гаварыў ён зусім лагічна і пераканаўча, як сапраўдны палітык. Я нават падумаў, ці не спатрэбіўся б ён нам, у прапагандзе, такі асобень, ды яго прычоска не надта сыходзілася з назвай нашай партыі...
— Можна было б зрабіць маленькае выключэнне. Фінансы на такія нечаканыя выдаткі мы ж прадбачылі, — азвалася Валя Курапатка. Як генеральная касірша, яна найлепей ведала нашы фінансавыя магчымасці.
— Ну, што ж... Хай будзе, — згадзіўся Тадзік. — Каляндар ёсць каляндар. Бываюць дзяржаўныя дні незалежнасці, чаму не быць і асабістаму дню свабоды?
Не чакаючы далейшых разважанняў пра будзённыя і святочныя дні, Валя падхапілася з месца і пабегла ў буфет.
— З імпарту ёсць толькі італьянскі “Чачасан”. Можа быць?..
— Ага, — даў згоду чалавек, які на працягу двух апошніх гадоў не сустракаўся ні з віном, ні з жанчынай. — І, калі ласка, сядайце сюды, бліжэй.
Валя прысела і працягнула яму руку:
— А чаму вы так афіцыйна ўсё “вы” і “вы”? Я — проста Валя.
— Чатыры Забойствы Сем Згвалтаванняў, — госць паўторна назваў свае прозвішча і імя.
— Э там, адразу — сем! — не паверыла Курапатка.
— Клянуся памяццю роднай маткі, якую сам, гэтымі вось рукамі прыкончыў у свавольныя гады маладосці! Не шэсць, не восем, а менавіта — сем. Пакуль што, — падміргнуў, заглядаючы нашаму скарбніку ў вочы.
— Хвалько, — засмяялася яна, але ў яе вачах зайгралі іскрынкі, якія часам гавораць больш, чым жанчына сама хоча сказаць. — Кажаш, гэтымі рукамі? — узяла інструмент злачынства ў свае далоні і пачала яго ўважліва разглядаць.
Мы тым часам паглыбіліся ў службовыя справы. Выбарчая кампанія ступала вялікімі крокамі, а нашы кандыдаты ўсё яшчэ заставаліся ў цяні як левых, так і правых канкурэнтаў. Хаця прагнозы не былі кепскія, а нават даходзілі да нас вельмі аптымістычныя весткі, лепей аднак хукаць на халоднае, чым потым франціць апечанымі пальцамі.
— Ой, я такая радая, — голас касіршы спыніў разважанні аб выбарчай стратэгіі. — Ці вы ведаеце? Ведаеце вы? — ад нечаканасці яна ўскочыла на ногі і з гэтай, вертыкальнай пазіцыі апавясціла нам радасную навіну: — Ён хоча ўступіць у нашу партыю!
Глянуўшы на расчырванелыя шчокі, на агонь, які неўтаймавальным полымем бушаваў у Валіных вачах, можна было адразу дадумацца, што наш госць займеў у ёй адданую, верную заступніцу.
— Вы хіба не разумееце... Наша партыя, гэта ж Партыя кучаравых...
— Пра што вы? Пра гэта во? — паказаў лысун на свой пабліскваючы чэрап і выскаліўся бессаромна. — Дзе лысы, а дзе і кучаравы. Статут не ўдакладняе.
— Статут мо і добра ведаеце. Аднак нам і бліжэй пазнаёміцца трэба, праверыць сябе... Палітыка — вялікая справа. Словам — усё ў свой час.
— Дакладна так. Трэба праверыць сябе і пазнаёміцца бліжэй, — Валя са здзіўляючай рашучасцю падтрымала прапанову. — Бяру гэты цяжар на сябе. А заўтра будзем працягваць размову.
Прыхапіўшы няпоўную бутэльку італьянскага віна, Валя і лысы кандыдат у Партыю кучаравых паплылі ў цёплы фіялет лета.
Так і стаіць мне ў вачах наша касірша: з лысым франтам пад ручкі, з пляшкай італьянскага віна ў далоні, а ўсё на фоне шаўкавістай летняй ночы...
Усякія пазнейшыя працэдуры, усе публікацыі ды росшукі не далі станоўчага выніку. Нават лепшыя празорцы, да якіх у той канчатковай роспачы звярнуліся мы па дапамогу, таксама развялі рукамі.
Партыя кучаравых адышла ў гісторыю. Забылі яе сябры і непрыяцелі, і толькі пан Нязгула, які ў падбеластоцкай псіхушцы паспеў перакваліфікавацца з адваката ў польнага гетмана, час ад часу пасылае нам інфармацыю пра дасягненні ў барацьбе з варварскай сербшчынай. З апошняга пісьма ведаем, што ён стрымлівае якраз вялікія варожыя сілы дзесьці пад Дубінамі. Стрымлівае мячом ды агнём і, дзякуючы ягонай адвазе, Гайнаўка спіць спакойна.
Смутная гісторыя з гадзіннікам фірмы “Патэк”
Пан Марцін Ціхапук меў у сваім жыцці адно вялікае хобі: ён ніколі не займаўся палітыкай. Шанаваў усіх, каму пашанцавала змагацца за агульнае дабро, аднолькавай ласкай абдорваў як права-, так і леваручных і мо толькі прэзідэнтаў любіў крыху мацней за іншых, менш выдатных змагароў. Аднак з поўнай адказнасцю за слова можна сказаць, што была гэтая любоў зусім платанічная. Ні суседзі, ні спецыяльныя службы ў сваіх рапартах адным нават словам не згадваюць пра блізкія адносіны між панам Марцінам і палітыкамі любой арыентацыі. Нат цётка Варвара, прагуляўшыся па шырокіх прасцягах сваёй памяці, вярнулася з пустымі рукамі. — Абсалютная tabula rasa! — сказала.
Читать дальше